Хатні гвалт: маштабы праблемы ў Беларусі і ў суседзяў
Да таго, як Белстат стаў хаваць статыстыку, беларуская міліцыя магла справаздачыцца з гонарам: у нас лічбы па хатнім гвалце былі меншыя, чым у суседзяў. Але гэта не пра добрую працу сістэмы, а пра тое, што людзі баяцца звяртацца ў міліцыю, расказвае «Свабода».
Беларусь: крымінальныя справы заводзяць на кожны 33-ці зварот
Штогод у сувязі з «хатнім гвалтам» у сілавыя органы звяртаюцца 80 тысяч жыхароў Беларусі. Такія лічбы прыводзіць МУС Беларусі. 49 тысяч чалавек штогод прыцягваюць праз гэта да адміністрацыйнай адказнасці.
Крымінальныя справы заводзяць прыкладна на кожны 33-ці зварот. Летась зафіксавалі 2418 злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам, паведамляў «BelPol». Падобныя лічбы ў ранейшыя гады прыводзіла МУС Беларусі. За апошні год статыстыку аб хатнім гвалце Белстат не паказвае.
Атрымліваецца, у Беларусі са 100 тысяч чалавек — гэта, прыкладам, насельніцтва Салігорска, або Ліды, або Наваполацка — звяртаюцца па дапамогу да міліцыі ў сямейных канфліктах каля 870 чалавек. Толькі ў 26 выпадках заводзяць крымінальныя справы. У Літве, дзе колькасць насельніцтва ўтрая меншая, такіх злачынстваў фіксуюць удвая больш. Так можа атрымацца з прычыны фармальнага стаўлення да праблемы сілавой сістэмы.
За 2023 год у Беларусі, паводле звестак «BelPol», сілавыя структуры зарэгістравалі 223 забойствы (2-3 забойствы на ўмоўную Ліду на год) і 110 згвалтаванняў (прыкладна адно згвалтаванне на ўмоўную Ліду за год). Няма інфармацыі, ці яны звязаныя з сямейнымі канфліктамі.
Паводле звестак «BelPol», жанчыны летась здзяйснялі злачынствы ў 18,5% выпадках, мужчыны — ва ўсіх астатніх. Не было зафіксаваных выпадкаў, калі жанчын вінавацілі ў згвалтаванні. У 23% забойстваў падазравалі жанчын, у астатніх — мужчын.
У Беларусі няма асобнага закону «Аб хатнім гвалце». У 2018 годзе такі законапраект былі падрыхтавалі. Яго распрацоўвалі сумесна сілавікі і недзяржаўныя арганізацыі. Гэтую ініцыятыву раскрытыкаваў Лукашэнка, і яе згарнулі.
Адказнасць. У Беларусі за забойства караюць тэрмінамі ад 6 да 15 гадоў калоніі, пры абцяжлівых абставінах злачынцу пагражае пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне (жанчын у Беларусі не расстрэльваюць, максімальнае пакаранне — 25 гадоў турмы). За згвалтаванне ў Беларусі можна атрымаць да 4 гадоў «хіміі» або ад 3 да 7 гадоў калоніі, пры абцяжлівых абставінах — да 15 гадоў.
У Беларусі жыве каля 9,2 мільёна чалавек.
Былы міліцыянт: да выклікаў «хатняга гвалту» сілавікі ставяцца фармальна
Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў «BelPol» Уладзімір Жыгар пракаментаваў «Свабодзе», чаму, на яго думку, у Беларусі людзі рэдка звяртаюцца ў сілавыя структуры ў выпадках «хатняга гвалту».
«Калі казаць пра мужчын, то такіх зваротаў амаль няма, за рэдкім выключэннем, калі ідуць прынцыповыя моманты, звязаныя са шлюбаразводным працэсам. Такім чынам мужчына дабірае базу доказаў дзеля падзелу маёмасці або пытанняў аб дзецях», — кажа Жыгар.
Зваротаў жанчын таксама, паводле яго ацэнак, няшмат.
«Так уладкавана беларускае грамадства, што гэта ўспрымаюць як нешта малазначнае, нават для саміх людзей. Яны думаюць: "Ну як я пайду ў міліцыю і буду скардзіцца на мужа? Гэта ж міліцыя!" У разуменні людзей міліцыя павінна займацца злачынствамі людзей, а тут сямейна-бытавыя разборкі», — разважае былы сілавік.
