Славацкі шлях: Першыя ўражанні

Насуперак вядомаму выслоўю, урокі гісторыі так ці інакш кагосьці чамусьці вучаць. Толькі па-рознаму. Урок, што засвоіла і, на жаль, рэалізавала на практыцы пануючая вось ужо 20 гадоў на Беларусі кіроўная групоўка — гэта рэстаўрацыя былой, савецкага ўзору, таталітарнай палітычнай канструкцыі. Урокі ж краін, што паспяхова здзейснілі свой шлях да дэмакратыі, ёй патрэбны выключна дзеля засцярогі, для збудавання ахоўных «ліній Сталіна» і арганізацыі прэвентыўных рэпрэсіўных атак супраць апанентаў.



4_1_palac.jpg

Прэзідэнцкі палац. Рытуал змены варты

Для дэмакратычных сіл Беларусі параўнальнае асэнсаванне паспяховага досведу суседзяў, сваёй краіны ў рэгіянальным кантэксце, а праз яго — у агульнаеўрапейскім — жыццёвая неабходнасць. Каб больш дакладна зразумець, чым мы падобныя і чым адрозніваемся, у чым памыляліся, чаму пацярпелі паразу пры першай спробе дэмакратычных пераўтварэнняў пачатку 1990-х гадоў. Зразумець і ўрэшце здзейсніць прарыў з багны аўтарытарнага застою і напаўкаланіяльнай залежнасці на агульнацывілізацыйны шлях развіцця.
Найбольш актуальным для Беларусі рэдакцыя «Новага часу» палічыла вопыт новых краін Еўрасаюза. Ну, а паколькі нельга ахапіць неахопнае, на пачатку для азнаямлення мы абралі тры краіны — Славакію, Латвію і Польшчу.
У найноўшай гісторыі ёсць адна істотная перавага перад гісторыяй даўняй — гэта жывая гісторыя, пра якую можна распытаць саміх яе творцаў і ўдзельнікаў. Што і зрабілі журналісты «Новага часу» ў асабістых сустрэчах і інтэрв’ю з палітыкамі, грамадскімі актывістамі, аналітыкамі і калегамі-журналістамі. Акрамя таго, пацікавіліся, як успрымаюцца гэтыя гістарычныя перамены людзьмі, як жывецца ў Еўрасаюзе.

----------------------------------------------------------------------------
Дзве гадзіны самалётам з Мінска ў Вену плюс адна гадзіна (60 кіламетраў) аўтобусам з венскага аэрапорту да Браціславы — найхутчэйшы шлях да Славакіі. І ты, нават па першых уражаннях, апынаешся ў іншым свеце. Такім адрозным ад нашага. І такім падобным. Як у гістарычнай рэтраспектыве, так і сучасным вымярэнні.
Падабенства моваў
Як на побытавым, так і прафесійным узроўнях. Я распытваў дарогу, замаўляў ежу ў кафэ па-беларуску, мне адказвалі па-славацку, і мы разумелі адзін аднаго. Падчас інтэрв’ю я прамаўляў па-беларуску, мяне перакладалі па-славацку. Гэта ўспрымалася абсалютна натуральна. Дзіўным славакам было б, каб я — беларус з Беларусі — размаўляў па-руску. Моладзь па-руску мяне нідзе не разумела. Мовай зносін мне скрозь, ад прадавачкі піццы да дэпутатаў у парламенце, прапаноўвалася англійская. На рускай мове мы вялі гаворку фрагментамі, бадай што толькі з асобнымі палітыкамі больш сталага пакалення, а таксама маладымі актывістамі грамадскіх арганізацый, прафесійна звязаных з краінамі былога Савецкага Саюза.
Недзе на чацвёртай-пятай сустрэчы са славацкім інтэлектуаламі, я са здзіўленнем заўважыў, што мы ўжо, ці не на палову, разумеліся без перакладу. Як паведаміў мне адзін з маіх славацкіх суразмоўцаў, на думку філолагаў, найбліжэй да славацкай з усіх славянскіх моваў ёсць беларуская.
Непадабенства сталіц
Уразіла адметная архітэктурная прыгажосць Браціславы і яе агульная ўтульнасць. Найперш, старога места, старога горада, які захаваўся ў першасным выглядзе. Некалькі помнікаў архітэктуры былі зруйнаваныя за савецкім часам, калі будаваліся новы мост і хуткасная магістраль праз Дунай. У астатнім — замак на ўзвышшы, касцёлы, палацы і дамы, фантаны і плошча на ўзбярэжжы легендарнага Дуная — з любоўю адрэстаўраваны.
На дзіва, архітэктура гістарычнай Браціславы, вытрыманая, што натуральна, у агульным аўстра-венгерскім стылі, вызначаецца нейкім асабістым, менавіта славацкім, каларытам. У горадзе, і не толькі ў старым, безліч кафэ і рэстаранаў. Людзей — турыстаў і месцічаў — многа, але не занадта. Сталае насельніцтва Браціславы — крыху больш за паўмільёна чалавек, турыстычны паток яшчэ не набыў характар патопу, як, прыкладам, у Празе. Людзі ўсмешлівыя і добразычлівыя, твары адкрытыя, прыязныя. Без усялякага нават ценю ўжо адбітку савецкай замкнёнасці, постсавецкай заклапочанасці, што так уражвае замежнікаў на вуліцах Мінску. І так прыгнятае па вяртанні на радзіму са свабодных краін нас саміх, нават пасля кароткачасовай адсутнасці.
Адным надвячоркам, блукаючы па вузкіх вулачках старога горада, нечакана пачуў моцны прыгожы тэнар. Кіруючыся на голас, выйшаў на шырокі бульвар. Убачыў стацыянарную сцэнічная пляцоўку, на якой канцэрт давалі спевакі опернага тэатру. Вакол — бліз сцэны, на лавачках, за столікамі ў прылеглых кафэ — стаялі, сядзелі, гулялі, слухалі і не слухалі, елі, цягнулі піва, размаўлялі між сабой мноства людзей. Дзе-нідзе заўважныя былі і купкі людзей з якімісьці плакатамі, з улёткамі, што раздавалі мінакам. «І амаль штодзённыя канцэрты ад рок-гуртоў да класікі, і палітычныя пікеты, — патлумачылі мне, — таксама звычайная справа». І толькі зрэдку мільгалі фігуры паліцыянтаў.

4_2_kancert.jpg

Канцэрт спевакоў опернага тэатра


Непадабенства ў коштах і заробках
Цэны на харчовыя прадукты ў крамах значна таннейшыя, чым у Мінску. І непараўнальна танней — у кафэ і рэстаранах. Пры непараўнальна лепшай якасці тавараў і страў. Звычайны абед у шараговым кафэ — 2–3 еўра. Вячэра ў рэстаране з куфлям піва — 5–9 еўра. Нават у культавым «Браціслаўскім бровары». Шмат блюд — з нацыянальнай кухні. Напрыклад, ну вельмі смачныя смажаны сыр ці галушкі. Кафэ і рэстараны ў абедзенны перапынак і вечарам запоўненыя. І далёка не толькі турыстамі. У тым жа «Браціслаўскім бровары», што месціцца наводдаль ад турыстычных сцежак, меню надрукавана толькі на славацкай мове без англійскага перакладу. Значыць, з разлікам выключна на сваіх.
Звычаем для браціслаўскіх жыхароў сталіся выхады ў рэстаран вечарам па пятніцах — сямейным, сяброўскім колам і, зразумела, закаханых. Публіка пераважна маладога і сярэдняга ўзросту. Ну, ці можа аспірант БДУ, падобна аспіранту браціслаўскага ўніверсітэта імя Каменскага, дазволіць сабе з сябрамі штопятніцу, а то і часцей, паход у рэстаран? Пра гэту завядзёнку, як і наогул пра матэрыяльнае становішча славацкіх студэнтаў і аспірантаў, мне распавёў мой перакладчык, мінчук Аляксей, які па адной з міжнародных праграм навучаецца ў аспірантуры па спецыяльнасці «паліталогія» (і адначасова выкладае курс для студэнтаў) ва ўзгаданым універсітэце.

4_3_andersen_i_kafe.jpg

Помнік знакамітаму дацкаму казачніку Гансу Хрысціяну Андэрсену, які ў 1841 г. наведаў
Браціславу. Вечарамі яму не сумна: на бульвары і ў кафэ віруе жыццё

 

