Міліцыя забараніла дзяўчатам цалаваць скульптуру гарадавога ў Мінску

Актывісткі прыйшлі да будынка Міністэрства ўнутраных спраў, дзе стаіць скульптура гарадавога з сабакам, каб выказаць пратэст яе «асабліваму статусу», піша «Радыё Свабода».

d9b4e539_9487_4136_bdcb_1d67dcea3184_w1023_r1_s.jpg

А 10-й раніцы ля скульптуры з’явіліся чатыры дзяўчыны, пачалі яе цалаваць, абдымаць, каб «сагрэць».

Практычна адразу з Музея міліцыі выйшлі два міліцыянты, не назваліся, але папярэдзілі, што нельга так рабіць. Неўзабаве кампанію ім склаў трэці — малодшы сяржант Ягор Цырульнікаў. Ён, наадварот, сказаў, што хай «цалуюцца і абдымаюцца», абы не было «вандалізму».

83d14e1d_f487_41e9_a6fd_41f759877ca5_w650_r0_s.jpg


У адказ на пытанне дзяўчат прызнаўся, што не ведае артыкулу, паводле якога нельга «даваць аплявухі» гарадской скульптуры, якая не ўяўляе архітэктурнай ці гістарычнай каштоўнасці.

Гэтым разам абышлося без затрыманняў.

Днямі міліцыянты прымусілі 17-гадовага ліцэіста Арсенія прасіць прабачэння на камеру перад помнікам за аплявуху і размясцілі відэа ў інтэрнэце. На маладога чалавека склалі пратакол паводле арт. 17.1 КаАП «Хуліганства».


Пасля гэтага на Petitions.by пачаўся збор подпісаў за знос мінскага помніка гарадавому, а ў сацсетках разгарнуўся флэшмоб, у якім беларусы просяць прабачэння ў помнікаў. Шмат прабачэнняў публікуюць пад хэштэгамі #памятникпрости, #помнікпрабач.

81c62723_bcc2_4da0_b4c1_12a7d0692f32_w650_r0_s.jpg

У мінулыя выходныя міліцыя затрымала мінчука Змітра Завадскага, які павязаў шалік на помнік і хацеў сфатаграфавацца. Міліцыянты забралі ў яго пашпарт, завялі ў аддзяленне, перапісалі звесткі і правялі тлумачальную гутарку, што скульптура з’яўляецца «тварам МУС».

Гісторыя пратэстаў супраць помніка царскаму гарадавому цягнецца ад сакавіка 2016 году. За «знявагу» аштрафавана ўжо некалькі чалавек, а анархіста Вячку Касінерава нават патрабавалі пасадзіць на 2 гады «хіміі» за перформанс «з пятлёй на шыі», але абышлося штрафам.