За знос мінскага помніка царскаму гарадавому пачалі збор подпісаў
Блогер Яўген Ліпковіч запусціў на Petitions.by збор подпісаў за знос мінскага помніка гарадавому. За першыя дзве гадзіны подпісы пакінулі больш за 100 карыстальнікаў, паведамляе «Радыё Свабода».
У петыцыі прапануецца прыбраць
скульптуру, якая «правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя
дзеянні». Сама скульптура названая «маламастацкім творам».
Аўтар адзначае, што хоць «да сапраўднага вандалізму не дайшло», былі «беспрэцэдэнтныя дзеянні» міліцыянтаў адносна хлопца, якога прымусілі на камеру выбачыцца перад помнікам за аплявуху.
Гісторыя помніка гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 года: некаторых здзіўляла, што ў Беларусі паставілі помнік савецкаму міліцыянеру ў форме царскага паліцыянта, а не беларускаму праваахоўніку. А гісторыя бальшавіцкай міліцыі пачалася якраз з разгону гарадавых і палявання на іх.
За знявагу помніка гарадавому беларусаў не раз штрафавалі — нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за перформанс з пятлёй на шыю скульптуры (абышлося штрафам у 5 базавых). Сярод аштрафаваных за знявагу помніка — бяздомны, які, як кажуць, не лічыў гэта палітычнай акцыяй.
Актывістаў, якія праводзілі перформанс каля скульптуры, штрафавалі за «непадпарадкаванне міліцыі» — нібыта яны не выходзілі з міліцэйскага аўтамабіля і такім чынам не падпарадкоўваліся міліцыянтам.
Беларусы прапануюць выбачацца перад помнікамі Купалу і Быкаву
Пасля відэа МУС беларусы пачалі прасіць прабачэння ў помнікаў у сацсетках: хтосьці за тое, што залазіў на паравоз у Баранавічах, хтосьці за тое, што сядаў на калені Дастаеўскаму… Шмат выбачэнняў публікуюць пад хэштэгам #памятникпрости.
Тым часам на партале Tut.by ідзе апытанне аб тым, перад якім помнікам і за што яшчэ трэба выбачыцца. Самы папулярны варыянт (на момант публікацыі 45% з больш як 3300 галасоў) — перад Васілём Быкавым за тое, што яму няма помніка. Следам ідзе варыянт выбачэння перад помнікам Янку Купалу (25%) з фармулёўкай «за тое, што не размаўляем на мове» (маецца на ўвазе, пэўна, беларуская мова). На трэцім месцы варыянт выбачэнняў перад скульптурай анёла на Востраве слёз (10%) за «ну, вы зразумелі» (магчыма, за звычай паціраць яму геніталіі).
Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў паабяцаў, што сам дасць поўху «гарадавому», калі прэс-сакратарку партыі сапраўды вышлюць з краіны, як збіраюцца цяпер.