«Закрыццё мяжы – проста знаходка». Эксперты тлумачаць, як каранцін паўплывае на беларуска-расійскія стасункі
Расія закрывае свае межы ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. У тым ліку з сёння памежнікі не будуць прапускаць фізічных асобаў праз пункты пропуску на беларуска-расійскай мяжы. Эксперты тлумачаць, як гэта паўплывае на дачыненні краінаў і наколькі моцна адаб’ецца на эканоміцы, паведамляе Белсат.

Інфармацыю пра закрыццё мяжы на месяц, якую ў панядзелак распаўсюдзіў прэм’ер-міністр Расіі Міхаіл Мішусцін, у Мінску сустрэлі вельмі крытычна. Спачатку занепакоіўся МЗС, пазней Лукашэнка заявіў, што Расія сама «уся палае ад каронавірусу».«Дык хто ад каго павінен зачыняцца. Пытанне рытарычнае», – сказаў ён.
Тым часам Беларусь па-ранейшаму застаецца адзінай краінай у рэгіёне, якая дагэтуль не закрыла свае межы і не ўвяла афіцыйна каранцін. Да прыкладу, ва Украіне абмежавалі нават перамяшчэнне ўнутры краіны, забараніўшы выезд з Кіева.

У Беларусі пры насельніцтве менш за 9,5 млн чалавек афіцыйна зарэгістравана 36 выпадкаў каронавіруса. У Расеі, дзе пражывае ў 15 разоў больш чалавек, COVID-2019 пацверджаны толькі ў 63 чалавек. Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum
Па стане на 16 сакавіка ў Беларусі лабараторна пацверджана 36 выпадкаў інфікавання каронавірусам, 35 з іх праходзяць у лёгкай форме, адзін – сярэдняй ступені цяжкасці.

Андрэй Паротнікаў. Фота belgazeta.by
Мы запыталі ў экспертаў, якіх палітычных і эканамічных наступстваў ад закрыцця мяжы з боку Расіі варта чакаць Беларусі. Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў мяркуе, што рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі можа нашкодзіць і без таго складаным двухбаковым стасункам.
«Рэакцыя Лукашэнкі – неадэкватная»
«Калі Лукашэнка і далей працягне рэагаваць у гэтай жа манеры – наступствы будуць не вельмі добрыя. Тое, што ён казаў сёння – закіды і абвінавачванні, абсалютна не заснаваныя на фактах, нейкія дзіўныя пагрозы – гэта неадэкватная рэакцыя на сітуацыю», – адзначае Паротнікаў.
Закрыццё мяжы з Расіяй будзе адчувальным і для эканомікі Беларусі, мяркуе эксперт.
«Безумоўна, эканамічныя наступствы будуць, бо вялікая колькасць беларускіх грамадзянаў, якія жывуць на прыгранічных тэрыторыях, штодня ездзяць працаваць у Расію. Расійскія памежнікі проста не будуць пускаць праз беларуска-расійскую мяжу фізічных асобаў. Выключэнне будуць складаць толькі тыя, хто перамяшчае грузы, афіцыйныя перавозчыкі», – кажа ён.

Жанчына праходзіць тэмпературны кантроль на польска-нямецкай мяжы пасля таго, як польскі ўрад прыняў рашэнне закрыць свае межы для замежнікаў у якасці прафілактычнай меры супраць каронавірусу. Фота: ANNEGRET HILSE / Reuters / Forum
Разам з тым, Паротнікаў лічыць увядзенне каранціну на межах правільным захадам.
«Пытанне ў тым, чаму Беларусь не робіць гэтага, каб мінімізаваць пагрозу распаўсюду каронавірусу, але гэта пытанне, у першую чаргу, да Лукашэнкі. Калі суседнія краіны ўводзяць каранцін па ўсім перыметры межаў – гэта добрая нагода беларускім уладам задумацца пра сур’ёзнасць сітуацыі.

На польска-беларускай мяжы. Здымак зроблены 14 сакавіка. Фота belsat.eu
Палітычны аналітык Ягор Лебядок падзяляе меркаванне што да неабходнасці каранціну і мяркуе, што хуткіх эканамічных наступстваў не прадбачыцца, бо транспартаванне тавараў не прыпыняецца.
«Тут справа, хутчэй, у інфармацыйным складніку і ў тым, хто больш скарыстаецца сітуацыяй, якая склалася – Лукашэнка, які можа сказаць, маўляў, Расія зноў на нас цісне і выкарыстаць гэта, напрыклад, у сваёй прэзідэнцкай кампаніі або расіяне. Аднак я не бачу асаблівай нагоды расіянам выкарыстоўваць часовае закрыццё мяжы як інструмент ціску на Мінск у тым жа пытанні з дарожнымі мапамі», – гаворыць Лебядок.
«Эканоміка атрымала ўдар, якому няпроста даць рады»
Намеснік дырэктара Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Юрый Царык, наадварот, лічыць, што наступствы для Беларусі будуць вельмі цяжкімі і закрыццё мяжы Расіяй нанясе сур’ёзны ўдар па эканоміцы.

Юры Царык, фота з сацыяльных сетак
«Значна ўскладняюцца трансгранічныя кантакты і бізнэс-схемы, асабліва ва ўсходняй Беларусі, а таксама перамяшчэнне грамадзянаў, якія працуюць у Расіі вахтавым метадам. Усё разам гэта складае вялікую частку даходаў насельніцтва тых рэгіёнаў.
Далей трэба глядзець, як будзе прымяняцца забарона на практыцы, аднак відавочна, што ў рамках забароны на ўезд фізічных асобаў, могуць пачаць не прапускаць і грузавы транспарт, бо ім кіруюць тыя ж фізічныя асобы. У сваю чаргу, можа пацярпець беларускі экспарт», – кажа Царык.
На думку аналітыка, закрыццё мяжы – вельмі сур’езны крок і ён больш важны, чым папярэднія праблемы ў нафтавым сектары.
«Было зразумела, што расійскі бок будзе і далей узмацняць ціск на Беларусь. Мы думалі, што гэта будзе звязана з абмежаваннем доступу беларускі вытворцаў на расійскі рынак. А тут з’явіўся каронавірус – добрая нагода, каб увесці каранцін на мяжы. Безумоўна, гэта ўзмацняе ціск на нашу краіну ў перадвыбарны год. Нават вырашэнне пытанняў па нафце не гарантуе спакойнага развіцця падзей. Эканоміка ў цэлым атрымала ўжо такі ўдар, якому няпроста даць рады», – адзначае Царык.
Эксперт лічыць, што аслабленне эканомікі, звязанае з каранцінам, нафтавым крызісам, а таксама цяжкім станам дзяржаўных прадпрыемстваў прывядзе сёлета да росту пратэставых настрояў у Беларусі.
«Маштабы эпідэміі ў Расіі ўжо вялікія, таму, з аднаго боку, такія дзеянні ўладаў укладаюцца ў «клопат пра людзей», хаця крок і запознены. Але што тычыць беларуска-расійскіх дачыненняў, то для Расіі гэты каронавірус – проста знаходка, паколькі дазваляе пад зручнай нагодай узмацніць ціск на Мінск. Гэты манеўр упісаны ў «беларускую» стратэгію Крамля, накіраваную на змену рэжыму і ўсталяванне аднабаковага кантролю над тэрыторыяй нашай краіны», – дадае Юрый Царык.