Стартаваў ІІІ Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва
У Беларусі стартаваў Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва. Мерапрыемства праводзіцца ўжо трэці раз і становіцца традыцыйный і чаканай падзеяй у дзелавым жыцці Беларусі.
З 22 лютага па 3 сакавіка запланавана больш за 70 розных мерапрыемстваў, якімі будзе ахопленая ўся краіна: сталіца і рэгіёны. Гэта семінары, прэс-канферэнцыі, круглыя сталы, пасяджэнні, трэнінгі, майстар-класы, дзелавыя сняданкі, выставы, канцэрты і г. д.
Першымі мерапрыемствамі ў Тыдні сталі прэс-канферэнцыя «III-ы Тыдзень беларускага прадпрымальніцтва» і канферэнцыя «Вядзенне бізнесу -2018». Акрамя таго, удзельнікаў чакаюць:- семінары «Падрыхтоўка гадавога бізнес-плана прадпрыемства (арганізацыі)», «Беларусь на карце міжнароднага франчайзінгу», «Узаемаадносіны гандлю і вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі», «Аб развіцці дзяржаўна-прыватнага дыялогу ў краінах Усходняга партнёрства»,- дзелавы сняданак на тэму: «Міжнародны фінансавы цэнтр «Астана»: вядзенне бізнесу па англійскаму праву»,- круглы стол «Рэспубліка Беларусь і еўразійская інтэграцыя: дыялог улады, навукі і бізнесу»,- пасяджэнне Савета Рэспублікі Беларусь па развіцці прадпрымальніцтва «Удасканаленне падатковага заканадаўства»,- майстар-клас Наталлі Берташ «Асабісты брэнд прадпрымальніка як інструмент павышэння эфектыўнасці бізнесу»,- бізнес-лекцыя «Асаблівасці і арганізацыя тэндэрных бізнес-працэсаў у РФ»,- экспертная сустрэча «Сацыяльнае прадпрымальніцтва і карпаратыўная сацыяльная адказнасць — падабенства і адрозненне ў падыходах да вырашэння сацыяльных праблем»,- абмеркаванне праекта «Дзіцячы пакой як умова для развіцця жаночага прадпрымальніцтва» і многія іншыя.
Мерапрыемствы разлічаны на шырокую аўдыторыю ад школьнікаў да прадстаўнікоў буйнога бізнесу.
Немагчыма дакладна падлічыць, колькі людзей возьме ўдзел у Тыдні, але ўжо цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што іх будзе за некалькі тысяч чалавек.
На працягу Тыдня пройдзе некалькі акцый. Першая з іх — «Падары кнігу бібліятэцы», падчас якой кожны чалавек у любым рэгіёне краіны можа папоўніць бібліятэчны фонд любой бібліятэкі. Кнігі, сабраныя ў Мінску да 23 лютага, будуць урачыста ўручаны Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 1 сакавіка падчас правядзення XIX Асамблеі дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь.
Акцыя «Прадпрымальнікі пра прадпрымальніцтва» пройдзе па ўсёй Беларусі ў панядзелак, 26 лютага. Гэтае мерапрыемства праводзіцца ў аўдыторыях розных навучальных устаноў краіны і разлічана ў першую чаргу на моладзь. Падчас яго кіраўнікі прадпрыемстваў падзеляцца са школьнікамі і студэнтамі сваім вопытам паспяховага вядзення бізнесу і прыадкрыюць сакрэты тактыкі працы на вынік.
У аўторак, 27 лютага, праводзіцца акцыя «Дэманструем свой бізнес». У гэты дзень моладзь зможа наведаць вытворчыя прадпрыемствы, офісы, банкі, крамы, аб'екты грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання і ўбачыць вядзенне бізнесу «знутры».
Прыемным дадаткам праграмы «Тыдня беларускага прадпрымальніцтва» з'яўляюцца культурна-асветніцкія мерапрыемствы. Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры» правядзе некалькі выстаў: размаляваных пляжных ракетак, жывапісных твораў Дыяны Каласовіч, вышытых карцін. У Доме Дружбы адбудзецца вечар таджыкскай літаратуры і мерапрыемства, прысвечанае 140-годдзю руска-турэцкай вайны. Джаз-клуб Яўгена Уладзімірава & Уладзіміра Карагіна правядзе два канцэрты: «Легенды амерыканскага джаза Майк Расэл» і ЕФуасі Абдул-Халіг з прэм'ерай «Шэдэўры Джаза ХХ-ХХI стагоддзя».