Жыгар тлумачыць, што на сямейны скандал часта выклікаюць міліцыю не самі ўдзельнікі, а суседзі або іншыя сваякі. Калі жанчына сама заявіць на мужа, то праз пару дзён яна можа ўжо перадумаць і забраць заяву.
Сілавікі, паводле яго слоў, таксама часта ставяцца да выпадкаў «хатняга гвалту» фармальна. Звычайна гэтым займаюцца ўчастковыя інспектары, якія маюць шмат іншых абавязкаў. На выклікі сямейных канфліктаў выязджаюць «па рэшткавым прынцыпе», кажа Жыгар. Матэрыял стараюцца не зарэгістраваць, а «спісаць».
«У Беларусі статыстыка вядзецца па афіцыйным звароце людзей, калі выклік зафіксаваны ў кнізе рэгістрацыі злачынстваў і правапарушэнняў. Астатняе проста спісвалася цягам дзяжурных сутак рапартам супрацоўніка: "Выклік быў, прыехаў, апытаў аднаго, другога. Ніхто пісаць заяву не хоча. Прашу прыкласці рапарт, спісаць матэрыялы справы". Такі матэрыял спісваецца і забываецца», — кажа Жыгар.
Ён дадае, што міліцыянты самі намаўлялі ўдзельнікаў сямейнага канфлікту не пісаць заявы, расказвалі, што ў іх пасля з'явіцца яшчэ больш праблем, звязаных з сістэмай, часам дыктавалі тэкст адмовы ад прэтэнзій.
Часта сямейныя канфлікты здараюцца ў сем’ях, дзе злоўжываюць алкаголем або тых, якія маюць статус «сацыяльна небяспечных». Калі там ёсць дзеці, то гэтыя сем’і стаяць на ўліку ў іншых структурах — прыкладам, у аддзеле адукацыі.
Дадому ў такія сем’і прыходзяць камісіі са школы, правяраюць умовы жыцця, з дзіцём у школе мусіць працаваць псіхолаг. Ужо гэтая перспектыва праверак можа адштурхоўваць сем’і ад таго, каб прыцягваць да сябе лішнюю ўвагу праваахоўнікаў. З іншага боку, работнікі сістэмы адукацыі таксама ставяцца да гэтага фармальна, мяркуе суразмоўца.
«Усе прыкрываюцца паперкамі, адпіскамі: "Паглядзіце, мы рабілі ўсё, што трэба, згодна з нарматыўнымі дакументамі. Усё было выканана, пытанняў да нас няма". Ніхто не глядзіць на эфектыўнасць дзеянняў», — кажа Жыгар.
Змяніць гэтую сітуацыю, на думку былога сілавіка, можна, калі прыбраць на ўсіх узроўнях фармалізм. Ён перакананы, што варта адукоўваць людзей, накіроўваць іх да сямейных псіхолагаў, каб вырашаць сямейныя пытанні да таго, як дойдзе да гвалту.
Псіхолаг: спыняюць сорам, страх і брак грошай
Псіхолаг Наталля Скібская патлумачыла «Свабодзе», што перашкаджае ахвярам «хатняга гвалту» звяртацца ў міліцыю.
Па-першае, пачуццё сораму. Яго выклікае стаўленне грамадства да гвалту, асобна — стаўленне да ахвяры ў міліцыі.
«Грамадства ставіцца так: "Вінаватыя абое", "Ён жа не п’е", "Б’е — значыць любіць", "Ён жа грошы зарабляе". Калі ёсць дзеці, то яшчэ складаней. "Хто цябе потым з дзецьмі возьме?" Жанчына гэты ціск адчувае. Яна павінна атрымаць падтрымку, а ёй наадварот кажуць, што яна не павінна скардзіцца, выносіць смецце з хаты», — тлумачыць суразмоўца.
Калі ахвяра гвалту прыходзіць у міліцыю, там на яе могуць дадаткова ціснуць, абражаць, казаць: «Калі вас заб’юць, тады прыходзьце», — працягвае псіхолаг. Ужо на стадыі звароту ў міліцыю жанчына можа адмовіцца ад далейшых дзеянняў.
Мужчынам яшчэ цяжэй звяртацца ў міліцыю з прычыны хатняга гвалту, бо на іх цісне грамадзтва, што мужчына павінен быць моцным, нібыта ім забаронена скардзіцца, мяркуе псіхолаг.
Яшчэ адна прычына: жанчыне не хапае рэсурсаў вырашыць сітуацыю — прыкладам, яна залежыць фінансава ад мужа.
Чарговая прычына — страх, што другі ўдзельнік канфлікту адпомсціць за зварот да сілавікоў.
«Жанчына, калі напіша заяву, вяртаецца ў хату, дзе яна жыве з мужам. Яна закладніца сітуацыі. Ён можа з ёй зрабіць усё што заўгодна. Гэта вялікае пачуццё небяспекі. Яна ведае, што ён яе ўжо біў і можа біць далей, а ў афекце можа і забіць», — кажа псіхолаг.
Перашкодай у звароце да праваахоўных органаў могуць быць іншыя сваякі, бацькі, якія, здараецца, адгаворваюць ад такіх дзеянняў.
Наталля Скібская перакананая, што гвалтаўніка трэба спыняць, сам па сабе ён не спыніцца. Інакш хатні гвалт можа скончыцца або тым, што муж урэшце заб’е жонку да смерці, або жонка будзе абараняцца і заб’е мужа.
«Каб спыніць гвалт, трэба працаваць з аўтарам гвалту. У Беларусі на дзяржаўным узроўні такая праца не арганізаваная. Яна складаная, доўгая і малаэфектыўная. Чалавек часта не ведае сам, чаму ён ужывае гвалт», — кажа суразмоўца.
Каб вырашыць сітуацыю з хатнім гвалтам, на думку псіхолага, варта мяняць стаўленне грамадства да гвалту: рашуча асуджаць яго і падтрымліваць ахвяру гвалту. Таксама варта адукоўваць людзей, каб яны выходзілі з сітуацый, дзе ўжываюць гвалт.
«Не трэба вяртацца да мужа, які б’е. Першы раз можна прабачыць. Але варта пры першай спробе біцця абазначыць мяжу жорстка і дакладна: "Са мной так нельга". Гвалт можна ўжываць толькі ў абарону. На другі раз трэба сыходзіць ад такога чалавека», — кажа Наталля Скібская.
Польшча: 80% пацярпелых ад хатняга гвалту — жанчыны
Летась у Польшчы пацярпелі ад хатняга гвалту 77 тысяч чалавек, 80% з іх — жанчыны. Гэта тыя, хто звярнуўся ў паліцыю. У сярэднім лічыцца, што ад хатняга гвалту цярпяць 100 тысяч жыхароў краіны. Усяго зваротаў было 62 тысячы, пасля іх у 55 тысячах выпадкаў (гэта 90% ад усіх зваротаў) пачалі так званую працэдуру «Блакітнай карты» — сістэму захадаў для абароны ахвяры пры хатнім гвалце.
Гэта значыць, што ў горадзе з насельніцтвам у 100 тысяч чалавек, прыкладам, у горадзе Каліш, па дапамогу ад хатняга гвалту звяртаюцца 203 чалавекі. Нагадаем, у Беларусі гэта 870 чалавек на ўмоўную Ліду за год. Значыць, беларусы звяртаюцца ў 4 разы часцей.
Паводле статыстыкі паліцыі, штогод у Польшчы адбываецца ад 1800 да 2300 згвалтаванняў. Калі браць умоўны стотысячны горад, то гэта 4-6 згвалтаванняў за год. Гэта ў некалькі разоў больш у працэнтных адносінах, чым у Беларусі.
У Польшчы пасля згвалтавання і смерці беларускі Лізаветы ў сакавіку 2024 года пачалі пераглядаць паняцце «гвалт» на заканадаўчым узроўні.
У апошнія два гады ў Польшчы прыкладна ў два разы павялічылася колькасць забойстваў. У 2022 годзе іх было 507 (1-2 на ўмоўны Каліш за год).
Як паведамляла ў 2023 годзе «Rzeczpospolita», усё часцей матывам забойства станавілася рэўнасць, нязгода расставацца з партнёрам ці партнёркай. Нярэдка пасля забойства падазраваныя забівалі і сябе.
«Калісьці забойствы рабіліся ў афекце, у сварцы. Сёння яны запланаваныя, з намерам, вынікаюць са страты стану валодання. Закаханыя мужчыны ставяцца сёння да жанчыны як да сваёй уласнасці і не дазваляюць ёй пайсці», — казаў «Rzeczpospolitej» крымінолаг Брынан Холыст.
