Што агульнага ў Беларусі з Грэцыяй?
У Грэцыі працавала мадэль «беларускага эканамічнага цуду», і працавала даволі працяглы час. Як і Беларусь, грэкі не збіраліся праводзіць структурныя рэформы, на якія выдаваліся грошы, а працягвалі жыць на шырокую нагу.
Увесь мінулы тыдзень прайшоў «пад знакам Грэцыі». Краіна на рэферэндуме адмовілася выплачваць выдадзеныя ёй раней пазыкі. У сувязі з гэтым у ЕС паўстала пытанне, што рабіць з грэкамі далей: ці павінна такая краіна быць у ЕС.
Чаму Грэцыя назапасіла такія даўгі перад знешнімі крэдыторамі? Як ні дзіўна, у Грэцыі працавала мадэль «беларускага эканамічнага цуду», і працавала даволі працяглы час. Грэцыя ўступіла ў еўразону ў 1 студзеня 2001 года. Разам з гэтым яна атрымала доступ да лёгкіх крэдытных рэсурсаў. Але гэтыя крэдыты краіна накіроўвала не на развіццё, а на добрае жыццё. За чужы кошт там пабудавалі «сацыяльна арыентаваную дзяржаву».
У краіне хапала кур’ёзных надбавак і субсыдый. Напрыклад, ніхто не кантраляваў медыцынскія ільготы. У выніку з’явілася шмат «невідушчых», якія атрымлівалі грошы за інваліднасць па зроку, і ў той жа час працавалі таксістамі. Некаторыя дзяржаўныя ўстановы ўсталявалі надбаўку служачым за тое, што яны своечасова прыходзяць на працу! А ў некаторых дзяржустановах надбаўка давалася тым, хто самастойна рабіў ксеракопію дакументаў.
Пераезд чыноўніка з паверха на паверх у будынку аплачваўся як паўнавартасны пераезд у іншы будынак — з транспартнымі выдаткамі і аплатай грузчыкаў. Больш за тое, чыноўніку яшчэ і даплачвалі за нязручнасці!
Зразумела, у такой краіне, калі грошы можна атрымаць з паветра, нармальна ніхто не працаваў. Мой знаёмы ў адпачынку ў Грэцыі паехаў на экскурсію, і ў іх зламаўся аўтобус. Справа была пад вечар, і людзям хацелася ў гатэль. Новага аўтобуса чакаць было паўтары гадзіны, і таму турысты выклікалі таксоўкі. На шматлікія выклікі прыехала адна (!) машына, грэк-кіроўца паглядзеў на турыстаў, нешта сабе пад нос прабурчэў, развярнуўся, і з’ехаў. Без кліентаў, пусты! На пытанне турыстаў, «што гэта было?» перакладчык сказаў: «Вы яму не спадабаліся».
Прыкладна так і працавала ўся краіна. Навошта працаваць, калі ўсё дадуць «за так»?
Гэтая сацыяльная халява магла скончыцца ў 2008 годзе, калі грымнуў сусветны эканамічны крызіс. Грэцыя апынулася ў першых яго шэрагах і ўзвыла: «Дайце грошай!»
Добранькія МВФ разам з Еўрасаюзам далі грошы — гады чатыры таму Еўрапейскі банк і МВФ на мадэрнізацыю інфраструктуры і структурныя рэформы ў эканоміцы далі краіне ў агульным 240 мільярдаў еўра. Памятаеце, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што калі б Беларусі далі хаця б палову «грэчаскіх крэдытаў», то ў нас была б не краіна, а цукерка?
Добра, што не далі, а тое б і мы зараз былі ў сітуацыі Грэцыі. Таму што, як і Беларусь, грэкі не збіраліся праводзіць тыя самыя «структурныя рэформы», на якія выдаваліся грошы, а працягвалі жыць на шырокую нагу. Калі ж надышоў час гэтыя грошы аддаваць, краіна апынулася банкрутам. Знешні доўг Грэцыі складае каля 350 мільярдаў еўра, альбо 185% ВУП.
У чым розніца і падабенства Беларусі і Грэцыі? Падабенства ў тым, што і там, і там выбудаваная «сацыяльная дзяржава» на чужыя грошы. Праз расійскія датацыі і «нафтавы афшор», «газ у абмен на пацалункі» ды іншыя прывілеі Беларусь здолела часова стварыць «сацыяльную дзяржаву для народа». Але ўсё добрае калі-небудзь заканчваецца, скончыўся і гэты ільготны перыяд. А Беларусь, як і Грэцыя, не выконвала ўмовы крэдытавання. Напрыклад, узяты на «структурныя рэформы» крэдыт stand-by у МВФ у 2009 годзе пайшоў на «подкуп выбарцаў». За ім грымнуў крызіс 2011 года, і Беларусь узяла новы крэдыт у Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС пад абавязальніцтва прыватызаваць дзяржуласнасць на $2,5 мільярда штогод. І гэтыя абяцанкі засталіся не выкананымі.
Розніца паміж Беларуссю і Грэцыяй у тым, што мы пакуль спраўна сплачваем сваю запазычанасць. З крэдытам МВФ 2009 года мы ўжо разлічыліся, хоць і з цяжкасцю. З гэтага вынікае нашая надзея ўзяць грошы ў МВФ яшчэ раз — з 15 ліпеня эксперты фонду будуць працаваць у сінявокай, каб ацаніць мэтазгоднасць выдзялення новых грошай. А вось з крэдытам АКФ ЕўрАзЭс праблема — яго давядзецца рэструктурызаваць. Тым больш, што правапераемнік гэтага фонду — Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — пакуль што не ўзгадніў з уладамі сінявокай новага стабілізацыйнага крэдыту Мінску.
Розніца яшчэ і ў тым, што беларусы звыклі зацягваць паясы — у нас няма такой колькасці ільготаў насельніцтву, як у Грэцыі. Але наўрад ці можна сказаць, што ў нас няма і неабгрунтаваных затратаў.
І яшчэ пра пазыкі. Валавы знешні доўг Беларусі на 1 студзеня 2015 года склаў 40 мільярдаў 61 мільён 400 тысяч долараў ЗША, або 52,8% ВУП. Альбо $4 225,4 на душу насельніцтва, уключаючы немаўлят і пенсіянераў. Між тым, мы працягваем дамагацца новых крэдытаў, і зусім не гатовыя пачынаць тыя самыя структурныя рэформы ў эканоміцы.
Па сутнасці, пытанне толькі адно: як доўга працягне краіна без рэформаў? Бо без іх «грэчаскі сцэнар» — толькі справа часу.