4_4_karaleuski_zamak.jpg

Каралеўскі замак


Сярэдні заробак у Славакіі — каля 770–790 еўра. Ці задаволены людзі ўзроўнем свайго жыцця? Адказ на гэта пытанне, амаль без выключэння, гучаў адмоўна. І на тое хацелася б, і на гэта не хапае. Але ж адмоўнымі былі адказы і на пытанне, ці хацелі б яны вяртання ў перыяд прэм’ерства Уладзіміра Меч’яра. Гэта перыяд ад 1994 па 1998 год, азначаны відавочнай тэндэнцыяй адкату краіны да аўтарытарызму і разгулам карупцыі. Але пра гэту, асноўную, тэму маёй журналісцкай каман­дзіроўкі ў Браціславу — асобна.
Адмоўнымі былі і адказы на пытанне пра вяртанне ў савецкія часы. За рэдкім выключэннем — ад людзей паважнага веку і пэўнай ідэалагічнай скіраванасці. Як тое, што я пачуў на сустрэчы з сябрамі славацка-расійскага клуба. Але і іх незадавальненне сучаснымі парадкамі ў параўнанні з савецкімі, мела пад сабой хутчэй маральную, а не палітычную падаплёку — карупцыяй, алігархамі, разрывам у зарплаце, дыктатам тугога кашальку. Цікавая дэталь: сустрэча адбывалася ў рэстаране, уладальнікам якога быў адзін з прысутных чальцоў клуба. І другая: як высветлілася, ніхто з іх не хацеў адмаўляцца ад свабоды слова, сходаў, свабодных выбараў. І дэталь трэцяя: на гэтай сустрэчы прысутнічаў лідар клуба, палітык Ян Чарнагурскі — адзін з актывістаў посткамуністычных перамен у Славакіі.
Нават на вонкавае, непазбежна фрагментарнае маё назіранне, напрошвалася выснова, што славацкае грамадства, пры пэўнай сумятні і перапляценні супярэчлівых ідэалагем, што тыпова для пераходных перыядаў, ужо вольнае як ад сацыялістычнай настальгіі, так і ад тугі па моцнай руцэ. Што пацвердзілі ў размовах сацыёлагі і палітолагі.
Падабенства гістарычных кодаў
Сюжэты з гісторыі Славакіі ў іх праекцыі на сучаснасць і магчымыя варыянты развіцця краіны на будучыню абавязкова ўзнікалі ў кожнай з маіх сустрэч (а іх было больш за паўтара дзясятка) са славацкімі палітычнымі і грамадскімі дзеячамі, экспертамі і журналістамі. Гэтак жа, як і пэўныя паралелі з гісторыяй Беларусі.
Заангажаванасць інтэлектуальнай нацыянальнай эліты гісторыяй сваёй краіны — з’ява натуральная. Гэта складнік яе прафесійнага менталітэту, яе ўплыву на фармаванне грамадскай самасвядомасці і працэс пабудовы суверэннай дзяржавы. Па-за гісторыяй — няма нацыянальнай эліты. Гістарычны нігілізм для яе, нароўні з моўным — што пацалунак смерці.
 Славацкае грамадства ў цэлым здолела захаваць гістарычную памяць у значна лепшым стане, чым беларусы. Хаця таксама не без правалаў і скажэнняў. Ціск знешніх адмоўных уплываў на гэтай частцы кантынента аказаўся меншым. Ды і вытравіць памяць гісторыі са свядомасці народа, дзе гэтай памяццю насычаны сотні помнікаў архітэктуры, значна цяжэй.

