Банкам прапануюць кампенсоўваць урон, прычынены ў выніку крадзяжу з картак

Следчым камітэтам Беларусі падагульненыя вынікі расследавання крымінальных спраў аб крадзяжах грашовых сродкаў з рахункаў, да якіх выпушчаныя банкаўскія карткі.

 



7883.jpg

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК, устаноўлены шэраг аналагічных выпадкаў, у кожным з якіх картка не выходзіла з карыстання кліента, яе рэквізіты і пін-код нікому не перадаваліся, уладальнік карты не праводзіў аперацый з ёю (у тым ліку праз розныя рэсурсы інтэрнэта), а грошы з рахунку выкрадзеныя.


Як правіла, у рамках такіх крымінальных спраў грамадзяне прызнаюцца пацярпелымі, бо прычынены ўрон іх маёмасным інтарэсам. Пры гэтым, нягледзячы на адсутнасць віны пацярпелага, некаторыя беларускія банкі не кампенсуюць прычынены грамадзянам урон. Сваё рашэнне яны матывуюць тым, што ў адпаведнасці з заканадаўствам і лакальнымі нарматыўнымі актамі банкаў урон, прычынены пацярпеламу трэцімі асобамі, не падлягае кампенсаванню банкам, — гаворыцца ў паведамленні.


У сувязі з гэтым СК прапаноўвае банкам і банкаўскім установам правесці сумесныя кансультацыі, накіраваныя на аднастайнае вырашэнне сітуацый, звязаных з прычыненнем урону кліентам. Прапаноўваецца таксама распрацаваць нарматыўны прававы акт, які абавязвае беларускія банкаўскія ўстановы пры адсутнасці віны трымальніка банкаўскай карткі кампенсаваць яму ўрон, прычынены ў выніку крадзяжу, учыненага іншай асобай. Аналагічныя палажэнні ўтрымлівае і міжнародная практыка, у тым ліку Расійскай Федэрацыі, ЗША і іншых дзяржаў.


У СК упэўненыя, што прыняцце такога акта дазволіць павысіць узровень даверу насельніцтва да банкаўскай сістэмы, прыняць дадатковыя меры па забеспячэнні абароны ўласнасці і правоў грамадзян у выглядзе гарантаванага вяртання выкрадзеных грашовых сродкаў, павысіць фінансавую пісьменнасць людзей і даступнасць фінансавых і плацежных інструментаў для іх, будзе спрыяць развіццю ў краіне сістэмы безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах з выкарыстаннем сучасных электронных плацежных інструментаў і сродкаў плацяжу. 

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН