Абрабавалі хату беларускага навукоўца, літаратара, доктара навук

У вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна невядомыя злодзеі абрабавалі хату вядомага беларускага літаратара, вучонага, перакладчыка, доктара філалагічных навук Міколы Арочкі.
 



mikola_arocka_kalia_svajoj_chaty_u_vieciavicach.jpg

Мікола Арочка каля сваёй хаты ў Вецявічах

Рабаўнікі праз акно залезлі ў дом і адтуль праз дзверы вынеслі два халадзільнікі, пыласос, сокавыціскалку, газавыя балоны, пішучую машынку і іншыя рэчы. Хату злодзеі ачысцілі поўнасцю. Як паведаміла жонка паэта Марыя Іванаўна, цяпер яны жывуць у Мінску, бо Мікола сёлета цяжка захварэў і стаў інвалідаў першай групы. “Я даглядаю Міколу, бо аднаго яго пакінуць немагчыма. У Вецявічах мы пражылі больш за дваццаць гадоў. Жылі ў хаце маіх бацькоў. А ў старэнькай хаце цёткі Міколы, яна побач з нашай, быў яго рабочы кабінет. Там ёсць бібліятэка, стол, дзе ён пісаў. Дык на днях злодзеі залезлі і ў гэту хату. Раскідалі ўсю бібліятэку, бруднымі нагамі проста тапталі кнігі, але іх не бралі. Магчыма злодзеі нешта шукалі. Я патэлефанавала старшыні мясцовага сельскага Савета, але ён сказаў, што трэба было вясковыя хаты аддаць пад сігналізацыю. І ўсё на гэтым. Міліцыя не шукала і не шукае рабаўнікоў, — сказала з горыччу Марыя Арочка.
Лёс не па добрай волі загнаў Міколу Арочку ў родную вёску. На мясцовым пагосце пахаваны два яго сыны, таму Арочкі вярнуліся да сыноў, да землякоў, на Бацькаўшчыну. Там і жылі, трымалі курэй, свіней, коз. Займаліся гаспадаркай, а ў вольны час Мікола Арочка пісаў.
Я там часта бываў, размаўляў з гэтым мудрым, таленавітым і цікавым чалавекам. Працаваў ён спачатку ў часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», у газеце «Літаратура і мастацтва». З 1966 года быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. Напісаў і выдаў дзесяткі кніг паэзіі і прозы, літаратуразнаўчых даследаванняў, крытыкі, перакладаў. Важкім дасягненнем беларускай літаратуры сталі яго драматызаваныя гістарычныя паэмы “Судны дзень Скарыны", “Крэва", "Курганне", “Каранацыя Мендаўга".
Міколу Арочку ў жыцці не пашанцавала, бо лёс яго ніколі не песціў. Але літаратар і вучоны не скарыўся, вытрымаў, бо лячыўся матчыным жытам, літаратурай, Бацькаўшчынай. Вось і цяпер, у свае 82 гады, яго па-ранейшаму крыўдзяць, нават рабуюць яго сціплую вясковую сядзібу. Балюча да слёз ад усяго гэтага, сябры. І сумна ад таго, што тыя, хто павінен несці пэўную адказнасць за рабаванне, за падобныя ўчынкі, ходзяць па волі, бо іх ніхто не шукае, не ўзбуджае справу, нават, калі рабуюць вялікіх людзей Беларусі.