4_5_stary_gorad.jpg

Стары горад

4_6_universitet.jpg

Універсітэт


Сённяшняя незалежная дэмакратычная дзяржава Славакія паўстала з дна акіяна сваёй гісторыі. Гэтак жа, як і Беларусь. І не праз выпадковы збег знешнепалітычных абставін, як гэта трактуе дастаткова папулярная версія, але ў выніку супярэчліва знітаваных у вяках падзей і высілкаў пакаленняў нацыянальных эліт і нацыянальных рухаў.
Да 1918 года, на працягу амаль дзевяці стагоддзяў Славакія была часткай Венгерскага каралеўства, якое ўваходзіла ў склад цэнтральнаеўрапейскай імперыі Габсбургаў, пераўтворанай у 1867 годзе ў Аўстра-Венгерскую манархію.
Венгерскі нацыянальны рух, які да гэтага спрыяў славацкаму нацыянальнаму адраджэнню, набыў статус афіцыйнай палітыкі ў выглядзе так званай мадзьярызацыі, скіраванай на асіміляцыю чэхаў і славакаў.
У выніку гэтай палітыкі вялікі слой славакаў, найперш адукаваных, перайшоў у так званыя мадзьяроны, якія свядома адмовіліся ад сваёй мовы і культуры на карысць больш «перадавой» культуры венгерскай. Гэта адчыняла перад імі ўсе магчымасці кар’ернага росту. Паводле перапісу, з 1880 па 1910 год колькасць славакаў на тэрыторыі сучаснай Славакіі скарацілася з 63 да 57 працэнтаў, а колькасць венграў павялічылася з 22 да 30 працэнтаў.
Тым не менш, славацкі нацыянальны рух вытрымаў не толькі імперскі ціск, але і напор венгерскага (мадзьярскага) нацыяналізму. Як і ў Беларусі, вытрымаў на абарончых плацдармах мовы, культуры, гісторыі. У інтэлігенцкіх асяродках, культурна-асветніцкіх гуртках, у створанай славацкай Нацыянальнай партыі.
Як і беларускі нацыянальны рух, славацкі, з-за сваёй слабасці і немажлівасці атрымаць перамогу ўласнымі сіламі, вымушаны быў шукаць знешнюю падтрымку. Адны спадзяваліся на пагадненне з венграмі, другія арыентаваліся на чэхаў ці палякаў, былі і панславісты, русафілы.
Аднак славацкая нацыянальная эліта здолела не прапусціць свой гістарычны шанс, які ўзнік у 1918 годзе пасля развалу імперыі Габсбургаў. Разам з чэшскай нацыянальнай элітай яны  дамовіліся, адэкватна ацанілі тагачасную сітуацыю, супольна выпрацавалі і рэалізавалі праект стварэння адзінай Чэхаславацкай дзяржавы, прызнанай краінамі Антанты. Паралельнасць і падабенства гэтага працэсу са стварэннем Беларускай Народнай Рэспублікі відавочныя. Але, на шчасце Славакіі і Чэхіі, з імі побач не было бальшавіцкай Расіі. Ім не пагражала агрэсія.
У перыяд першай Чэхаславацкай рэспублікі (1918–1938), праводзілася афіцыйная палітыка так званага чэхаславакізму, згодна з якой чэхі і славакі разглядаліся дзвюма галінамі аднаго народа. Падобная ідэя ўтрымлівалася і ў дактрыне «заходнерусізму» ў адносінах да беларусаў і ўкраінцаў, з той, аднак, розніцай, што чэхаславакізм прадстаўляў славакам поўную культурную аўтаномію. Славацкая мова мела афіцыйны статус, на ёй працавала ўся сістэма адукацыі, яна ўжывалася ва ўсіх без выключэння сферах жыццядзейнасці краіны.
Беларускі даследчык Яраслаў Шымаў параўноўвае гэту палітыку з палітыкай беларусізацыі другой паловы 1920-х гадоў у Беларусі. Розніца, аднак, у маштабе і ў часе — некалькі гадоў і два дзесяцігоддзі. А яшчэ і ў палітычнай сістэме — дэмакратычнай у Чэхаславакіі і таталітарнай у БССР у складзе СССР. У 1930-я гады творцы беларусізацыі і ўся нацыянальная інтэлігенцыя былі расстраляныя. У Славакіі ж у гэты перыяд якраз сфармавалася нацыянальна арыентаваная эліта, абудзілася самасвядомасць народа.
Упершыню ў выглядзе самастойнай дзяржавы на карце Еўропы Славакіі было наканавана з’явіцца ў трагічнай сітуацыі. Пасля Мюнхенскай дамовы (1938), дзеля канчатковай ліквідацыі Чэхаславакіі, Гітлер па сутнасці прымусіў лідара нацыяналістаў Й. Цісо абвясціць незалежнасць Славакіі, якая на справе была марыянеткай Берліна.
Аднак і ў адноўленай пасля вайны, ужо камуністычнай, Чэхаславакіі магчымасцей для нацыянальнага развіцця, у прыватнасці, мовы і культуры, у Славакіі захавалася непараўнальна больш, чым у рэспубліках Савецкага Саюза. Пражскі цэнтралізм — не роўня імперскаму крамлёўскаму. У кіраўніцтва Чэхаславацкай камуністычнай партыі ўваходзілі як чэхі, гэтак і славакі. І менавіта гэта кіраўніцтва на чале са славакам Аляксандрам Дубчакам ініцыявала рэформы «пражскай вясны». Пасля разгрому ў 1968 годзе многія дысідэнты з Прагі, дзе пераслед быў значна больш жорсткі, знайшлі прытулак у Славакіі.
Супольным — чэхаславацкім — быў і дысідэнцкі рух. Гэтую тэму мы закранулі пры сустрэчы ў Браціславе з Марцінам Міланам Шымечкам (Martin Milan Šimečka) — дысідэнтам і сынам дысідэнта Мілана Шымечкі, адным з бліжэйшых саратнікаў, а потым дарадцам прэзідэнта Вацлава Гавела.
Свой шлях да нацыянальнага вызвалення з імперскіх абцугоў да дзяржаўнай самастойнасці чэхі і славакі пачалі разам у 1918 годзе. Разам, праз мірную «аксамітавую рэвалюцыю» яны здзейснілі і сваё другое вызваленне ў 1989-м. І па дамоўленасці спакойна і мірна разышліся ў студзені 1993 года. На карце Еўропы з’явіліся суверэнная Чэхія і суверэнная Славакія.
Працяг тэмы ў наступным нумары