25 лістапада — прадстаўленне праекта Маніфесту ў абарону незалежнасці Беларусі
На 25 лістапада запланавана правядзенне круглага стола, удзельнікі якога пазнаёмяць журналістаў з праектам Маніфесту ў абарону незалежнасці Беларусі.
На 25 лістапада запланавана правядзенне круглага стола, удзельнікі якога пазнаёмяць журналістаў з праектам Маніфесту ў абарону незалежнасці Беларусі — галоўнага дакумента Усебеларускага
кангрэсу за незалежнасць. Такое рашэнне было прынятае 7 лістапада ў Мінску на чарговым пасяджэнні аргкамітэту па падрыхтоўцы і правядзенні кангрэса.
Як зазначыў доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, праект маніфесту будзе прадстаўлены ў СМІ на грамадскае абмеркаванне, пасля якога мае адбыцца зацвярджэнне гэтага дакументу ўдзельнікамі
кангрэсу. Прычым, маніфест павінен быць адкрытым для падпісання і пасля правядзення кангрэсу, лічыць навукоўца.
На ягонае меркаванне, дакумент павінен адлюстраваць занепакоенасць грамадства тымі пагрозамі незалежнасці краіны, што нясуць дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе і расійскіх вайсковых базах
на тэрыторыі Беларусі, гандаль зямлёю, прадпрыемствамі, матчынай мовай і ўсімі тымі нацыянальнымі каштоўнасцямі, якімі можа ганарыцца беларускі народ.
Затым Міхаіл Пастухоў заявіў аб уступленні ў ТБМ, бо лічыць неабходным падтрымаць беларускую мову ў цяжкую для яе і Бацькаўшчыны гадзіну.
На пасяджэнні адзначалася, што галоўная небяспека для незалежнасці Беларусі не столькі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, сколькі ў той частцы беларускага грамадства, якая абыякавая да лёсу
краіны.
Сябры аргкамітэту прыйшлі да высновы, што маніфест павінен акрэсліць неабходныя захады па забеспячэнні развіцця Бацькаўшчыны, як сапраўды незалежнай дзяржавы дзеля таго, каб чалавек, яго правы,
свабоды і гарантыі іх рэалізацыі сталі насамрэч найвышэйшымі каштоўнасцямі.
Нагадаем, што 30 жніўня быў створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы і скліканні Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць, які мае адбыцца ў краіне ў першай палове снежня. Вызначана квота вылучэння
прадстаўнікоў на кангрэс – ад 1 да 5 чалавек ад кожнага з 117 раёнаў Беларусі ў залежнасці ад колькасці жыхароў і актыўнасці грамадзянаў, якія выступаюць за незалежнасць краіны. Парадак
вылучэння прадстаўнікоў на кангрэс залежыць ад вольнага выбару саміх грамадскіх актывістаў: у адным раёне гэта можа быць сход грамадзянаў, а ў іншым — сход сябраў грамадскай арганізацыі,
якая падтрымала ідэю правядзення кангрэса.
Свае прапановы і заўвагі наконт правядзення кангрэсу жадаючыя могуць даслаць на адрас электроннай пошты niezaleznasc@gmail.com.