Эксперт: Каранавірус паказаў, як Расія насамрэч ставіцца да Беларусі
У панядзелак 16 сакавіка расійскі ўрад заявіў, што з-за распаўсюджвання каранавіруса закрывае мяжу з Беларуссю. Рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі была практычна імгненнай.
«Усе песні пра Саюзную дзяржаву — абсалютны пшык»
«Хачу некаторым гарачым галовам у Расіі параіць думаць, перш чым казаць. Справа ў тым, што зачыніць, як і пачаць нейкую вайну, заўсёды прасцей, чым потым з гэтай сітуацыі выходзіць. Таму што пасля закрыцця прыйдзе перыяд, калі трэба будзе адкрываць... Навошта ж адрэзалі Беларусь ад Расіі, не падумаўшы пра наступствы?», — абурыўся кіраўнік Беларусі.
Ён таксама дадаў:
«Як можна прымаць такія рашэнні? Не параіўшыся, паставіць перад фактам. Гэта для мяне незразумела. І самае цікавае: калі ўжо зачыняць мяжу — гэта, напэўна, не ўрада справа. Гэта рашэнне павінен прымаць прэзідэнт краіны».
UDF.BY пацікавіўся ў палітолагаў, ці стала рашэнне Масквы палітычнай праблемай у адносінах дзвюх краін.
«Ніхто і ў грош не ставіць інтарэсы Беларусі»
Кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў у каментары UDF.BY адзначыў, што палітычная праблема відавочная.
«Важнае рашэнне прымаецца без узгаднення з беларускім бокам. То бок, усе гэтыя песні пра Саюзную дзяржаву, сумеснае рэгуляванне, нейкую палітычную агульнасьць — абсалютны пшык. У гэтай сітуацыі, калі пагроза расцэньваецца як сур’ёзная, можна было б хоць бы дамовіцца аб калектыўных і аднолькавых мерах. Але не. Тое, што такое рашэнне аб мяжы прымаецца ў аднабаковым парадку, сведчыць аб стане палітычных адносін, у тым ліку ў межах Саюзнай дзяржавы», — лічыць Ягораў.
Чаму Міхаіл Мішусцін не стаў улічваць пазіцыю афіцыйнага Мінска?
«Гэтая сітуацыя паказвае рэальнае месца і ролю беларускага пытання ў сістэме прыняцця палітычных рашэнняў у Расіі, дзе інтарэсы Беларусі не ўлічваюцца. І паказвае сапраўднае стаўленне расійскага істэблішменту да Беларусі. І калі яны кажуць пра паглыбленую інтэграцыю, то трэба разумець, што роўна тое самае будзе, калі Мінск пагодзіцца з іх прапановамі. Ніхто і ў грош не ставіць інтарэсы Беларусі ў гэтым працэсе», — мяркуе Ягораў.
«Не думаю, што Пуцін не ведаў аб закрыцці мяжы»
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» і доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч у каментары UDF.BY адзначыў, што Расія не ўпершыню спрабуе ўсталяваць кантроль над сумеснай мяжой.
«Але цяпер гутарка ўсё-ткі ідзе пакуль аб надзвычайных мерах і ў вырашэнні не прасочваецца прамая палітычная матывацыя. Хоць гэта і дадатковая падстава зразумець, наколькі ў нас адносіны з Расіяй выбудаваныя па прынцыпе ўзаемнага ўліку інтарэсаў. Такі крок, так ці інакш, павінен быў сур’ёзна абмяркоўвацца паміж бакамі. Тут пытанне не ў самой зробленай меры, а ў тым, наколькі сур’ёзна былі праведзены кансультацыі і перамовы», — сказаў Казакевіч.
Лукашэнка выказаў занепакоенасць, што могуць узнікнуць праблемы, калі мяжу трэба будзе адкрываць. Але палітолаг у гэтым сумняецца.
«Адсутнасць мяжы з Беларуссю — у інтарэсах Расіі, гэта дадатковая прывязка нашай краіны да РФ. Хоць раней Масква выказвала занепакоенасць бяспекай мяжы з улікам паслаблення візавага рэжыму з боку Беларусі для шматлікіх краін», — адзначыў Казакевіч.
Ці можа размова Лукашэнкі з Пуціным змяніць рашэнне Масквы аб закрыцці мяжы?
«Не думаю, што Пуцін не ведаў пра гэта. З боку Лукашэнкі гэта элемент палітычнай гульні. Усё ж такі вінаваціць у цэлым усю Расію для беларускіх уладаў азначала б скарачэнне магчымасцяў для манёўру. А калі громаадводам выступае толькі расійскі ўрад, то яшчэ застаецца незадзейнічаным механізм зносін з самім Пуціным», — лічыць Казакевіч.
Паводле udf.by