Дзевяць гадоў з дня забойства Веранікі Чаркасавай
Родныя і калегі наведалі магілу Веранікі Чаркасавай. Сёння споўнілася 9 год з дня, калі ў цэнтры Менска ў сваёй кватэры была забітая вядомая незалежная журналістка.
Расследванне крывавага забойства Чаркасавай за 9 год так і не прасунулася ні на ёту. Спачатку ўлады падазравалі ў расправе сына журналісткі, але потым следства наогул было прыпыненае. Калегі ж Чаркасавай упэўненыя – за крывавым забойствам стаіць вялікая палітыка, справы якой следчыя органы наўмысна не хочуць варушыць.
— Ужо дзевяць гадоў прайшло. Час хутка ляціць. Але ўсё роўна, гэта перажываецца, быццам адбылося толькі што. Галоўнае — гэта памяць, артыкулы, якія рабіла Вераніка, яе сям’я, яе сын. Хочацца спадзявацца, што вінаватыя адкажуць за гэтае злачынства.
Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года ва ўласнай кватэры ў Менску. Забойца нанёс каля 46 нажавых удараў. Цела журналісткі знайшлі 15-гадовы сын Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка. Вераніка Чаркасава пахаваная на Каладзішчанскіх могілках пад Менскам.