З-за заробкаў прэстыж МНС моцна ўпаў
«Служы дурачок, атрымаеш значок», — гэты выраз я пачула ад некалькіх прадстаўнікоў высакароднай і рызыкоўнай прафесіі. Як разыходзяцца чаканні і рэальнасць работнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — у расповедзе з першых вуснаў.
Дзмітрый (імя змененае) — былы баец атраду МНС з Гомеля. Адпрацаваўшы ў атрадзе восем год, ён звольніўся. Маўляў, рамантыка прафесіі разбілася аб разліковы ліст, дадатковыя абавязкі, падпрацоўкі і вымушаную маўклівую паслухмянасць.
— Заробак у шараговых супрацоўнікаў МНС, ці байцоў, залежыць ад стажу, то бок выслугі гадоў. Праз пяць гадоў ідзе надбаўка 20%, праз 10 гадоў — 30%. Майстар-ратавальнік у маім атрадзе, калі працуе ў МНС менш за дзесяць гадоў, атрымлівае на рукі каля 4,5 мільёна рублёў. Гэта мала. Бывае, знаёмішся з дзяўчынай, гаворыш, што працуеш у МНС, і яна думае, што зарабляеш 8–9 мільёнаў рублёў. А ў сапраўдныя лічбы не верыць...
— І адразу сыходзіць...
— Кшталту таго. Але, з іншага боку: знаёмая настаўніца атрымлівае 1,8 мільёна рублёў, супрацоўніца ў дзіцячым садку 2,5 мільёна. Дык атрымліваецца, што ў МНС і някепскі заробак. Пасля дэвальвацыі 2011 года заробак у нас упаў ніжэй плінтуса: мы да гэтага атрымлівалі блізу 500 долараў і раптам — 150. У краме грузчыку тады прапаноўвалі 3,7 мільёна рублёў, прыбіральшчыцы — ад 2,5, а мы атрымлівалі па 2,5 мільёна рублёў.
— Ці многа ў той перыяд сышло ад вас людзей?
— У штаце ў нас працавалі 116 чалавек. За год тады прыкладна 30 чалавек звольніліся і на іх месца набралі маладых. Большая частка нашых былых супрацоўнікаў з’ехалі на будоўлі ў Расію.
— Чым кіруюцца маладыя людзі, калі прыходзяць на працу ў службу ратавання?
— Я думаю, большасць хлопцаў пасля войска ідзе ў МНС з-за прэстыжу. Яны звычайна ходзяць на працу па форме, каб «рысануцца», хаця ў нас ёсць персанальныя шафы і можна пераапрануцца на месцы. (Смяецца)
— А што тады трымае на не самай высокааплатнай працы сур’ёзных дзецюкоў з сем’ямі?
— Галоўны аргумент: праз год пяць-сем ім на пенсію. Ён будзе атрымліваць пенсію каля 3,5 мільёна на цяперашні час. І можна дадаткова працаваць. Большасць шукае працу ахоўнікаў, дзяжурства па сутках. Начальства звычайна імкнецца шукаць месцы намеснікамі дырэктараў у розных фірмах. Простыя ж байцы як былі рабацягамі, так ім і застаюцца.
— На што хапае заробку, у чым даводзіцца сабе адмаўляць?
— Я жыву адзін, за інтэрнат плачу 150 000, у мяне сем хрэснікаў, і як трапіцца дзень народзінаў аднаго, то трэба мінімум 500 тысяч выдаткаваць з заробку, тысяч трыста вылічваем на «пагуляць». Я пабудаваў кватэру, і ў мяне пазыка ў шэсць тысяч долараў, то аддаю яе з заробку. Вопратка. Дарагую, добрую шмотку я не магу сабе дазволіць. Я б хацеў апранацца ў фірмовых спартовых крамах кшталту Adidas. Але там кошты ў разы большыя за рынак, таму застаецца апошні варыянт.
Што тычыцца харчавання то, натуральна, ніякіх выкшталцоных страў і прадуктаў. Я набываю пасля заробку кілаграмы два курынага фаршу, дзялю яго на часткі і потым запякаю ў гаршчку бульбу, цыбулю, гэты фарш. Ялавічыну, свініну ў выглядзе мяса не набываю. Але на абед, калі дзяжурыў на сутках, браў сала. Боршч з капусты, сала, цыбуля. Вось такі абед.
— Твае калегі таксама стэйкамі не абедаюць?
— Не, ніхто не жыруе. Мае старэйшыя калегі ўвогуле вельмі ашчадна ставяцца да грошай, жывуць як куркулі, усё лічаць.
З-за нізкага заробку прэстыж МНС моцна ўпаў. Я працаваў да гэтага на заводзе, і праца ў МНС аплачвалася вышэй, графік дзяжурства па сутках быў прывабны. Цяпер вялікая цякучка кадраў. Сталыя людзі амаль не прыходзяць. Прыходзіць малады хлопец, навучыш яго ўсяму, а праз два-тры гады ён звальняецца.
