Расійскі «падатковы манеўр» прыцісне беларускія прыбыткі

Некаторыя эксперты прагназуюць, што пасля 2018 года з-за дзеянняў Расіі мы можам стаць сведкамі дэфіцыту аўтамабільнага паліва, рэзкага росту коштаў на яго і нават закрыцця нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

nafta_belarus.jpg

Фота: REUTERS Shamil Zhumatov

У 2017 годзе ў Расіі экспартная мыта на сырую нафту будзе паніжаная, а стаўка падатку на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ) павысіцца. Пасля 2018-га экспартная мыта на нафту наогул будзе зведзеная да нуля. Гэта можа пацягнуць цяжкія наступствы для бюджэту Беларусі.

Мыта не будзе, і стане горш

Міністэрства фінансаў Расіі ўжо некалькі гадоў прасовае ініцыятыву па правядзенні так званага "падатковага манеўру". Ён прадугледжвае, што экспартная мыта на расійскую нафту будзе паніжаная да нуля, але адначасова вырасце падатак на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ), які выплачваюць расійскія нафтаздабытчыкі. Мінфін РФ разлічвае правесці "падатковы манеўр" на працягу 2017-2018 гадоў, але расійскае Міністэрства энергетыкі прапаноўвае нічога не змяняць як мінімум да 2020 году. Канчатковае рашэнне пакуль не прынята.

"Камерсант" прыводзіць разлікі Міністэрства энергетыкі, згодна якім у выніку "падатковага манеўру" Беларусь пазбавіцца прыкладна 1,6 млрд. долараў штогод. Справа ў тым, што сёння Беларусь атрымлівае нафту бязмытна. І нават пры скарачэнні паставак нафты ў 2016 годзе з-за "газавага канфлікту" экспарт нафтапрадуктаў, выпрацаваных з бязмытнай расійскай нафты, па-ранейшаму забяспечвае вельмі істотную долю паступленняў у бюджэт РБ.

Аднак пры абнуленні нафтавай мыты пры адначасовым росце ПЗКВ кошты на сырую нафту для беларускіх НПЗ прыкметна вырастуць. У сваіх разліках эксперты расійскага Мінэнерга зыходзілі з кошту на нафту ў $40 за барэль і курс 64,8 расійскіх рублёў за долар.

Дарэчы, расійскім удзельнікам рынка будзе не лягчэй. Па ацэнках, з-за абнулення мыт маржа перапрацоўкі ў сярэднім можа знізіцца з 2,7 тыс. руб. на тону да 1 тыс. руб. Гэта прывядзе да падзення аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі на 20% і недахопу паліва, а можа нават і да закрыцця шэрагу расійскіх НПЗ.

Само Мінэнерга чакае "аднамомантнага паніжэння аб'ёмаў перапрацоўкі" нафты ў аб'ёме да 60 млн тон. Як вынік, скароціцца выпуск паліва (бензінаў — на 6 млн т, дызельнага паліва— на 14 млн тон), што, ў сваю чаргу, прывядзе да дэфіцыту нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку і сацыяльных праблем як з-за росту коштаў на паліва, так і з-за таго, што нафтавым кампаніям прыйдзецца закрыць нерэнтабельныя НПЗ. Аднак урад Расіі ўжо цяпер распрацоўвае кампенсацыйныя меры для расійскіх удзельнікаў рынка. Імі могуць быць, напрыклад, так званыя "адмоўныя акцызы".

Цалкам верагодна, што аналагічных кампенсацыйных мер ад Масквы можа запатрабаваць і афіцыйны Мінск. Аднак зразумела, што гэта будзе, мякка кажучы, праблематычна зрабіць да таго часу, пакуль не ўрэгуляваны распачаты ўвесну 2016-га "нафтагазавы канфлікт". А ён, як мы ведаем, плаўна перацёк у наступіўшы год — разам са зніжэннем "у пакаранне" паставак у Беларусь расійскай бязмытнай нафты.

"Расійскі "падатковы манеўр", вядома, закране пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, што адаб'ецца на беларускім бюджэце. Але асноўная спрэчка паміж Мінскам і Масквой ідзе за стварэнне агульнага рынка газу, нафты і нафтапрадуктаў. Пакуль гаворка ідзе пра 2025 год, што не задавальняе беларускі бок, — сказаў у каментары для "Новага Часу" Зміцер Балкунец, эксперт Вышэйшай школы эканомікі (Масква). — Адкладванне стварэння агульнага энергетычнага рынка па ключавым для Беларусі пытанні ўносіць дысбаланс у саму ідэю агульнага рынка ў рамках ЕАЭС. Падобнае развіццё сітуацыі закладвае істотныя рызыкі ў будучыню інтэграцыйнага саюза.

Аднак прагноз расійскага Міністэрства энергетыкі, які абмяркоўваецца цяпер, датычыцца не толькі Беларусі, але і расійскага нафтавага рынка. Я не бачу тут нейкага адмысловага падвоху ў адрас Мінска. Да таго ж дадзены падатковы манеўр быў запушчаны некалькі гадоў назад, і пра яго было добра вядома".

