Улады будуць прытрымлівацца тактыкі ўнутранай дэвальвацыі

Палітыка ўладаў у бягучым годзе дапускае зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва і зніжэнне ВУП, заявілі эканамісты, якія прымалі ўдзел у нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі кіраўніцтва Нацыянальнага банка.



images_2_3.jpg

Па словах удзельнікаў сустрэчы, прадстаўнікі Нацбанка паведамілі, што ў бягучым годзе дапускаюць паніжэнне ўнутранага попыту і ВУП. Гэта можа сведчыць аб тым, што ўлады ў 2015 годзе будуць прытрымлівацца тактыкі ўнутранай дэвальвацыі, лічаць эксперты.

"У 2015 годзе, хутчэй за ўсё, будзе мець месца ўнутраная дэвальвацыя, якая мае на ўвазе зніжэнне рэальных даходаў насельніцтва, зніжэнне ВУП, а не знешняя дэвальвацыя, якая выяўляецца ў зніжэнні курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валютаў", — прагназуе фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by  Аляксандр Муха.

Нагадаем, згодна з апошнімі статыстычнымі дадзенымі, у студзені 2015 года ВУП Беларусі знізіўся на 0,4 %, рэальная зарплата скарацілася на 3,5 % у параўнанні з аналагічным месяцам мінулага года.

Беларускія аналітыкі мяркуюць, што студзеньскія дадзеныя аб зніжэнні ВУП і рэальных даходаў насельніцтва — толькі першая праява той палітыкі, якая рэалізуецца. "У студзені статыстыка зафіксавала і зніжэнне ВУП, і зніжэнне рэальных заробкаў, і, падобна, у гэтага трэнду будзе працяг", — лічыць Муха.

Ён звярнуў увагу, што механізм ўнутранай дэвальвацыі дазваляе абмежаваць інфляцыйныя працэсы ў краіне, у той час як знешняя дэвальвацыя (зніжэнне курсу рубля ў адносінах да замежных валют) непазбежна вядзе да росту спажывецкіх коштаў.

"Паводле ацэнак Нацбанка, у бягучым годзе ўплыў дэвальвацыі на інфляцыю складзе 0,4-0,5 адсоткавага пункта. Такім чынам, пры 40-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля, якая практычна ўжо адбылася, інфляцыя павінна скласці 16–20 %. Далейшае паслабленне курсу рубля магло б прывесці да паскарэння інфляцыі, аднак Нацбанк дапускаць гэтага не хоча", — канстатуе Муха.

На думку эканамістаў, якіх запрашае на свае сустрэчы Нацыянальны банк, курс на абмежаванне ўнутранага попыту — адэкватная рэакцыя ўладаў ва ўмовах існуючай структуры беларускай эканомікі. "Мы не прайшлі праз структурныя рэформы, таму стымуляванне ўнутранага попыту традыцыйна спараджае "дзірку" у плацежным балансе, якую ў апошнія гады мы закрывалі, нарошчваючы дзяржаўную пазыку", — адзначыў аналітык Forex Club у Беларусі Валерый Палхоўскі.

Галоўная праблема цяперашняй мадэлі беларускай эканомікі, лічыць ён, складаецца ў нізкай канкурэнтаздольнасці прадпрыемстваў на знешніх рынках, і з гэтага пункту гледжання палітыку ўрада і Нацбанка па абмежаванні ўнутранага попыту можна зразумець.

"Што можна прапанаваць наўзамен гэтай палітыкі пры захаванні цяперашняй структуры беларускай эканомікі? Стымуляванне эканомiкi за кошт унутранага попыту, як рабілася раней, можа даць кароткатэрміновы станоўчы эфект у выглядзе росту даходаў насельніцтва ў 2015-м, але 2016-ы па гэткім сцэнарыі можа паўтарыць 2011-ы", — мяркуе Палхоўскі.

Як паведамлялася раней, у канцы 2014 года ў Беларусі было прызначана новае кіраўніцтва Нацыянальнага банка і ўрада. Са студзеня бягучага года пачаліся рэгулярныя сустрэчы кіраўніцтва цэнтрабанка з беларускімі эканамістамі. Першая сустрэча адбылася ў канцы студзеня, другая — у сакавіку.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН