Усё, у сярэднім, добра?

Багата было апошнім часам інсінуацый наконт таго, чаму Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы не сустрэліся сам-насам. Спачатку такая сустрэча не адбылася падчас вучэнняў «Захад–2017», потым яны не сустрэліся на саміце АДКБ. На маю думку, усё проста: ім няма чаго абмяркоўваць.

Фота www.belaruspartisan.org

Фота www.belaruspartisan.org

У новы год мы, падаецца, увойдзем ужо без традыцыйнай забаўкі пад назвай «нафтагазавая спрэчка». Як паведамляюць СМІ, Беларусь і Расія ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак расійскай нафты ў 2018 годзе. Намеснік міністра энергетыкі Расіі Кірыл Маладцоў паведаміў на тыдні, што аб’ём паставак нафты ў будучым годзе складзе 24 мільёны тон. «Баланс звярстаны, усё гэтак жа, як і меркавалася — 24 мільёны тон», — сказаў ён.

Нагадаем, што апошні нафтагазавы канфлікт скончыўся ў красавіку гэтага года. Было дасягнутае рашэнне, што такія аб’ёмы пастаўляцца будуць з гэтага года і да 2024 года ўключна. Пры гэтым да 2018 года ўключна з 24 мільёнаў толькі 18 мільёнаў будзе адпраўляцца на перапрацоўку НПЗ, што беларускія ўлады называюць «выгадным пагадненнем».

І тым не менш, як мы да гэтага прызвычаіліся, віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка 6 снежня ўсё роўна выправіўся ў Маскву на перамовы па газе са сваім расійскім калегам Аркадзем Дварковічам. Але, паводле паведамлення «Інтэрфакса», асаблівых спрэчак па цане на газ не чакаецца. Перад партнёрамі стаіць новая задача — дамовіцца аб падыходах да фармавання адзінага рынку газу ЕАЭС.

Калі Дварковіч і Сямашка (пэўна, яны адзін аднаму ўжо абрыдлі) на перамовах не накасячаць, з газам у нас усё будзе нармалёва.

Так што самы час нам пакрысе разбірацца з унутранымі праблемамі. А такіх унутраных праблемаў у нас багата.

Адзін раз Міхаіл Булгакаў напісаў пра «кватэрнае пытанне», і вось ужо каля ста гадоў гэтае пытанне непакоіць насельніцтва краін пост-СССР. У Беларусі, аказваецца, з гэтым пытаннем — нейкі незразумелы перакос. Як паведаміў днямі начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль, насамрэч, у нас няма жыллёвага крызісу. Больш за тое, дэвелаперы будуюць у Беларусі больш жылля, чым могуць рэалізаваць.

Як сказаў чыноўнік, зараз у Беларусі ў наяўнасці 5270 свабодных кватэр. З іх 4150 кватэр у дамах, якія яшчэ будуюцца, а 1120 — гэта жыллё, якое ўведзена ў эксплуатацыю, але так і не знайшло сваіх уладальнікаў.

«Гэты паказчык дваякі, — кажа Горваль. — З аднаго боку, добра, што на рынку ёсць прапанова, якая перавышае попыт. Але з іншага — насцярожвае, што гэты попыт незадзейнічаны. Хаця кошты ў апошні час моцна адкаціліся назад, тым не менш, кватэры прастойваюць і не рэалізуюцца». І гэтае перавышэнне прапановы над попытам адмоўна адбіваецца на падрадчыках, якія сутыкаюцца з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі, таму што з імі не разлічваюцца за зробленыя працы.

Сітуацыя можа яшчэ больш ускладніцца ў 2018 годзе, бо, паводле Горваля, кіраўнік дзяржавы «ставіць перад намі задачу павялічыць аб’ёмы будаўніцтва з 3,5 мільёна квадратных метраў у 2017 годзе да 4 мільёнаў у 2018 годзе».

