Рабочых «Гомельскага завода ліцця і нармалей» адпраўляюць у адпачынкі
У аддзеле кадраў гавораць, што працы для рабочых цяпер няма.

Чытач charter97.org з Гомеля распавёў пра тое, як ідуць справы на гомельскім заводзе ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей».
«Кіраўніцтва ААТ ГЗЛіН, якое ўваходзіць у холдынг "Гомсельмаш", прымушае сваіх работнікаў практычна кожную пятніцу і панядзелак пісаць заявы на адпачынак без захавання заработнай платы. Дырэктар ААТ ГЗЛіН Анатоль Квітанаў заяўляе, што на прадпрыемстве ўсё добра, што работнікі пішуць заявы самі і іх ніхто не прымушае.
І гэта ў той час, калі ААТ «Гомсельмаш» выплачвае сваім супрацоўнікам 2/3 акладу. Але на ЗЛіНе, мабыць, дырэктар і кіраўніцтва вельмі баяцца страціць свае месцы, і гатовыя папросту пакінуць людзей без сродкаў да існавання.
Так званая прафсаюзная арганізацыя, на чале з яе нязменным «лідарам» Мікалаем Малахавым, даўно ператварылася ў істоту, што паразітуе, у прамым сэнсе, на супрацоўніках прадпрыемства. Ніякай дапамогі і падтрымкі ад іх няма. Усе рашэнні кіраўніцтва, якія парушаюць ўмовы кантрактаў і пагаршаюць становішча работнікаў грамадства падпісваюцца гэтымі «абаронцамі» вельмі лёгка і хутка. Гэтак жа ідзе і так званая «аптымізацыя», — напісаў рабочы.
На заводзе сітуацыю пракаментавалі так: працы няма, таму супрацоўнікі «усё разумеюць» і «добраахвотна ўсе падпісваюць».
«Калі ў нас у гэты дзень няма працы — людзі на працу не прыходзяць. Плюс для кожнага цэха ўводзіцца сярэдняспісачная колькасць, якую трэба выканаць. Таму заявы трэба пісаць, вядома. Разумееце, калі ў нас працуе 5 000 чалавек, а прадукцыі яны вырабляюць, дапусцім, на 5 мільёнаў. І ўсе будуць прыходзіць на працу кожны дзень, калі няма працы — прыйдуць і будуць проста сядзець. І што ў выніку атрымаецца? Рабочым заплацяць грошы, а адкуль іх плаціць? Завод будзе ў страце. Таму, каб работнікаў хоць нейкім чынам падтрымаць, у нас ўвялі лімітавы ўзровень сярэдняспісачнай колькасці. Усё гэта разумеюць і кожны месяц на 2–3 дні, часам на даўжэй, пішуць добраахвотна заявы за свой кошт і вырашаюць нейкія свае хатнія пытанні», — расказалі ў аддзеле кадраў.