Хатні гвалт у Беларусі. Як ахвяра становіцца забойцай?

Праблема хатняга гвалту ў Беларусі не толькі не вырашана, але і расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Жанчыны, якія маюць такі досвед, баяцца звяртацца ў міліцыю. На гэта ўплываюць рэпрэсіі, а цяпер яшчэ — і праверкі на «лаяльнасць».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Міліцыя Беларусі штогод фіксуе каля 80 тысяч паведамленняў пра гвалт у сям'і. Пры працяглых канфліктах ахвяра можа пайсці на здзяйсненне злачынства, адзначаюць у МУС. Так, у 2022 годзе ў палове выпадкаў здзяйснення ў сферы хатняга гвалту забойстваў і наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў падазраванымі з'яўляліся жанчыны. Менавіта такі выпадак абмяркоўваў Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй нарадзе з сілавікамі, прысвечанай пытанню амністыі.  

Міністр унутраных спраў РБ Іван Кубракоў расказаў гісторыю жанчыны, якая, абараняючыся ад агрэсіўнага мужа, атрымала тэрмін за забойства, піша «Deutsche Welle». Паводле слоў чыноўніка, жанчына была ахвярай хатняга гвалту. У дзень трагедыі муж збіў яе і забараніў тэлефанаваць у «хуткую». Нягледзячы на просьбы супакоіцца, агрэсар працягваў напад. Тады жонка схапіла нож і параніла яго. Усвядоміўшы тое, што здарылася, яна паспрабавала дапамагчы, выклікала брыгаду «хуткай дапамогі». На наступны дзень мужчына памёр у бальніцы. Жанчыне далі мінімальны тэрмін за забойства — шэсць гадоў пазбаўлення волі, адвакатка спрабавала даказаць, што гэта было перавышэнне самаабароны. «Навошта яе наогул пасадзілі, калі яна абараняла сябе, калі муж здзекаваўся з яе?» — абурыўся Лукашэнка. У якіх выпадках, як часта ахвяры хатняга гвалту становяцца злачынцамі і як да іх ставяцца ў Беларусі?   

      

Глядзіце таксама

Як сямейныя канфлікты могуць скончыцца злачынствам

Спецыялісты «гарачай лініі» «Oliviahelp» для пацярпелых ад хатняга гвалту тлумачаць, што гвалт у сям'і можа доўжыцца гадамі і для яго характэрна цыклічнасць. Звычайна ўсё пачынаецца з дробных прыдзірак і абраз, ахвяра спрабуе згладзіць сітуацыю і не раздражняць агрэсара, а той, у сваю чаргу, просіць прабачэння і абяцае выправіцца. Далей канфлікты ідуць па нарастаючай. Часта ахвяра застаецца адна са сваёй праблемай, баіцца звярнуцца па дапамогу, паколькі сям'ю могуць прызнаць сацыяльна небяспечнай (СНС). Тады органы апекі і сілавікі ставяць яе на асаблівы кантроль, дзяцей нават могуць забраць. Ахвяра не бачыць выхаду і адчайваецца. Калі адбываецца чарговы акт фізічнай агрэсіі, яе цярпенню прыходзіць канец і яна можа пачаць абараняцца.

Спецыялісты прызнаюць, што ў маргінальных сем'ях прасцей прыцягнуць агрэсара да адказнасці: калі чалавек злоўжывае спіртным, не ўдзельнічае ў выхаванні дзяцей, не працуе, гэта заўважаюць і навакольныя, і органы ўлады. «Але ў такіх выпадках ахвяра не звяртаецца па дапамогу, таму што баіцца расправы з боку партнёра, пастаноўкі дзяцей у СНС і штрафаў, якія давядзецца выплачваць з сямейнага бюджэту», — адзначае эксперт «Oliviahelp».

Значна складаней, калі партнёр мае добры сацыяльны статус і валодае ўладай. Гвалт у такіх сем'ях даказаць няпроста, кажуць спецыялісты па працы з пацярпелымі, паколькі канфлікт адбываецца за зачыненымі дзвярыма: на публіцы агрэсар выглядае прыстойным чалавекам, можа задорваць настаўнікаў падарункамі, сваю другую палову выстаўляць у нявыгадным святле.


Глядзіце таксама

Ці могуць забойства прызнаць перавышэннем самаабароны?

Практыкуючы адвакат расказвае, што ў Беларусі вельмі складана дамагчыся перакваліфікацыі абвінавачання з «забойства» на «перавышэнне межаў неабходнай абароны» (у гэтым выпадку максімальнае пакаранне — абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў).

«Падчас следства высвятляюць, ці мог напад пацягнуць за сабой смерць або сур'ёзныя праблемы са здароўем, ці была перавышана самаабарона — напрыклад, чалавека абражалі, а ён у адказ накінуўся з нажом. Пры нападзе і самаабароне адрозніваецца тып нанясення удараў, гэта дадаткова вывучаюць судмедэксперты, — тлумачыць абаронца. — Важна, у якім стане быў той, хто абараняўся: ап'яненне — заўсёды абцяжарваючая акалічнасць».

Акрамя таго, паводле слоў адваката, улічваецца стаўленне да таго, што здарылася, як чалавек паводзіў сябе адразу пасля ўчынення злачынства: ці аказваў дапамогу пацярпеламу, ці выклікаў «хуткую».

«Мне вядомыя два выпадкі, калі абвінавачанне з «забойства»  было перакваліфікавана на «перавышэнне самаабароны», — кажа адвакат. — У першым выпадку судзілі падлетка: ён абараняў сябе і маці, айчым гадамі з іх здзекаваўся. У другім — пажылую жанчыну, сын забіраў у яе пенсію, каб прапіць, а калі яна адмаўлялася даць грошы, збіваў да паўсмерці».

У міліцыі пацярпелых правяраюць на лаяльнасць да ўлады

Анлайн-апытанне, якое «Oliviahelp» правяла сумесна з «Chatham House», паказала, што ахвяры — часцей за ўсё імі з'яўляюцца жанчыны — не заўсёды разумеюць, як адрозніць канфлікт і хатні гвалт і калі варта ўжо звяртацца па дапамогу. Толькі 11,6% рэспандэнтаў звярталіся па медыцынскую дапамогу пасля гвалту, аддаючы перавагу «тэлефону даверу» і міліцыі. 50,8% не паведамлялі нікому пра здарэнне. «Жанчыны баяцца звяртацца па дапамогу, баяцца наступстваў ці не ведаюць, куды звярнуцца», — лічаць спецыялісты, якія кансультуюць пацярпелых.

І звяртаюць увагу на яшчэ адну праблему. «Нярэдка, калі жанчына звяртаецца ў міліцыю, супрацоўнік, перш чым прыняць заяву, прапануе праверыць пацярпелую на лаяльнасць рэжыму. Правяраюць яе тэлефон, сацсеткі, па білінгу глядзяць, дзе яна знаходзілася падчас мітынгаў, — кажуць у «Oliviahelp». — З'яўляецца больш істотная небяспека, і жанчына адмаўляецца звяртацца ў міліцыю. Мужы таксама шантажуюць. Напрыклад, у іх ёсць фота жонкі з пратэстаў або скрыншоты паведамленняў з крытыкай чыноўнікаў».