І ў той жа час, у час «нераспрададзеных кватэраў», у чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзяцца амаль 700 тысяч сем’яў, якім неабходна больш за 30 мільёнаў квадратных метраў жылой плошчы.

Ці не дзіўная сітуацыя: кватэры пустыя, а людзям няма дзе жыць? Чаму наша «дзяржпадтрымка» дапускае такі перакос? Чаму у нас, пры дэклараванай «адназначнай» інфляцыі, стаўкі па крэдытах на жыллё не дазваляюць набываць жыллё камерцыйнае?

Ды папросту таму, што ў народа няма грошай. Крэдыт на набыццё кватэры ў 25 тысяч долараў можна ўзяць на 15 гадоў пад стаўку ад 12% да 16%. Але выплата нават 12% складзе 600 рублёў на месяц. У той час, як, паводле дадзеных Белстата аб сярэднедушных наяўных рэсурсах насельніцтва за трэці квартал гэтага года, больш за чвэрць беларусаў (27,8%) штомесяц маюць у сваім распараджэнні не больш за 300 рублёў. І толькі 16,9% ад усяго насельніцтва штомесяц мелі ў распараджэнні суму ад 600 рублёў і больш.

Так што тых, хто можа сабе дазволіць камерцыйны крэдыт на жыллё ў Беларусі — толькі шостая частка насельніцтва. І думаю, што гэтая частка праблем з кватэрамі не мае.

А як жа «па пяцьсот»? — запытаецеся вы. Нам жа кажуць, што мы вось-вось дасягнём і гэтага заробку, а некаторыя яго ўжо дасягнулі?

Дасягнулі, але на той паперы, якая, на жаль, не мае адносінаў да грашовых адзінак.

Цікавае выйсце ў гэтым пытанні знайшлі, напрыклад, на «Бабруйскаграмашы». Працоўным прапануюць напісаць заявы пра сыход у адгул, але пры гэтым застацца на працы. Што дазволіць ім захаваць зарплату за снежань на ранейшым узроўні.

То бок чалавек па дакументах у снежні адпрацаваў 10 дзён, але заробак атрымае за месяц. Лічыць жа сярэднюю зарплату будуць, зыходзячы з «адпрацаванага» па дакументах. І атрымаецца, што «сярэдні» заробак будзе ў два разы больш за фактычны. Вось вам і дасягненне планкі ў 1000 рублёў!

І такіх хітрыкаў, калі ў сярэдні заробак змешваюць атрыманае настаўнікам і дэпутатам, прыбіральшчыцай і міністрам, у нас вельмі багата.

А эканаміст Аляксандр Чубрык увогуле падказаў уладам «элегантнае» рашэнне гэтай праблемы. Ён згадаў, што ўпершыню мэта «па 500» была пастаўленая на снежань 2010 года. Але, калі перавесці беларускія кошты ў доларавы эквівалент, то яны са снежня 2010 года моцна змяніліся. А дакладней, упалі на 32% (што не дзіва, бо і заробкі знізіліся). Гэта значыць, каб купіць столькі тавараў, колькі мы ў сярэднім маглі купіць на 100 долараў у снежні 2010 года, цяпер (у кастрычніку 2017-га) нам спатрэбіцца 68 долараў.

То бок, за цяперашнія 428 долараў заробку мы можам у сярэднім купіць столькі ж, колькі за 628 долараў у 2010 годзе. А значыць, «па 500» даўно дасягнуты, і можна ставіць галачку «выканана», разважае Чубрык.

Канешне, такой падказкай ад эканаміста можа скарыстацца і Саўмін, і Белстат. І нават адрапартаваць кіраўніку дзяржавы пра выкананне яго даручэння можна — бо завумна і навукова. Аднак што ў разважаннях Чубрыка насцярожвае?

Насцярожвае, што і ў Чубрыка мы можам на 100 долараў у 2010-м альбо на 68 долараў у 2017-м набыць тавараў «у сярэднім». Падаецца, гэта такія ж «сярэднія» тавары, як і сярэдні заробак «па 500».