Замарозілі здзелкі на мільёны еўра. У Швецыі — скандал з-за супрацоўніцтва «Siemens» з Мінэнерга Беларусі

Падставай для скандалу стала расследаванне шведскіх СМІ, падчас якога высветлілася, што краіна працягвае супрацоўнічаць з беларускімі дзяржаўнымі арганізацыямі.

9_dekabrya_otmechaetsya_mezhdunarodnyy_den_borby_s_korruptsiey_1.jpg


Швецыя замарозіла стасункі з беларускімі дзяржаўнымі структурамі і падтрымала гандлёвыя санкцыі ЕС, але, як высветлілася, у канцы верасня шведскі ўрад раптам наважыўся падтрымаць угоду з беларускімі дзяржпрадпрыемствамі на мільёны долараў, піша Тelegraf.by са спасылкай на шведскі тэлеканал TV4.

Аказалася, што шведскае «Агенцтва па крэдытаванні» (EKN) застрахавала крэдыт на здзелку паміж шведскай фірмай «SIEMENS Energy AB» і беларускімі дзяржпрадпрыемствамі «Мінскэнерга» і «Брэстэнерга». Дзякуючы ўзнятаму шуму, агенцтва было вымушана замарозіць здзелку для далейшага разбору.

Рашэнне было прынята на самым высокім узроўні, а ініцыятарам правядзення расследавання сталі дзеянні беларускай дыяспары ў Швецыі і актыўнасць НАУ на чале з Паўлам Латушкам.

Нагадаем: нібыта шведская «Siemens Industrial Turbomachinery» выйграла тэндар на пастаўку абсталявання па стварэнні і запуску ў 2021 годзе пікава-рэзервовых магутнасцей на мінскай ЦЭЦ-5. Яна змагла перамагчы дзве кітайскія кампаніі — «Кітайскую машынабудаўнічую інжынірынгавую карпарацыю» і «Паўночнакітайскую электраэнэргетычную праектную кампанію пры кітайскай электраэнэргетычнай інжынерна-кансультацыйнай карпарацыі», а таксама іспанскую «TSK ELECTRONICA Y ELECTRICIDAD». Заказчык, Мінэнерга, абраў прапанову «Siemens» коштам у 135 млн. еўра.

«Siemens Industrial Turbomachinery» тады ж выйграла яшчэ шэраг тэндараў на пастаўку абсталявання для стварэння дадатковых рэзервовых магутнасцей на Лукомльскай ГРЭС (150 МВт) і Наваполацкай ЦЭЦ (100 МВт) на суму каля 138 млн. еўра.

Аднак стала вядома, што згаданая кампанія перамагала зусім не выпадкова. Сёння «Siemens Industrial Turbomachinery» ўжо мае новае імя — «Siemens Energy LLC, Belarus». А пасаду аперацыйнага дырэктара (COO) займае Сяргей Уладзіміравіч Шышко.

«Засталося дадаць, што COO (аперацыйны дырэктар, другі чалавек у фірме) "Siemens Energy LLC, Belarus" — так цяпер называецца "Siemens Industrial Turbomachinery" — гэта Сяргей Уладзіміравіч Шышко, сын экс-гендырэктара РУП "Брэстэнерга" Уладзіміра Міхайлавіча Шышко і брат Аляксандры Баскавай (Шышко), чый муж Дзмітрый Баскаў вядомы зразумела чым і блізкі вядома з кім», — пісаў адзін з падпісчыкаў тэлеграм-канала «Эканоміка».