Наталля Радзіна: «Хартыю» блакуюць па просьбе Расіі

У Беларусі ад учорашнега вечара не працуе сайт «Хартыя'97». Доступ да сайта знік каля 18:00 14 жніўня, потым аднавіўся на кароткі час, але затым зноў знік.



chartyjablok.jpg

На дадзены момант карыстальнікі беларускі інтэрнэт-правайдэраў не могуць зайсці на сайт «Хартыя'97». Аднак карыстальнікі з іншых краін не маюць праблем з доступам.
Рэдакцыя сайта паведаміла чытачам, што ў сайт блакіруецца аператарам «Белтэлекам» па ip-адрасе:
«Расследаванне паказала, што блакаванне ўсталявана на шлюзе дзяржаўнай сеткі перадачы дадзеных «Белпак» (структурнае падраздзяленне РУП «Белтэлекам»), праз якую ў інтэрнэт падлучаныя астатнія правайдэры. Пры спробе зайсці на charter97.org перадача дадзеных абрываецца на asbr1.net.belpak.by (93.85.80.66). Верагодна, сайт блакуюць па ip-адрасах. Мы паспрабавалі замяніць IP, але новы адрас прапрацаваў не больш за 10 хвілін».
Галоўная рэдактарка сайта «Хартыя'97» Наталля Радзіна ўпэўнена, што беларускі бок заблакаваў доступ да сайта па просьбе Расіі.
«Відавочна, гэта звязана з асвятленнем нашым сайтам сітуацыі ва Украіне. Гэтая сітуацыя зрывае планы па дыялогу з Еўропай. І за гэтым паследуюць санкцыі супраць «Белтэлекама» і ўладаў у цэлым», — сказала Радзіна.
Існуе некалькі шляхоў абысці блакіроўкі ў Беларусі. Па-першае, можна карыстацца проксі-серверамі. Можна таксама скачаць браўзер Tor, які дазваляе заходзіць на інтэрнэт-старонкі з замежных ip-адрасоў. Самы просты спосаб — у акно перакладчыка Google Translate увесці адрас сайта http://www.charter97.org/.
Раней сайт «Хартыя'97» быў часткова заблакаваны на тэрыторыі Расіі. 6 жніўня паводле патрабавання Генпракуратуры РФ быў спынены доступ да двух артыкулаў сайта аб маршы за федэралізацыю Сібіры.
nn.by