Зноўку падоім Расію: замест растваральнікаў — антыдэтанатары
У Беларусі раптам немаведама адкуль з’явіліся вялікія грошы. На мінулым тыдні Міхаіл Мясніковіч запэўніў, што мы можам у 2015 годзе разлічыцца па ўсіх знешніх пазыках.
«У першую чаргу, разглядаючы збалансаванасць бюджэту на 2015 год, мы павінны разумець, што нам трэба ў поўным аб’ёме разлічыцца па ўсіх знешніх пазыках. Гэта святое. Мы гэтыя сродкі бралі для мадэрнізацыі эканомікі, мы павінны выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы», — заявіў Мясніковіч. Больш за тое, ён адзначыў, што золатавалютныя рэзервы пры гэтым павінны быць захаваныя.
Як такое магчыма? Аб’ём толькі кітайскіх крэдытаў у нас, па мінулатыднёвых словах Аляксандра Рыгоравіча, — 15–18 мільярдаў долараў. Апроч таго, ёсць крэдыт МВФ, крэдыт Венесуэлы, крэдыт Ашчадбанка Расіі «Беларускалію», крэдыт АКФ ЕўрАзЭС, 3–4 расійскія міжурадавыя крэдыты, выдадзеныя ў розныя гады, крэдыт расійскага ВТБ, выдадзены вясною гэтага года, і Бог ведае яшчэ якія абавязальніцтвы.
Тут Мясніковічу трэба знайсці не мех, а, напэўна, цэлы чыгуначны цягнік з золатам. Няўжо знайшлі?
Пра аб’ёмы крэдытавання Беларусі можна здагадвацца па тым, якія ў нас абавязальніцтвы ў крэдытнай сферы на 2015 год. А абавязальніцтвы ў нас — на 4 мільярды долараў. З іх $3 мільярды павінны быць выдаткаваныя на пагашэнне доўгу і $1 мільярд — на бягучае абслугоўванне (працэнты). Такую лічбы на пасяджэнні Саўміна агучыў першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын.
Паводле яго слоў, крыніцамі сродкаў пагашэння знешняга доўгу стануць экспартныя пошліны на нафтапрадукты ў суме $1,5 мільярда, якія Пуцін паабяцаў Лукашэнку ў абмен на падпісанне дамовы пра ЕАЭС, і мытныя пошліны ад экспарту сырой нафты ў суме $582 мільёны. Яшчэ $1 мільярд будзе рэфінансаваны за кошт незвязаных знешніх крэдытаў, у тым ліку міждзяржаўных.
Амарын не назваў крыніцы сродкаў на абслугоўванне знешняга доўгу. Мяркуючы па ўсім, улады зноў будуць выкручвацца, зыходзячы з сітуацыі, прадаючы валютныя паперы і выкарыстоўваючы іншыя механізмы, кшталту міжбанкаўскіх крэдытаў.
Марам Мясніковіча пра «аднамомантнае» пазбаўленне Беларусі ад крэдытнай залежнасці перашкаджае яшчэ і тое, што некаторыя з іх знаходзяцца «ў працы». Напрыклад, як вядома, мы атрымліваем расійскі крэдыт на атамную станцыю. Як можна яго сплаціць, калі АЭС мы яшчэ не пабудавалі?
Праўда, тут праца ідзе сямімільнымі крокамі. Як паведамілі ў прэс-службе РУП «Беларуская атамная электрастанцыя», на энергаблоку №1 Беларускай АЭС змантаваны першы блок унутранай ахоўнай абалонкі. «Гэтая падзея па значнасці параўнальная з заліваннем «першага бетону». Мантаж унутранай ахоўнай абалонкі — адзін з вузлавых момантаў будоўлі. Тым самым мы выйшлі на мантаж надземнай часткі станцыі», — сказаў гендырэктар РУП «Беларуская АЭС» Міхаіл Філімонаў.
Паводле гендырэктара, унутраная ахоўная абалонка будуецца «вельмі эфектыўным метадам», які ўпершыню быў ужыты на будоўлі Запарожскай АЭС, а затым выкарыстоўваўся пры ўзвядзенні станцый на ўсёй тэрыторыі былога СССР. «На жаль, потым на яго незаслужана забыліся. Аднак трэст РОССЭМ здолеў захаваць тэхналогію і прымяніць на практыцы такі метад узбуйняльнага мантажу на будоўлі Новаваронежскай АЭС», — цытуе БелТА Філімонава.
Не ведаю пра «эфектыўны метад», але Запарожская АЭС была ўведзеная ў эксплуатацыю ў 1984 годзе. Тыя «забытыя, але потым узноўленыя» тэхналогіі — тэхналогіі, калі панельныя 9-павярховікі былі вышынёю савецкага будаўніцтва.
Пад «Новаваронежскай АЭС» Філімонаў, пэўна, мае на ўвазе «Новаваронежскую АЭС-2», бо першая станцыя там узведзеная ў 1964 годзе, і павінная ўжо выводзіцца з эксплуатацыі. Дык вось, тая «АЭС–2» дагэтуль не пабудаваная. Так што «стары-забыты-ўзноўлены-эксперыментальны» метад працы, хутчэй, павінен выклікаць занепакоенасць, чым дасягненне, як пра тое кажа дырэкцыя БелАЭС.
Але гэта такое лірычнае адступленне. Галоўнае пытанне ўсё ж у грошах.
Грошы на пагашэнне крэдытаў без кранання ЗВР мы знайшлі звыклым чынам. Раней у нас з Расіяй была «растваральна-разбаўляльная афёра». Зараз мы знайшлі новы шлях. Беларусь выйшла ў сусветныя лідары па экспарце антыдэтанатараў і інгібітараў, пастаўкі якіх не падпадаюць пад абкладанне пошлінамі пры экспарце за межы краін Мытнага саюза.
Гаворка ідзе пра экспарт тавараў па кодзе «Іншыя антыдэтанатары, антыаксіданты, інгібітары смолавытворчасці, загушчальнікі, антыкаразійныя рэчывы і прысадкі гатовыя іншыя». Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, за шэсць месяцаў 2014 года гэтай прадукцыі было пастаўлена за межы Беларусі амаль 105 тысяч тон на агульную суму, якая перавышае 94 мільёны долараў. Характэрна, што экспарт у натуральным выражэнні павялічыўся ў параўнанні са студзенем-чэрвенем 2013 года ў 53 разы, у вартасным — аж у 131 раз!
Асноўнымі спажыўцамі беларускіх антыаксідантаў, інгібітараў і загушчальнікаў з’яўляюцца Нідэрланды і Вялікабрытанія. Характэрна, што ў абедзве краіны дадзеныя нафтапрадукты ў 2013 годзе не пастаўляліся ўвогуле, а ўжо ў 2014-м экспарт у Нідэрланды перасягнуў 45 тысяч тон і 41 мільён долараў, у Вялікабрытанію — 57 тысяч тон і 52 мільёны долараў. Нагадаем, што тыя ж Вялікабрытанія і Нідэрланды былі асноўнымі спажыўцамі «беларускіх распушчальнікаў і растваральнікаў».
Цікава, колькі зараз спатрэбіцца часу Расіі, каб «перакрыць» і гэты «кранік»?