Ведалі, але не рыхтаваліся

Сапраўды, пра запланаванае ў Расіі рэзкае падвышэнне падатку на здабычу карысных выкапняў пры абнуленні экспартнай мыты стала вядома яшчэ ў верасні 2014 году. Ужо тады стала зразумела, што расійская нафта для беларускіх НПЗ значна падаражэе. І, што цікава, беларускі бок тады адразу запатрабаваў кампенсаваць яму магчымыя страты.

Яшчэ 18 верасня 2014 году, калі першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Семашка сустракаўся са сваім расійскім калегам віцэ-прэм'ерам Аркадзем Дварковічам, абмяркоўвалася як раз тэма наступстваў "падатковага манеўру" для Беларусі. Тады, па неафіцыйных дадзеных, віцэ-прэм'ерам не атрымалася знайсці рашэнні, якія бы задаволілі абодва бакі.

Аднак у далейшым наш урад чамусьці перастаў уздымаць пытанне аб кампенсацыях. Магчыма, таму што Расія ад пачатку 2015 году пагадзілася пакідаць 1,5 млрд. долараў нафтавых мыт у беларускім бюджэце.

Між тым, адзін з чыннікаў правядзення Расіяй "падатковага манеўру" — імкненне пазбегнуць шматмільярдных фінансавых страт, звязаных з выключэннем мыт з гандлёвага рэжыму Еўразійскага эканамічнага саюза. Хаця фармальная падстава для такога манеўру — "пераразмеркаванне падатковай нагрузкі ў рамках нафтавай прамысловасці".

Калі Расія на самой справе правядзе "падатковы манеўр" у 2017-2018 гадах, беларускаму ўраду прыйдзецца пайсці або на рэзкае падвышэнне коштаў на нафтапрадукты на ўнутраным рынку, або на паніжэнне прыбыткаў нафтаперапрацоўчых заводаў. У першым выпадку ўлады атрымаюць прыкметную сацыяльную незадаволенасць. У другім — значна скароцяцца паступленні ў бюджэт, а кампенсаваць іх падаткамі з насельніцтва на фоне падаючых прыбыткаў — праблематычна.

"Падатковы манеўр у расійскай нафтавай галіне непазбежны, пытанне толькі ў канкрэтных тэрмінах яго правядзення. Так што беларускаму кіраўніцтву варта прызвычайвацца да думкі, што далей прыйдзецца жыць без звышпрыбыткаў ад нафтаперапрацоўкі, — кажа эканамічны эксперт Андрэй Аксёнаў. — Уласна, тое ж самае ў іншай форме павінна было адбыцца ў 2025 годзе, калі ў ЕАЭС было запланавана стварыць адзіныя рынкі нафты і газу. Яны таксама прадугледжваюць адсутнасць мыт у межах Еўразійскага Саюза.

Вядома, калі беларускі ўрад вельмі пастараецца, то фатальнага падзення прыбыткаў ад нафтаперапрацоўкі не адбудзецца. Для гэтага прыйдзецца правесці новую мадэрнізацыю НПЗ, а таксама дамовіцца аб альтэрнатыўных пастаўках нафты. Напрыклад, з Азербайджана, — балазе, падобны досвед ужо маецца. Ёсць магчымасць зноў запусціць прапампоўку азербайджанскай нафты праз Украіну па трубе Адэса-Броды ў рэверсным рэжыме".

Па меркаванні эксперта, у выпадку зусім ужо сур'ёзнага абвастрэння адносін з Масквой Беларусь можа закупляць нафту на сусветных рынках з пастаўкай праз тэрміналы ў партах Літвы. Магчымыя і больш экзатычныя варыянты. Напрыклад, цяпер Лукашэнка адпраўляецца з афіцыйным візітам у Егіпет і Судан. А у Судане здабываецца вялікая колькасць нафты — але далёка не ўсе сусветныя гульцы гатовыя мець справу з краінай, у якой ідзе грамадзянская вайна і адбываюцца масавыя рэпрэсіі. Беларускі жа рэжым у гэтым плане зусім не патрабавальны, а за пастаўкі нафты можа расплачвацца зброяй, боепрыпасамі ды вайсковай амуніцыяй.

"Але гэта ўсе тактычныя варыянты. У стратэгічным жа плане, каб не аказацца краінай-банкрутам, трэба вырабляць на экспарт уласны высокатэхналагічны прадукт. Напрыклад, тую жа нафту перапрацоўваць не ў маторнае паліва, а ў прадукты "складанай" нафтахіміі. У гэтай сферы норма прыбытку можа складаць і 1000%, але запатрабуюцца значныя інвестыцыі ў сучасныя вытворчасці. Аднак няма альтэрнатывы вытворчасці тавараў з высокім дададзеным коштам. Калійная соль або лясная галіна ўжо не дапамогуць падняць экспарт", — рэзюмуе Андрэй Аксёнаў.