14 кастрычніка адкрытая лекцыя Ігара Бабкова “Пасля філасофіі”

У часы позняй мадэрнасці, калі адзінай легітымнай формай веды застаецца навука, шмат хто говорыць аб смерці філасофіі, аб сітуацыі «пасля філасофіі».



0484.jpg

Смерць філасофіі ў гэтым кантэксце не значыць, што філасофія знікае з універсітэцкіх раскладаў альбо перастае быць важнай часткай культурнай традыцыі. Гэта значыць, што перад абліччам эксперыментальнага прыродазнаўства філасофія так і не змагла адстаяць сваю апрычонасць, спецыфіку і мімікрыруе пад навуковасць, уцякаючы ад сваёй сутнасці.

Бэртран Расэл у сваёй Гісторыі заходняй філасофіі гаворыць пра філасофію як пра «нічыйную прастору» між навукай і рэлігіяй.


Навука трымаецца дакладнай веды, рэлігія абвяшчае пэўныя праўды, перададзеныя традыцыяй. Дакладнасць навукі заўсёды абмежаваная і, спабуючы дайсці да скрая, мы непазбежна знаходзім сябе на мяжы. Між тым, што мы лічым ведай, і тым няпэўным і невядомым, што разлягаецца з другога боку.

Гэтая прастора паміж вельмі адмысловая. Гэта мейсца няведання, але няведання пазітыўнага. У гэтым няведанні свет застаецца з намі, але застаецца як таямніца, загадка. Вядома, перад гэтай таямніцай мы можам змоўкнуць у містычным здзіўленні. Можам паспрабаваць уцячы ад гэтага стану няпэўнасці ў навуку альбо у рэлігію.

Але можам і застацца. Сузіраць свет у здзіўленні і захапленні. Разважаць пра яго. Мысліць. Гэта вельмі адмысловае мысленне, не вядомае ані навуцы, ані рэлігіі. Разгортванне такога мыслення ў часе і ўтварае традыцыю філасофіі.

14 кастрычніка у межах серыі “Галоўнае пытанне” Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю філосафа Ігара Бабкова “Пасля філасофіі”. Пачатак а 18.30.

Слухачоў просяць папярэдне зарэгістравацца. Інфармацыя пра месца правядзення будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам напярэдадні.


Расклад і тэмы далейшых лекцый глядзіце на сайце: www.fly-uni.org.