Украіна. Забярыце сцяг у героя
Украіна збіраецца святкаваць пятую гадавіну Еўрамайдана, адным з герояў якой быў Міхаіл Гаўрылюк, вядомы ў прэсе як «казак Гаўрылюк».
Падчас акцый пратэсту на Еўрамайдане яго на марозе дагала распранулі прадстаўнікі «Беркута». Казус з Гаўрылюком меў гучны рэзананс.
Пасля змены рэжыму яго абралі дэпутатам, а яго подзвіг натхніў аўтара помніка, што паставілі ў Барыспалі ў гонар загінулых на Майдане. У цэнтры кампазіцыі — выява Гаўрылюка, які змагаецца з чорнай драпежнай птушкай.
З тых часоў вобраз казака моцна змяніўся. Яго абвінавацілі ў крадзяжы гуманітарнай дапамогі, галасаванні за павышэнне коштаў, збіцці журналіста наўпрост у будынку парламента.
Напэўна таму цяпер запатрабавалі прыбраць з помніка выяву дэпутата. Асноўных аргументаў два. Па-першае, Гаўрылюк не мае ніякага дачынення да «Нябеснай сотні». Па-другое, ён выяўлены голым з ледзь прыхінутым сцягам Украіны ніжэй за пояс.
«Сцяг Украіны на такім месцы?! Гэты помнік — здзек!» — пішуць на форумах.
Сам Гаўрылюк кажа, што не мае ніякага дачынення да канцэпцыі мемарыялу, аднак пры гэтым выступае супраць дэканструкцыі скандальнага помніка.
Паводле ўкраінскай прэсы