У сілавікоў «супердоступ» — і новая нагода выклікаць людзей на размову

З 1 сакавіка сілавікі кругласутачна могуць блакаваць на тэрмін да 10 дзён практычна любы грашовы перавод. З чым сутыкнуліся людзі за гэты месяц?

_hroszy___bank___infljacyja___depazit__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра тое, як сілавікі запрашаюць беларусаў на размовы пасля таго, як яны атрымалі кругласутачны супердоступ да плацяжоў людзей, піша «Люстэрка».

«Прадстаўнікі праваахоўных структур выклікаюць на „гутарку“, спіс пытанняў стандартны: прозвішча, імя, адрас, месца працы, ці былі аперацыі з крыптавалютамі, якія плацяжы/пераводы мелі месца», — расказваюць аўтары тэлеграм-канал Tax V&M, які піша ў тым ліку пра падаткі.

 

Каротка пра тое, што за «супердоступ» атрымалі сілавікі

Нагадаем, з 1 сакавіка сілавікі — супрацоўнікі пракуратуры, дзяржбяспекі, унутраных справаў, Следчага камітэта і Аператыўна-аналітычнага цэнтра — атрымалі пашыраны доступ да плацяжоў беларусаў. На іх патрабаванне банкі могуць прыпыняць на тэрмін да 10 сутак аперацыі па рахунку, укладзе, электронным кашальку. Гэта магчыма, калі ў праваахоўнікаў будуць звесткі (ці толькі падазрэнні) наконт «супрацьпраўных дзеянняў». Узаемадзеянне банкаў і сілавікоў праходзіць праз аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі інцыдэнтаў (АСАІ).

На фоне гэтага сілавікі пачалі выклікаць беларусаў на «гутаркі». «Апошнім часам у Беларусі назіраецца ўзмацненне кантролю над аперацыямі з крыптавалютамі, у выніку чаго фізічныя асобы сутыкаюцца з блакаваннем сваіх банкаўскіх рахункаў», — пісалі раней аўтары тэлеграм-канала Tax V&M.

«Ох, ох, сябры. Колькі гісторый з блакаваннем рахункаў… Мы перасталі лічыць усе кейсы, пра якія нам вядома ад кліентаў, проста знаёмых і вас. Happy end ці still freezing (шчаслівы канец ці замарозка. — Заўв. рэд.), што часцей — суаднесці складана. Даваць дакладныя рэкамендацыі — пакуль таксама», — адзначаюць аўтары тэлеграм-канала Tax V&M.

Яны рэкамендуюць «не спыняцца і стукаць у замкнутыя дзверы».

«Трэба камунікаваць з банкам. Як правіла, тут ва ўсіх усё праходзіць добра, але на гэтым, на жаль, яшчэ няма вырашэння пытання, — раяць беларусам. — Камунікацыя з праваахоўнымі органамі ў асобе РУУС, РАУС і г. д. Часта чуем, што інфармацыю там атрымаць можна не ў поўным аб’ёме ці наогул не атрымаць — але трэба спрабаваць».

Паводле звестак телеграм-канала Tax V&M, сілавікі на «гутарках» задаюць стандартны спіс пытанняў: прозвішча, імя, адрас, месца працы, ці былі аперацыі з крыптавалютамі, якія плацяжы/пераводы мелі месца.

«Як правіла, пытанні потым перадаюцца ў Следчы камітэт. Пасля, відаць, адсюль ужо будзе ініцыятыва для сустрэчы», — адзначае тэлеграм-канал. З часовых рашэнняў, што рабіць з заблакаваным рахункам, беларусам рэкамендуюць сярод іншага адкрыць яго ў іншым банку, захоўваць наяўныя.

Як паведамляецца, рахункі блакуюцца незалежна ад сумы пераводаў трэціх асоб (нават 20 рублёў).