Па словах выканаўчага дырэктара Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Кацярыны Мікуцкай, «мэта ўсіх мерапрыемстваў Тыдня — пошук і прасоўванне новых бізнес-ідэй у Беларусі, усталяванне дзелавых кантактаў, пошук інвестараў для рэалізацыі бізнес-планаў пачаткоўцаў прадпрымальнікаў, уцягванне Беларусі ў міжнародныя прадпрымальніцкія праекты, а таксама развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства».
Галоўным мерапрыемствам Тыдня стане XIX Асамблея дзелавых колаў «Ад магчымасцяў да рэальнасці», якая адбудзецца 1 сакавіка ў 12.00 (рэгістрацыя з 11.00) у зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У 2018 годзе яна будзе складацца з двух пленарных пасяджэнняў, прысвечаных двум знакавым дакументам, прынятым у мінулым годзе. Першы прысвечаны аптымізацыі дзелавога клімату ў краіне (Дэкрэт кіраўніка краіны №7 ад 2017/11/23 г. «Аб развіцці прадпрымальніцтва»), другі — лічбавай трансфармацыі бізнесу і эканомікі Беларусі (Дэкрэт №8 ад 2017/12/22 г. «Аб развіцці лічбавай эканомікі»). Затым праца Асамблеі працягнецца ў фармаце круглых сталоў: «Перспектывы развіцця бізнесу ў кантэксце лічбавай трансфармацыі эканомікі», «Пашырэнне гарызонту міжнародных сувязяў, бізнесу Беларусі, дзелавое партнёрства: інвестыцыйная актыўнасць і экспартная арыентацыя» і «Развіццё прадпрымальніцтва і дзелавой ініцыятывы ў рэгіёнах Беларусі».
Таксама на Асамблеі будзе прадстаўлены праект Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі 2018. «Ад магчымасцяў да рэальнасці» — дакумента, які штогод выдаецца з 2006 года і дазваляе эфектыўна весці дыялог бізнесу і ўлады. Гэты дакумент рыхтаваўся і абмяркоўваўся на пасяджэннях рабочых груп, грамадска-кансультатыўных саветаў пры міністэрствах і ведамствах з мэтай выяўлення і аналізу праблем, якія замінаюць эфектыўнаму вядзенню бізнесу з-за недасканаласці заканадаўчай базы. Гатовы праект Платформы змяшчае прапановы па паляпшэнню дзелавога клімату ў краіне і аптымізацыі заканадаўства ў сферы бізнесу, прапануе канкрэтныя шляхі вырашэння наяўных праблем.
«Заключны этап па стварэнні Платформы 2018 пачнецца адразу пасля Асамблеі дзелавых колаў Рэспублікі Беларусь і завершыцца ў канцы сакавіка. Усе канструктыўныя ідэі, думкі і прапановы будуць улічаныя і выкарыстаны пры падрыхтоўцы канчатковага тэксту Платформы, які будзе перададзены кіраўнікам усіх міністэрстваў і ведамстваў, рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, — кажа Старшыня Вышэйшага Каардынацыйнага Савета Уладзімір Карагін. — Такім чынам, вы зробіце свой прамы ўнёсак у распрацоўку дакумента, які штогод аказвае непасрэдны ўплыў на стан бізнес-клімату ў нашай краіне».
У 2018 годзе сярод гасцей на Асамблеі будуць прысутнічаць кіраўнікі вышэйшага звяна ўлады, прадстаўнікі дзяржорганаў, дыпмісій, прадстаўнікі бізнесу, вышэйшых навучальных устаноў, Акадэміі навук, рэспубліканскіх, рэгіянальных і галіновых аб'яднанняў прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, кіраўнікі цэнтраў падтрымкі прадпрымальнікаў, навуковых і аналітычных цэнтраў, міжнародных і айчынных эканамічных і фінансавых арганізацый і банкаў, прадстаўнікі замежных арганізацый.
На працягу ўсяго Тыдня будуць праходзіць кансультацыі бізнес-інавацыйнага цэнтра «EEN Belarus», FMR Цэнтр Бізнес развіцця, Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, індывідуальныя кансультацыі па працы з Кітаем.
Больш падрабязную інфармацыю аб раскладзе Трэцяга Тыдня беларускага прадпрымальніцтва, умовах акрэдытацыі і ўдзелу ў мерапрыемствах можна атрымаць на сайце СЮА «РКП» па адрасе: www.rce.by.
Арганізатары Трэцяга Тыдня беларускага прадпрымальніцтва СЮА «Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва», ГА «Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў», Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Паводле прэс-рэлізу