Расія пачала павялічваць аб'ёмы паставак нафты ў Беларусь

З сённяшняга дня, 14 красавіка, пачалося павелічэнне аб'ёмаў паставак у Беларусь расійскай нафты, паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна "Белнафтахім".

dobycza_nefti_v_rossii.jpg

"У першым паўгоддзі расійскі бок паставіць у Беларусь увесь запытаны аб'ём нафты", — сказала прэс-сакратар канцэрна Марына Касцючэнка.

13 красавіка ў Маскве афіцыйны прадстаўнік кампаніі "Транснефць" Ігар Дзёмін паведаміў журналістам, што Расія паставіць у Беларусь у другім квартале 6 млн тон нафты, у трэцім і чацвёртым — па 7 млн. Усяго ў 2017 годзе будзе пастаўлена 24 млн тон нафты. У першым квартале пастаўлена 4 млн тон.

"Графік дадатковых паставак падпісаны. Заяўкі ад кампаній па прапампоўцы на Беларусь ужо паступалі на працягу гэтага дня. Цяпер ідзе праца па пераразмеркаванні рэсурсаў <...> з іншых напрамкаў", — дадаў Дзёмін.

Беларуска-расійская спрэчка па пастаўках нафты доўжылася больш за год і была ўвязана з коштам газу. З 2016 года Расія, згодна з дамоўленасцямі, павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года, аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя ў сувязі з запазычанасцю Мінска за расійскі газ.

3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбыліся перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным, па выніках якіх было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытанняў і пытанні ў нафтагазавай сферы будуць урэгуляваны на працягу 10 дзён — гэта значыць 13 красавіка.

13 красавіка Расія і Беларусь падпісалі пакет дакументаў аб урэгуляванні рознагалоссяў у нафтагазавай сферы, згодна з якімі Расія адновіць пастаўкі нафты ў аб'ёме 24 млн тон штогод з 2017 па 2024 гады і можа павялічыць пастаўкі з 2021 года.

У той жа дзень было заяўлена, што Мінск пагасіў запазычанасць перад "Газпромам" у памеры 726,2 млн долараў за пастаўкі расійскага газу ў 2016—2017 гадах. Пагашэнне доўгу было ўмовай уваходжання ў сілу новых дамоўленасцяў у энергетычнай сферы.

Марына Носава, БелаПАН