Што рабіць беларусам з еўра?

Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб дае парады адносна таго, што рабіць беларусам з еўрапейскай валютай на фоне крызісу ў Грэцыі.



img_news_302168_id6162.jpg

Вадзім Іосуб

Краіны еўразоны прадаставілі Грэцыі тэрмін да 9 ліпеня для таго, каб выйсці з новымі прапановамі, неабходнымі для пагаднення з крэдыторамі.

Наступны саміт ЕС будзе скліканы ў нядзелю, на якім збяруцца лідары ўсіх 28 краін, якія ўваходзяць ў Еўрасаюз.

Прэзідэнт Еўрапейскага савета Дональд Туск заявіў, што надышоў самы адказны момант ў гісторыі еўразоны.

Вадзім Іосуб: Тым, у каго на руках няма еўра, зараз не раіў бы і купляць. Калі ж у кагосьці маюцца зберажанні ў еўрапейскай валюце, мяркую, рабіць з ёй нешта ўжо позна. Пазбаўляцца ад еўра трэба было яшчэ раней. І, як бы не вырашылася пытанне з Грэцыяй, у бліжэйшай будучыні еўра ў адносінах да долара застанецца ў тым дыяпазоне, у якім знаходзіцца з пачатку гэтага года — 1,05–1,15 долара за еўра. Наўрад ці з гэтых межаў еўрапейская валюта выйдзе. Таму зараз з еўразберажэннямі можна нічога не прадпрымаць. Калі і адбудзецца падзенне еўра, то наўрад ці яно будзе вельмі моцным.

РР: Ваш прагноз адносна сітуацыі ў Грэцыі? Ці застанецца гэтая краіна ў еўразоне?

Вадзім Іосуб: Мяркую, тут рабіць нейкія прагнозы проста немагчыма, бо і Грэцыя, і Еўразвяз, і МВФ вядуць сябе даволі мітусліва. Складваецца ўражанне, што самі бакі яшчэ не ведаюць рэальных жаданняў, якія хочуць і могуць рэалізаваць. Грэцыя хоча не плаціць за даўгі, Еўразвяз жадае неадкладных рэформаў. Абодва жаданні нерэалістычныя, а таму невядома, якім будзе кампраміс.

РР: Якія ўрокі Беларусь можа зрабіць для сябе з таго, што зараз адбываецца ў Грэцыі?

Вадзім Іосуб: Першы ўрок — жыць трэба па сродках. На прыкладзе Грэцыі мы бачым, што гэта не абстрактнае паняцце. Другі — грэчаскі крызіс паказвае, што вечна ў доўг жыць нельга. А гэта, дарэчы, і ёсць эканамічная мадэль існавання Беларусі ў апошнія гады, калі мы берамо новыя крэдыты, каб аддаць старыя. Добра, калі гэта атрымліваецца, але можа наступіць момант, калі такіх магчымасцей і не стане. У такім выпадку краіна можа сутыкнуцца з жорсткім шокам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя