63 тысячы долараў на помнік чалавеку, які выступаў за расстрэлы беларусаў

У Мінску пачалася рэканструкцыя помніка Міхаілу Калініну, які знаходзіцца на аднайменнай плошчы. Яе кошт складае каля 63,1 тысячы долараў.

Помнік Міхаілу Калініну. Фота: Аляксандр Ханін

Помнік Міхаілу Калініну. Фота: Аляксандр Ханін

У жніўні гэтага года тэндарны цэнтр Мінгарвыканкама абвясціў два тэндары. Сума рамонту і рэстаўрацыі помніка Міхаілу Калініну, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, склала 134 066 рублёў (па цяперашнім курсе — гэта 63,1 тысячы долараў). Абодва тэндары не адбыліся. Але з улікам таго, што рэканструкцыя ўсё ж пачалася, гаворка ідзе прыблізна аб гэтай жа суме.
Помнік Калініну з'явіўся ў Мінску ў 1978 годзе. Пры гэтым сам Калінін быў у беларускай сталіцы толькі адзін раз з кароткатэрміновым візітам (у чэрвені 1919 года).
Фармальна Міхаіл Калінін узначальваў савецкую дзяржаву. Ён з'яўляўся старшынёй Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта (1919—1938) і Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1938—1946). Але на практыцы не аказваў ніякага ўплыву на палітыку. «Фармальна нешта накшталт прэзідэнта рэспублікі, а на самай справе — нішто», — пісаў у мемуарах сакратар Сталіна Барыс Бажанаў.
Пры гэтым Калінін актыўна ўдзельнічаў у масавых рэпрэсіях. 1 снежня 1934 года ў дзень забойства Сяргея Кірава ён падпісаў пастанову ЦВК і СНК СССР «Аб унясенні змяненняў у дзеючыя крымінальна-працэсуальныя кодэксы саюзных рэспублік», якая адыграла важную ролю ў арганізацыі і юрыдычным забеспячэнні масавых рэпрэсій.
Расследаванне і разгляд спраў аб «тэрарыстычных арганізацыях і тэрарыстычных актах супраць работнікаў савецкай улады» (усе ці практычна ўсе з іх былі сфабрыкаваныя) прадугледжвалася заканчваць на працягу не больш дзесяці дзён. Абвінаваўчае заключэнне ўручаць абвінавачаным за адны суткі да разгляду справы ў судзе. Слухаць справы без удзелу бакоў. Не дапускаць касацыйнага абскарджвання прысудаў і падачы хадайніцтваў аб памілаванні. Прыводзіць прысуд неадкладна ў выкананне.
Таксама Калінін неаднаразова падпісваў расстрэльныя спісы, якія адпраўляліся «ўкругавую» ўсім членам сталінскага палітбюро (яго подпіс стаіць, у тым ліку, і на запісцы Лаўрэнція Берыі аб расстрэле польскіх афіцэраў, якія пазней былі знішчаны ў Катыні).
Таксама Міхаіл Калінін санкцыянаваў пашырэнне рэпрэсій у БССР. У фондах Расійскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі захоўваецца шыфроўка першага сакратара ЦК ВКП (б) Б Васіля Шаранговіча, накіраваная ў Маскву. Нагадаем, што ў Мінску ёсць вуліца гэтага дзяржаўнага дзеяча.

web.archive.org

web.archive.org

Шаранговіч прапаноўваў «расстраляць 3 тыс. чалавек як найбольш варожых і вядучых актыўную контррэвалюцыйную працу і выслаць з межаў Беларусі 9 800 чалавек меней актыўных, але варожых элементаў».
На гэтым дакуменце ёсць подпісы членаў Палітбюро Сталіна, Варашылава, Кагановіча, Мікаяна, Чубара, Молатава і Калініна.
TUT.BY