Аб прасторы слова і прасторы дыктатуры
Аляксандр Фядута — пра перакрыццё «Белтэлекамам» доступу да сайта «Хартыя-97».
Манапаліст па прадастаўленні інтэрнэт-трафіку ў Беларусі «Белтэлекам» перакрыў доступ да сайта www.charter97.org.
Уласна кажучы, ім не прывыкаць. Адключалі «Хартыю» і да гэтага, і пасля гэтага адключаць не раз будуць. А ўжо падчас выбараў, калі «Хартыя» дае
трыбуну найбольш радыкальным апанентам лукашэнкаўскага рэжыму, — Андрэю Саннікаву,
Ірыне Халіп, Станіславу Шушкевічу, Андрэю Пачобуту — гэта проста стала
традыцыяй. Ды і гібель заснавальніка сайта Алега Бябеніна, якая здарылася пры загадкавых абставінах у верасні 2010 года, яго паплечнікамі напрамую звязваецца з дзейнасцю беларускіх спецслужбаў.
Нарэшце, пасля выбараў 19 снежня 2010 г. адразу пяцёра сталых аўтараў сайта апынуліся за кратамі — у статусе палітвязняў.
Скандальнасці сітуацыі заключаецца ў тым, што на гэты раз доступ да сайта быў перакрыты беларускімі ўладамі па просьбе расійскіх калегаў. Справа ў тым, што ў дачыненні да расійскай агрэсіі
супраць Украіны «Хартыя» заняла адназначна негатыўную пазіцыю, ператварыўшыся ў дайджэст найбольш жорсткіх навін і ацэнак. А паколькі гэты найбуйнейшы грамадска-палітычны
рэсурс Беларусі — на рускай мове! — прывыклі чытаць і многія расіяне, зразумела, і спецслужбам РФ стала «Хартыя» косткай у
горле. Нічога не зробіш — слова разлятаецца ў прасторы з такой хуткасцю, што яго не
спыніць, не перакрыўшы ўсе каналы.
А паколькі гэтае слова нясе альтэрнатыўную інфармацыю, то ва ўмовах інфармацыйнай вайны неабходная поўная блакада, інакш з ім не справішся.
Да гэтага часу менавіта расійскія спецслужбы выконвалі маленькія просьбы беларускіх калегаў. То яны лідэраў беларускіх анархістаў затрымлівалі. То на друкарні, дзе друкаваліся апазіцыйныя
ўлёткі, наязджалі. А зараз вось — маленькая сустрэчная просьба. Да таго
ж — выкананая беларускімі калегамі відавочна не без задавальнення.
Нічога не зробіш. Калі слова спрабуе звузіць прастору дыктатуры, то дыктатура адказвае яму тым, што рэзка скарачае магчымасці для яго ўласнай прасторы. Што б ні казалі дыктатары публічна, іншых
рэальных саюзнікаў, акрамя адзін аднаго, у іх няма.
А ў кагосці яшчэ былі ілюзіі наконт пазіцыі беларускіх уладаў?
Аляксандр Фядута, ej.ru