1 ліпеня 2016 года будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля

1 ліпеня 2016 года будзе праведзена дэнамінацыя беларускага рубля ў суадносінах 1:10.000, паведаміла прэс-служба прэзідэнта. Указ № 450 "Аб правядзенні дэнамінацыі афіцыйнай грашовай адзінкі Рэспублікі Беларусь" падпісаны 4 лістапада. 



denaminacyja_novyja_hroshy.jpg

Дэнамінацыя будзе праведзена шляхам замены банкнот узору 2000 года, што знаходзяцца ў абарачэнні, на банкноты і манеты ўзору 2009 года ў суадносінах 10.000 беларускіх рублёў у грашовых знаках узору 2000 года да 1 беларускага рубля ў грашовых знаках узору 2009 года. Такім чынам, улічваючы выбраны маштаб узбуйнення беларускага рубля (1:10.000), самы нізкі намінал банкноты, якая дзейнічае зараз, — 100 рублёў — будзе заменены на самы нізкі намінал новага грашовага раду — 1 капейку.


Усяго з 1 ліпеня 2016 года ў абарачэнне будуць выпушчаныя сем наміналаў банкнот — 5, 10, 20, 50, 100, 200 і 500 рублёў і восем наміналаў манет — 1, 2, 5, 10, 20 і 50 капеек, а таксама 1 і 2 рублі.


Агульная канцэпцыя дызайну новых банкнот адпавядае дэвізу "Мая краіна — Беларусь". Кожная банкнота прысвечана адной з абласцей Беларусі і Мінску. Адпаведнасць вобласці наміналу банкнот вызначаная ў алфавітным парадку. Выява банкноты наміналам 5 рублёў прысвечаная Брэсцкай вобласці, 10 рублёў — Віцебскай вобласці, 20 рублёў — Гомельскай вобласці, 50 рублёў — Гродзенскай вобласці, 100 рублёў — Мінскай вобласці, 200 рублёў — Магілёўскай вобласці, 500 рублёў — Мінску. У дызайне новых банкнот узору 2009 года захаваная пераемнасць адносна банкнотнага раду ўзору 2000 года ў частцы выкарыстання выяў помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва.


На аверсе (пярэднім баку) разменных (цыркуляцыйных) манет, што ўводзяцца ў абарачэнне, адлюстраваны афіцыйны беларускі герб, на рэверсе (абаротным баку) — лічбавыя абазначэнні наміналаў манет.


Да 1 ліпеня 2016 года адзіным законным плацежным сродкам для ажыццяўлення наяўных разлікаў будуць з`яўляцца банкноты ўзору 2000 года, якія знаходзяцца зараз у абарачэнні.


З 1 ліпеня па 31 снежня 2016 года банкноты ўзору 2000 года, а таксама банкноты і манеты ўзору 2009 года будуць знаходзіцца ў паралельным абарачэнні і з`яўляцца абавязковымі да прыёму пры ажыццяўленні ўсіх відаў плацяжоў усімі суб`ектамі гаспадарання без абмежаванняў.


На працягу наступных пяці гадоў — з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2021 года — будзе рабіцца абмен грашовых знакаў узору 2000 года на грашовыя знакі ўзору 2009 года ў любой суме без абмежаванняў і без збірання камісійнага ўзнагароджання.


Пры гэтым абмяняць старыя грашовыя знакі на новыя можна будзе:


з 1 студзеня 2017 года па 31 снежня 2019 года — у Нацыянальным банку, банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях;


з 1 ліпеня 2020 года па 31 снежня 2021 года — у Нацыянальным банку.


З 1 студзеня 2022 года грашовыя знакі ўзору 2000 года будуць лічыцца несапраўднымі.


Рашэнне аб дэнамінацыі беларускага рубля прынятае ў мэтах "удасканалення грашовага абарачэння, спрашчэння ўліку і разлікаў, падтрымання аптымальнай купюрнай будовы грашовай масы, значнага скарачэння дзяржаўных расходаў на абслугоўванне наяўнага грашовага абарачэння".


Працэс дэнамінацыі "носіць тэхнічны характар і не паўплывае на пакупніцкую здольнасць беларускага рубля, курс нацыянальнай валюты ў дачыненні да замежных валют, а таксама фактычны ўзровень інфляцыі, які склаўся".


Цэны на тавары і паслугі з 1 ліпеня 2016 года будуць пералічаныя з улікам выбранага маштабу дэнамінацыі. Каб пакупнікам было лягчэй адаптавацца да такіх зменаў, на час паралельнага абарачэння старых і новых грашовых знакаў усе суб`екты гаспадарання абавязаныя будуць указваць дзве цаны.


Па аналагічным прынцыпе пры правядзенні дэнамінацыі будуць пералічаныя зарплаты, пенсіі, стыпендыі, рэшткі грашовых сродкаў на банкаўскіх рахунках, балансы прадпрыемстваў і ўстаноў і г.д.


Падрыхтоўка да правядзення дэнамінацыі "заняла дастаткова працяглы перыяд". Новыя грашовыя знакі былі вырабленыя па замове Нацыянальнага банка яшчэ ў 2008 годзе, калі курс долара быў крыху вышэйшы за 2 тыс. рублёў. Аднак у сувязі з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне правядзенне дэнамінацыі было адкладзенае, а вырабленыя грашовыя знакі перададзеныя ў Цэнтральнае сховішча Нацыянальнага банка.


З улікам часу вырабу новыя беларускія рублі маюць пэўныя асаблівасці. У прыватнасці, на банкнотах узору 2009 года, што выпускаюцца ў абарачэнне, размешчана факсіміле подпісу Пятра Пракаповіча, які на той момант займаў пасаду старшыні праўлення Нацыянальнага банка. Апрача таго, на новай банкноце наміналам 50 рублёў размешчаны надпіс "пяцьдзесят", які не адпавядае цяперашнім сапраўдным правілам беларускай арфаграфіі. У адпаведнасці з законам ад  23 ліпеня 2008 года № 420-З "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" гэта слова павінна пісацца праз літару "я" ў другім складзе — "пяцьдзясят".


Пры ажыццяўленні Нацыянальным банкам наступных замоваў на выраб новых банкнот згаданыя неадпаведнасці будуць ліквідаваныя.


Апошняя дэнамінацыя рубля была праведзеная ў 2000 годзе. Тады з купюр былі ўбраныя тры нулі. Апрача таго, у 1994 годзе цэны і зарплаты былі зменшаныя ў 10 разоў (тады адзіным плацежным сродкам стаў разліковы білет Нацбанка, які па намінале быў у 10 разоў "цяжэйшы" за савецкі/расійскі).


Такім чынам, самая буйная новая купюра вартасцю 500 рублёў будзе адпавядаць ранейшым 50 млрд. рублёў.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН