Банкірам перагледзяць сістэму аплаты працы

Камерцыйныя банкі перагледзяць унутраную сістэму ўзнагароджання работнікаў.

5_e1375795856821_k6pc2.jpg


Паводле інфармацыі БелаПАН, адпаведныя патрабаванні збіраецца банкам давесці Нацыянальны банк згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы.
Падчас нарады 16 лістапада Аляксандр Лукашэнка параўнаў банкіраў са "зборышчам тоўстых катоў", якія зарабляюць занадта шмат, і "даручыў распрацаваць дакладную сістэму аплаты працы кіраўнікоў банкаў". Сістэма, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, "павінна быць справядлівай і працаваць па-чалавечы".
Як стала вядома, Нацбанк збіраецца пашырыць у адносінах да камерцыйных банкаў патрабаванні ў галіне карпаратыўнага кіравання і абавяжа банкі мець лакальны акт, які "павінен адказваць на пытанне аб справядлівым узнагароджанні ўсяго персаналу банкаў", паведаміў БелаПАН эксперт у фінансавых колах.
Удзельнікі рынка чакаюць, што патрабаванні да ўмоў ўзнагароджання рэгулятар сфармулюе найбліжэйшым часам.
"У банках павінны быць камітэты па ўзнагароджанні, а ў лакальных актах, якія распрацуюць камерцыйныя банкі, будуць вызначаныя фіксаваныя і нефіксаваныя выплаты банкаўскім работнікам. Магчыма, новыя правілы закрануць таксама і бонусы, што выплачваюцца банкірам, за 2017 год", — мяркуе эксперт у фінансавых колах.
Пры гэтым назіральнікі не сумняваюцца ў тым, што Нацбанк у межах інспекцыйных праверак будзе правяраць выкананне банкамі падрыхтаваных лакальных актаў.
"Лакальныя акты, якія падрыхтуюць банкі, не павінны быць аднабаковымі і адстойваць інтарэсы толькі кіраўніцтва камерцыйнай арганізацыі. Павінны быць абароненыя інтарэсы ўсяго персаналу банкаў. У касіраў, напрыклад, кошт памылкі і матэрыяльная адказнасць таксама вельмі высокая", — падкрэслівае суразмоўца БелаПАН.
Прадстаўнікі камерцыйных банкаў лічаць, што зарплаты касірам сапраўды можна павысіць. "Эканамістаў празмерна, а касіраў не хапае. Праца ў іх матэрыяльна адказная, манатонная, ім, напэўна, трэба зарплату павышаць", — лічыць член праўлення аднаго з камерцыйных банкаў.
Кажучы пра аплату працы топ-менеджараў банкаў, ён адзначыў, што гэтае пытанне ўжо і сёння ў пэўнай ступені рэгламентаванае.
"Зарплата кіраўніка, паводле заканадаўстве, не можа перавышаць васьмі сярэдніх зарплат па банку, акцыянеры не могуць плаціць больш. Для іншых членаў праўлення мяжа зарплат заканадаўствам не вызначаная, таму іх штомесячны даход можа быць і вышэй, чым у старшыні праўлення", — растлумачыў БелаПАН прадстаўнік аднаго з банкаў.
Прэферэнцыя кіраўнікоў банкаў, удакладніў ён, заключаецца ў тым, што ў іх існуе магчымасць атрымаць бонус паводле вынікаў года ў выпадку выканання ўстаноўленых перад банкам нарматываў i паказчыкаў эфектыўнасці.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН