«Коммерсант»: Памер газавай скідкі Беларусі складзе менш за 20%
Памер скідкі Беларусі на расійскі газ складзе менш за 20%, паведамляе расійскае выданне "Коммерсант", спасылаючыся на свае крыніцы. Такім чынам, робіць выснову газета, страты "Газпрома" павінны апынуцца ў межах 490 млн долараў у год.
"Расія і Беларусь пасля ўмяшання прэзідэнтаў краін у самыя кароткія тэрміны зафіксавалі вырашэнне нафтагазавых спрэчак. Вырашэнне, як чакалася, апынулася ў цэлым на карысць Мінска — ён атрымаў скідку на газ і дазвол залічаць экспартныя пошліны з 6 млн тон нафты, якая пастаўляецца з РФ, у свой бюджэт, што дасць бюджэту Беларусі прыблізна 570 млн у год", — піша "Коммерсант".
Выданне нагадвае, што "ўчора Мінск пагасіў 726 млн доўгу за пастаўкі расійскага газу, назапашанага са студзеня 2016 года". Гэты плацеж, адзначае "Коммерсант", Беларусь "зрабіла пасля таго, як паводле вынікаў перамоў прэзідэнтаў ёй быў абяцаны новы расійскі крэдыт да 1 млрд, а таксама чарговы транш з фонду ЕўрАзЭс на 600 млн".
У выніку кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер і віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка падпісалі пратакол аб унясенні зменаў ва ўмовы пастаўкі газу ў 2018—2019 гадах, гэтыя змены прадугледжваюць скідку, якая будзе аформленая ўвядзеннем у дзейную формулу цаны паніжальнага каэфіцыента. Пры гэтым пастаўкі ў 2017 годзе будуць ажыццяўляцца без давання скідкі. Зараз цана газу для Беларусі складае прыблізна 130 долараў за 1 тыс. кубаметраў і разлічваецца ў доларах як рэгуляваная цана ФАС РФ для Ямала-Ненецкай АА плюс выдаткі "Газпрома" на транспартаванне, захоўванне і рэалізацыю на мясцовым рынку.
Як паведамляе "Коммерсант", беларускі бок падчас перамоў настойваў на цане ў 100 долараў за 1 тыс. кубаметраў. Для параўнання, у Смаленскай вобласці аптовая цана газу зараз складае 83,5 долара за 1 тыс. кубаметраў.
"Газпром" традыцыйна пастаўляе ў Беларусь прыкладна 18,7 млрд кубаметраў газу ў год. Калі скідка складзе 20% ад наяўнай цаны, выручка "Газпрама" на беларускім рынку можа знізіцца прыкладна на 490 млн у год, робіць выснову выданне. "Гэтыя страты для "Газпрома" ў цэлым былі непазбежныя, калі Расія мае намер пераходзіць у адносінах з Беларуссю на аднолькавыя прынцыпы цэнаўтварэння і ісці да адзінага газавага рынку", — лічыць расійскі эксперт Віталь Крукаў са Small Letters. На яго думку, пытанне толькі ў тым, як доўга "Газпром" зможа захоўваць прэмію пры пастаўках на рынак Беларусі ў параўнанні з расійскім, і ў велічыні гэтай прэміі.
Паводле БелаПАН