Адказнасць. У Польшчы за забойства чалавека даюць тэрмін, не меншы за 10 гадоў; ён можа павялічыцца да 25 гадоў або да пажыццёвага зняволення. За згвалтаванне ў Польшчы можна атрымаць ад 2 да 15 гадоў зняволення, пры абцяжлівых абставінах — да пажыццёвага.
У Польшчы жыве каля 38 мільёнаў чалавек.
Літва: крымінальныя справы заводзяць у 7,5 раза часцей, чым у Беларусі
Летась у Літве зарэгістравалі 5674 злачынствы, звязаныя з хатнім гвалтам. На горад з насельніцтвам у 100 тысяч чалавек, як Шаўляй, гэта 198 злачынстваў штогод. 85% абвінавачаных у гэтых злачынствах былі мужчыны. Нагадаем, у Беларусі гэта 26 крымінальных спраў на ўмоўны Салігорск (розніца амаль у 8 разоў).
Як вышэй тлумачылі эксперты, гэта можа быць звязана і са страхам ахвяры паведамляць пра гвалт, і з фармальнасцю з боку сілавой сістэмы, якая не рэгіструе гэта як злачынства.
У Літве змены ў заканадаўстве паўплывалі на тое, што колькасць зваротаў аб хатнім гвалце вырасла ў дзясяткі разоў. З 1 ліпеня 2023 года паліцыя Літвы стала выдаваць ордэры на абарону ад «хатняга гвалту», агрэсара дзякуючы ім высяляюць з дому.
За апошнія 6 месяцаў мінулага году жыхары Літвы звярнуліся са скаргамі на хатні гвалт каля 26 тысяч разоў, паведамляла літоўская паліцыя. Калі дапусціць, што за год было ўдвая больш зваротаў (52 тысячы), то на ўмоўны «стотысячнік» Шаўляй выйдзе 1814 зваротаў за год. У Беларусі гэтая лічба ў два разы меншая.
«У нас таксама бываюць дзіўныя сітуацыі, калі так званая ахвяра прыходзіць у аддзяленне паліцыі з просьбай вярнуць чалавека, якому быў уручаны ордэр, і аргументуе гэта тым, што муж ці сужыцель з'яўляецца карміцелем сям’і, што сын, можа, і наблытаў, але на наступны дзень папрасіў прабачэння. У нас розныя сітуацыі», — сказаў генеральны камісар літоўскай паліцыі.
У 2023 годзе ў Літве зафіксавалі 73 забойствы (2-3 чалавекі за год на стотысячны горад) і 86 згвалтаванняў (3 згвалтаванні на стотысячны горад за год).
Адказнасць: у Літве за забойства пагражае ад 7 да 15 гадоў, пры абцяжлівых абставінах — пажыццёвае зьняволеньне. За згвалтаванне пагражае да 7 гадоў турмы, пры абцяжлівых абставінах — да 15 гадоў.
У Літве жыве 2,9 мільёна чалавек.
Грузія: у 3,6 раза больш крымінальных спраў, звязаных з сямейнымі канфліктамі, чым у Беларусі
У Грузіі летась зарэгістравалі 8734 злачынствы, звязаныя з хатнім гвалтам. Гэта ў 3,6 раза больш, чым у Беларусі. Пацярпелі 15 тысяч чалавек. Эксперты адзначалі, што за некалькі апошніх гадоў іх колькасць вырасла амаль удвая. Гэты тып злачынстваў стаў адным з самых распаўсюджаных у краіне. На горад з насельніцтвам 100 тысяч чалавек (умоўны Руставі) выходзіць 236 крымінальных спраў.
У 2023 годзе ў Грузіі зафіксавалі 72 наўмысныя забойствы (каля двух забойстваў на стотысячны горад) і 204 згвалтаванні (5-6 выпадкаў на стотысячны горад).
Адказнасць. За забойства ў Грузіі пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі, пры абцяжлівых абставінах могуць пакараць бестэрміновым зняволеннем. За згвалтаванне ў Грузіі пагражае ад 6 да 8 гадоў зняволення, пры абцяжлівых абставінах — да 20 гадоў.
У Грузіі жывуць 3,7 мільёна чалавек.