Грошай не будзе: Беларусь не атрымала крэдыт

Беларусь вельмі разлічвала на новы крэдыт ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) — так цяпер завецца былы Антыкрызісны фонд (АКФ) Еўразійскага эканамічнага саюза. Аднак дарэмна.



kredyt_2307.jpg

 Калі грошы ад гэтай структуры могуць прыйсці ў нашу краіну, сказаць не адважваюцца нават спецыялісты.

Заяўка Беларусі на гэты крэдыт разглядалася 3 лістапада ў Маскве. Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што афіцыйныя СМІ адпаведную інфармацыю праігнаравалі. Бо ганарыцца няма чым. Па выніках пасяджэння савета ЕФСР стала вядома, што пытанне выдзялення сродкаў Беларусі падвесілі, хоць запыты іншых дзяржаваў былі задаволены. Так, Арменія атрымае 40 мільёнаў долараў, а Кыргызстан — 100 мільёнаў. А вось што тычыцца нас, то тут прынята рашэнне “працягнуць работу па падрыхтоўцы заключэння па дадзеным пытанні”. Што гэта азначае, сказаць цяжка.

Заяўку на атрыманне крэдыту ад ЕФСР афіцыйны Мінск падаў яшчэ ў сакавіку бягучага года, а ўжо ў маі прайшлі перамовы эканамістаў праектнай групы фонду з высокімі чыноўнікамі Беларусі адносна новай крэдытнай праграмы. Кіраўніцтва Еўразійскага банка развіцця, які распараджаецца сродкамі фонду, абяцала, што беларуская заяўка на грошы мае быць разгледжана да канца першага паўгоддзя. Тым не менш, Беларусь грошай так і не атрымала.

На думку былога кіраўніка Нацбанка Беларусі доктара эканамічных навук прафесара Станіслава Багданкевіча, гэта адбылося таму, што наша краіна не выканала абумоўленыя раней дамоўленасці адносна папярэдняга крэдыту АКФ. “Нават апошні, шосты, транш у 400 мільёнаў долараў гэтага крэдыту мы не атрымалі таму, што не выканалі мерапрыемствы ў плане інфляцыі, прыватызацыі і рэформаў. Дарэчы, ЕФСР заняў пазіцыю, аналагічную з пазіцыяй Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), зрабіўшы выснову, што рэформы ў Беларусі ўсё ж неабходныя. А вось Аляксандр Лукашэнка перакананы, што тутэйшая мадэль — найлепшая ў свеце, таму ніякія рэформа ўвогуле не патрэбныя”, — адзначае экс-банкір.

У сваю чаргу, старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іасуб лічыць, што прычынаю адмовы ў прадастаўленні сродкаў стала неканчатковае ўзгадненне эканамічных умоваў прадастаўлення гэтага крэдыту. “Хаця не выключана, што тут могуць мець месца нейкія няяўныя патрабаванні з боку Расіі. Пакуль бакі не дасягнулі пагаднення, таму і маем мы беларускую заяўку на крэдыт у падвешаным стане”, — кажа суразмоўца.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі звяртае ўвагу на тую акалічнасць, што ў ЕФСР дамінуе Расія. Беларускія ж улады яшчэ некалькі гадоў таму абяцалі “цесную інтэграцыю” некаторых сваіх прадпрыемстваў з расійскімі. “Фактычна, кіраўніцтва Беларусі пагаджалася прадаць расіянам пяць буйных прадпрыемстваў — Мінскі завод колавых цягачоў, МАЗ, “Гродна-азот”, “Інтэграл” і “Пеленг”. Але нічога гэтага дагэтуль не зроблена. Таму адтэрміноўка ў прадастаўленні крэдыту можа быць звязана са спробаю Масквы ўчыніць ціск на беларускае кіраўніцтва дзеля рэалізацыі дамовы аб інтэграцыі гэтых прадпрыемстваў”, — не выключае эксперт.

І яшчэ адно пытанне — якім можа быць запытаны ў ЕФСР Беларуссю крэдыт. Вадзім Іосуб не выключае, што памер сродкаў мае быць не менш таго, што афіцыйны Мінск можа чакаць ад Міжнароднага валютнага фонду, а гэта ў раёне 3 мільярдаў долараў. “Але трэба прасіць як мага больш, па максімуму, хоць беларускі бок будзе рады атрымаць любую суму”, — мяркуе фінансавы аналітык. Тут варта прыгадаць словы міністра фінансаў Уладзіміра Амарына, які адказаў на пытанне пра меркаваны памер крэдыту наступным чынам: калі атрымаем, тады і ўбачым, якога памеру будзе гэты крэдыт.

У сваю чаргу, Станіслаў Багданкевіч падкрэслівае, што крэдыт нам вельмі неабходны. Але новыя займанні — не панацэя. “Трэба падымаць заснулую мярцвяцкім сном эканоміку. Рабочыя не працуюць, маркетоўцы і кіраўнікі адпачываюць, замест таго, каб дзень і ноч шукаць шляхі выхаду з крызісу, шляхі зніжэння сабекошту, меры па інавацыях і гэтак далей. Усе чакаюць, што ў Расіі пачнецца ажыўленне эканомікі, і яна пачне плаціць”, — адзначае эканаміст.

Але і на Міжнародны валютны фонд Беларусі разлічваць не трэба, кажа ён. “Найбліжэйшым часам МВФ крэдыты нам не дасць, бо беларускія ўлады занадта запусцілі эканоміку. І нават калі МВФ будзе даваць нейкія сродкі, то толькі малымі дозамі і пад канкрэтныя рэформы, бо фонд ужо мае адмоўны досвед дачыненняў з Беларуссю”, — падкрэслівае былы старшыня праўлення Нацыянальнага банка.

Але бяда ў тым, што самы высокі беларускі чыноўнік, ад якога залежыць усё ў нашай дзяржаве, насамрэч перакананы, што тутэйшая мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця з’яўляецца ледзь не самай лепшай у свеце. І яшчэ праблема ў тым, што нават тыя сродкі, якія Беларусь атрымлівае з замежжа, не ідуць на інавацыі і рэформы, а на пагашэнне ранейшых крэдытаў і на праяданне. Сёлета, нават у год прэзідэнцкіх выбараў, сітуацыя склалася такая, што ўлада не мае больш рэсурсаў, каб падкарміць электарат. Колькі гатовы трымацца паспаліты люд? Добрае пытанне. Але пакуль без адказу.