Раней нам было забаронена легальна падпрацоўваць. Калі заўважалі некага на падпрацоўках, то звальнялі пасля другога папярэджання. Цяпер дазволілі: малодшы камандны састаў і шарагоўцы могуць мець другую працу. Працэнтаў 80 ідуць у таксісты, будаўнікі. Калі я ўладкоўваўся на працу, на адно месца прэтэндавалі да сарака чалавек. Іх адпраўлялі на медкамісію і потым ацэньвалі патэнцыйных кандыдатаў, іх навыкі і таленты. Напрыклад, майстар спорту меў дадатковы плюсік. Цяпер жа шукаюць супрацоўнікаў ледзьве не праз абвесткі, гэта асабліва тыпова для раёнаў.
— Вы — такія сур’ёзныя дзядзькі і не можаце паўплываць на сваё кіраўніцтва, дамагчыся паляпшэння ўмоў працы, большага заробку?
— Паводле заканадаўства, нам забаронена ўдзельнічаць у мітынгах, ніхто ніколі не скажа лішняга слова, бо ёсць вертыкальная сістэма падпарадкавання. Нават калі прыязджаў міністр МНС, нас загадзя збіраў зампаліт, хацеў пачуць, якія пытанні мы збіраемся задаваць.
— А калі ты «несанкцыянавана» спытаеш у міністра пра набалелае, што будзе?
— Ён з’едзе і спытае потым у майго начальніка, што за такі нахабны баец завёўся ў атрадзе. Дадуць вымову. А гэта значыць, што прэміі ў памеры прыкладна аднаго мільёна рублёў табе не пабачыць, пакуль вымову не здымуць. Таму ніхто ніколі нічога лішняга не скажа, бо кіраўніцтва задавіць. Неяк я нешта ляпнуў у кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, дык наш зампаліт пагражаў ледзьве не расстрэльным артыкулам. Сілавымі структурамі дзяржаве ўвогуле лёгка кіраць, бо ёсць ціск зверху, ёсць заняткі па ідэалогіі.
— Якія недахопы ў працы ў МНС?
— У нас у разліковым лісце ёсць графа «за асаблівыя ўмовы службы» — маецца на ўвазе трохзменны рэжым працы. Але сапраўднымі мінусамі я б назваў нервовасць, давесак іншай працы, неаплочваемыя перапрацоўкі. Напрыклад, некалькі гадоў мы сваімі сіламі рабілі капрамонт: клалі плітку, рабілі сцены, падлогу. Здаралася, што робіш нешта, увесь у пабелцы, брудны. І тут сігнал трывогі, то бок трэба бегчы і пераапранацца на выклік, і вось следам за табою начальнік ідзе і крычыць, каб не забыўся дарабіць свой кавалак рамонту, як вернешся. І не важна, калі і наколькі стомлены прыедзеш у частку, хадзілі на гэтую будоўлю як рабы, працавалі бясплатна. А як некаму нешта не падабаецца, то начальства гаворыць, што ніхто нікога не трымае.
Наша змена, суткі з васьмі да васьмі. Але рэальна мы сыходзім дадому прыкладна каля дзявятай раніцы. Гадзіна неаплочанага часу. І колькі яго набягае за гады?
Што тычыцца стрэсу ад убачанага, то прыязджаеш на аварыю, машынальна адпрацоўваеш. А назаўтра, наступныя дні, здараецца, і пракручваеш гэта ў галаве, бывае, нават сніцца.
— У вас ёсць штатныя псіхолагі? Яны працуюць з вамі ці толькі гарбату п’юць?
— Так. Гарбату. Я памятаю адзін выпадак працы псіхолага: чалавек пасварыўся з начальнікам, і той адправіў яго да псіхолага.
— Які б заробак цябе задаволіў і дазволіў бы пачувацца годна?
— Дзве тысячы долараў было б ідэальна (пасміхаецца), а калі марыць больш набліжана да нашых умоў, то тысяча.
— Ці прывабны для працы Мінск?
— У сталіцы ёсць невялікая даплата. Раней хацеў пераехаць у Мінск, але кошт арэнды жытла і гэтая невялічкая даплата несувымерныя. Ведамаснага жытла ў МНС — мізер. Напрыклад, на ўвесь Гомель мо пакояў дзесяць. Я арандую свой пакой у інтэрнаце ад «Гомсельмашу».
— Супрацоўнікі МНС з’язджаюць у Расію, каб уладкавацца ў мясцовую службу ратавання?
— Там ёсць розныя падраздзяленні ратавальнікаў. Напрыклад, атрады, якія займаюцца пошукам зніклых людзей: можна выйсці на працу і месяц недзе ў гарах правесці. У іх сур’ёзная падрыхтоўка. Мой прыяцель спрабаваў туды ўладкавацца. Сказалі яму чакаць, вось і чакае ўжо гады тры. У звычайнай «пажарцы» заробак не фантан. Так што нашы, калі і едуць працаваць у Расію, то на шабашкі.
Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка:
— Змена кадраў — пастаянны працэс. Сярэдні некамплект ратавальнікаў па сістэме сёння складае 5,2 працэнта. Гэта зусім не крытычны паказчык, а ўвязваць яго толькі з
заробкамі не зусім карэктна: радавы і малодшы начсастаў у вольны ад працы час цяпер можа працаваць па сумяшчальніцтве. Мы ўвесь час вядзем працу па павелічэнні грашовага ўтрымання нашых
работнікаў.