9 гадоў з дня забойства Веранікі Чаркасавай

20 і 21 кастрычніка могілкі ў Калодзішчах, дзе пахаваная журналістка, наведалі сваякі і калегі. Запаліўшы свечкі і ўсклаўшы кветкі, яны ўшанавалі памяць Веранікі хвілінай маўчання і ўзгадалі яе добрымі словамі.  



3_26_.jpg

Алена Якжык, журналістка газеты «Салідарнасць», дзе Вераніка працавала апошнія гады:

— Ужо 9 гадоў прайшло, але ўсё перажываеш так, нібыта яно адбылося толькі што. Гэта страшная дата для ўсіх нас, але ў нашай памяці ўсё павінна заставацца. Галоўнае — гэта справы, якія Вераніка рабіла, яе публікацыі, яе сям’я, сын... Хочацца верыць, што тыя, хто здзейсніў гэтае забойства, адкажуць за яго. Пра гэта таксама трэба памятаць, трэба гэтага хацець і дамагацца. А Вераніку мы ўсе памятаем, любім і перачытваем...  

Тэлежурналіст, кінадакументаліст Леанід Міндлін сказаў, што збірае матэрыялы для дакументальнага фільма пра Вераніку:

— Пераглядаючы хроніку, часам знаходзіш цікавыя дакументальныя кадры і міжволі ўзгадваеш. Вось 1983 год, дзе яна яшчэ зусім маладая, каля сваёй школы. А вось — пазнейшыя кадры, калі яна на тэлебачанні працавала... Пакуль ёсць памяць пра чалавека, ён з намі застаецца. Спадзяюся, што да 10-й гадавіны смерці Веранікі гэты фільм з’явіцца.

Паводле старшыні ГА “БАЖ” Жанны Літвіной, для журналісцкай супольнасці дні гібелі калег — гэта “дні з чорнай пазнакай”:

— Ужо і словаў не хапае на пахаваннях, на памінках — столькі нашых калег сыходзіць, не дачакаўшыся дня, калі мы ўздыхнем з палёгкай. У нас шмат стратаў, але такія страты, як Дзмітрый Завадскі, Алег Бябенін, Вераніка Чаракасава, нікому не павінныя даваць спакою. Пакуль мы не атрымаем адказаў, што з імі адбылося і хто вінаваты. Самае галоўнае — гэта памятаць пра гэтых людзей і ўсё адно дачакацца гэтых адказаў.

Уладзімір Мялешка, айчым Веранікі:

— “Чорны кастрычнік” — гэта нейкае такое дзіўнае крывавае жніво... Праз два гады пасля Веранікі забілі Ганну Паліткоўскую. У камп’ютары Ганны знайшлі артыкул, які вельмі перагукаецца з тым, што часам казала Вераніка. “Што ж я зрабіла? Я толькі пісала пра тое, што ведала і што бачыла”, — пісала Ганна. “Я пішу тое, што ведаю”, — казала Ніка. Тое, чаго чалавек не ведаў, што чалавек не ведаў, ён не пісаў. Вось гэты прафесіяналізм і грамадзянская пазіцыя. За прафесію забіваць нельга, і нельга такога дапускаць. Калі мы не будзем такога дараваць, будзем унутрана супраціўляцца такім памкненням — такіх злачынстваў будзе менш.

Вераніка пахаваная побач з бацькам, Анатолем Чаркасавым

baj.by__sites_default_f_fdeddcd8eab24f1a3690056f93fbbf4f.html

Напярэдадні гадавіны прэс-служба ГА “БАЖ” звярнулася ў Следчы камітэт, каб высветліць, у якім стане знаходзіцца расследаванне справы. У аддзеле па сувязях са СМІ сказалі ператэлефанаваць у панядзелак, калі будзе на месцы супрацоўнік, што валодае інфармацыяй. На момант падрыхтоўкі матэрыялу датэлефанавацца да названага супрацоўніка  не ўдалося.

Першапачаткова справу расследавала пракуратура г. Мінска. З моманту стварэння Следчага камітэта ў 2012 годзе яе перадалі гэтай установе. Летась прадстаўнікі СК казалі, што следства па-ранейшаму прыпынена, але па справе “вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне асоб, якія маюць дачыненне да забойства, і высвятленне ўсіх абставін».