Дэнамінацыя падштурхне цэны ўверх, а рубель — уніз

Дэнамінацыя падштурхне цэны ўверх, а рубель — уніз. Так пракаментаваў будучую аперацыю з беларускім рублём кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін.



denominacija_2sp.jpg

Фота: alesdostan/Instagram
"Сама па сабе дэнамінацыя з'яўляецца чыста тэхнічнай працэдурай, і ў тэорыі павінна застацца эканамічна нейтральнай, не аказаўшы ніякага ўплыву на ўзровень цэн, узровень інфляцыі і курс беларускага рубля ў дачыненні да замежных валют. Больш за тое, дэнамінацыя ўжо даўно наспелая і пераспелая, даўно неабходная. Нашы сумы не месцяцца ў гандлёвыя цэннікі і хутчэй нагадваюць нумары тэлефонаў. А для бухгалтарскіх разлікаў неабходна набываць шматразрадныя калькулятары. Так што лічыць і насельніцтву, і суб'ектам гаспадарання з меншай колькасцю нулёў будзе, без сумнення, больш зручна", — сказаў кіраўнік АМіСП Сяргей Балыкін.
 
Але ўсе гэтыя тэарэтычныя выкладкі, паводле яго слоў, былі б справядлівыя ў іншы час і ў іншай краіне.
 
Ва ўмовах жа сучаснай Беларусі, як лічыць эксперт, правядзенне такой нібыта чыста тэхнічнай працэдуры стане адным з фактараў, якія хаця б і ўскосна правакуюць рост цэн і зніжэнне курсу нацыянальнай валюты.
 
"Насельніцтва Беларусі, як і насельніцтва іншых постсавецкіх краін, псіхалагічна вельмі дрэнна ўспрымае такія маніпуляцыі з грашыма, — адзначыў Балыкін. — У памяці народа яшчэ жывуць праславутыя керанкі, саўзнакі, сталінскія і хрушчоўскія дэнамінацыі, паўлаўская рэформа і іншае".
 
Ён нагадаў, што за гісторыю незалежнай Беларусі гэта ўжо трэцяя дэнамінацыя і вопыт дзвюх папярэдніх быў для беларускага народа вельмі траўматычны. "Калі мы ўспомнім дэнамінацыю 2000 года, то пасля яе курс беларускага рубля за год упаў амаль у чатыры разы. Народ памятае гэта, праецыруе тыя падзеі на цяперашнюю сітуацыю. І колькі б зараз прадстаўнікі ўлады не пераконвалі насельніцтва ў эканамічнай нейтральнасці такога захаду, веры афіцыйным заявам няма", — сказаў Балыкін.
 
Асобна эксперт падкрэсліў: "Я думаю, што беларускі народ годна ацэніць прысутнасць на новых банкнотах подпісу Героя Беларусі і вядомага гаранта стабільнасці нацыянальнай валюты Пятра Пятровіча Пракаповіча".
 
Эксперт прагназуе ў найбліжэйшыя месяцы павелічэнне попыту на замежную валюту з боку насельніцтва, пэўнае ажыўленне на рынку нерухомасці, "бо традыцыйна гэта з'яўляецца прывычным сховішчам для назапашванняў беларускімі грамадзянамі ў смутныя часы".
 
Акрамя таго, адзначыў Балыкін, дэнамінацыя стане вельмі зручнай нагодай для ўлады, каб падняць цэны і пад шумок спісаць свае эканамічныя пралікі. "Напрыклад, дзяржаве будзе больш зручна падняць тарыфы на паслугі ЖКГ і транспарт, паколькі, пагадзіцеся, псіхалагічна значна прасцей аддаць рубель за праезд у грамадскім транспарце, чым 10 тысяч рублёў", — абгрунтаваў сваю пазіцыю эксперт.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН