Ад «экстрэмізму» да несвабоды: як улада мяняе карціну свету беларусаў

Калі б Оруэл пісаў цяпер, то да лозунгаў дадалося б «экстрэмізм — гэта свабода, мысленне і незалежнасць». Усё, што сёння трапляе пад экстрэмісцкія артыкулы, учора яшчэ было цалкам законнай, хоць і непрыемнай для рэжыму актыўнасцю, кажа Таццяна Вадалажская. Як масавыя абвінавачванні ў экстрэмізме, да якіх апошнім часам усё часцей звяртаецца беларуская ўлада, уплываюць на грамадства?

img_3465_logo_1_1.jpg

З дапамогай мовы можна ствараць новую рэальнасць і маніпуляваць грамадствам. Сацыёлаг Таццяна Вадалажская ў рубрыцы DW «Беларусь. Перспектывы» разважае, як наратыў беларускай улады аб «экстрэмізме» абмяжоўвае нашу свабоду.

За апошні год Беларусь з краіны, брэндам якой многія гады з’яўляецца «мірнасць», і чые пратэсты захаплялі ўвесь свет сваёй «негвалтоўнасцю», ператварылася ў «краіну экстрэмістаў». На прасторах талератнасці і цярпімасці выявілася ўжо 27 экстрэмісцкіх фарміраванняў — і іх спіс папаўняецца.


Новы «беларускі экстрэмізм»

У пачатку снежня «СБ: Беларусь сегодня» паведаміла пра тое, што «мінскія следчыя ўжо накіравалі ў суд 454 крымінальныя справы ў дачыненні да больш за 531 абвінавачанага па 772 эпізодах злачыннай дзейнасці, звязанай з экстрэмізмам. У вытворчасці ў следчых сёння знаходзіцца каля 250 крымінальных спраў».

Кожны тыдзень даўжэе спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, каналаў і СМІ. «Экстрэмізм» стаў неад’емным элементам нашай інфармацыйнай прасторы і звычайнай справай у штодзённай камунікацыі. Кожны беларус у мінулым, як мінімум, што-небудзь экстрэмісцкае чытаў ці казаў.

Ці сапраўды наша жыццё стала поўнае экстрэмізму — рэзкіх, радыкальных поглядаў і дзеянняў, а беларусы нечакана памянялі свой нораў, лад жыцця і дзеянні? Ці, можа, адкрылася таемная, нябачная раней велізарная група людзей, якія аказаліся не тым, кім прыкідваліся? Усе гэтыя пытанні былі б рытарычнымі, калі б не крымінальныя справы за «экстрэмізм».


Магчымасць даваць імёны = магчымасць змяняць рэальнасць

Адзін з самых важных відаў улады — улада намінацыі, улада даваць імёны. І беларускі рэжым нястомна працуе на гэтай ніве, раздаючы цэтлікі, змяняючы значэнні слоў і ствараючы новую, сваю ўласную рэальнасць. Бяскрыўднае, на першы погляд, недакладнае ўжыванне слова або паняцця, яго пашырэнне або звужэнне, скажае рэальнасць і адымае ў чалавека магчымасць да адэкватнага дзеяння.

Джорж Оруэл у рамане «1984» апісвае правілы працы навамоўя — знявечанай мовы таталітарнага грамадства, дзе словы губляюць свой першапачатковы сэнс, а часам азначаюць нешта супрацьлеглае: вайна — гэта мір, свабода — гэта рабства.

І наша мова, асабліва ў грамадска-палітычнай сферы, даўно атручваецца такімі супярэчнасцямі. Успомніце, што ў нас называецца «парламентам», «выбарамі», «мясцовым самакіраваннем», не кажучы ўжо пра «мэраў» і «губернатараў».

Мы даўно карыстаемся словамі са скажоным значэннем. «Калі словы губляюць свой сэнс — людзі губляюць сваю свабоду», — вучыць Канфуцый, і з кожным днём мы ўсё больш гэта адчуваем на ўласным вопыце.


Як свабода і незалежнасць сталі «экстрэмізмам»

Што сёння хаваецца за «экстрэмізмам» у Беларусі? Гэта — свабодныя медыя, гэта — самаарганізацыя актыўных грамадзян у абмене інфармацыяй і арганізацыі дзеянняў, гэта — погляды і каштоўнасці, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі. А сама ідэалогія імкліва відазмяняецца, радыкалізуецца ў бок савецкіх узораў патрыятызму.

«Час лібералізму ў медыяпрасторы сышоў, і цяпер кожны павінен думаць, перш чым апублікаваць тыя ці іншыя ідэі, якія ідуць насуперак з ідэалогіяй беларускай дзяржавы», — папярэджвае нас праўладны сацыёлаг Шчоткіна.

Калі б Оруэл пісаў цяпер, то да лозунгаў дадалося б «экстрэмізм — гэта свабода, мысленне і незалежнасць». Усё, што сёння трапляе пад экстрэмісцкія артыкулы, учора яшчэ было цалкам законнай, хоць і непрыемнай для рэжыму актыўнасцю.

_000031__logo_2_1.jpg

Ад навамоўя да таталітарнага кантролю

Да чаго вядзе такое кіраванне грамадскім жыццём з дапамогай мовы і новых значэнняў? Акрамя забаронаў на дзейнасць і пераследаў за яе, гэта спараджае апатыю і страх перад любым дзеяннем і перад самастойным мысленнем. Гэта спараджае недавер да мовы і камунікацыі, калі ўсе словы маюць скажонае значэнне, мы не можам гаварыць адзін з адным.

А калі мы не можам размаўляць, разумець і дамаўляцца, мы губляем асновы салідарнасці, асновы грамадзянскай супольнасці, пабудаванай на крытычным мысленні, самавыяўленні актыўных людзей, грамадзян.

Пад уздзеяннем навамоўя людзі імкнуцца абмежаваць свой жыццёвы свет зразумелай і простай штодзённасцю, не ўключаючыся ў бессэнсоўны і небяспечны свет грамадскіх адносін. Так грамадства трымаецца пад таталітарным кантролем.


Што супрацьпаставіць наратыву беларускага рэжыму?

Таму супраціў нарастанню «экстрэмізму» ляжыць у вобласці «выпраўлення імёнаў». Але цяпер, на жаль, мы самі мімаволі ўцягнутыя ў працэс стварэння і распаўсюджвання навамоўя. Уладзімір Мацкевіч, аналізуючы, як беларускі рэжым кіруе грамадствам, звяртаецца да паняцця «наратыву». Калі казаць спрошчана, гэта — «мова плюс сума апавяданняў на гэтай мове, якія задаюць апісанне свету». Ён можа быць супярэчлівы і бессэнсоўны ўнутры, але працуе як цэласная карціна свету.

І «беларускі экстрэмізм» сёння стаў арганічнай часткай гэтага рэжымнага наратыву. Праблема ў тым, што людзі, карыстаючыся гэтай мовай, словамі з новымі значэннямі, чытаючы, слухаючы і транслюючы гэтыя выказванні, прымаюць удзел ва ўзнаўленні гэтага апісання свету, гэтага навамоўя. Нават нешта дадаючы ад сябе, нават аспрэчваючы асобныя сцвярджэнні, сумняваючыся, яны толькі павялічваюць, узмацняюць і ўмацоўваюць гэты наратыў.

Супрацьпаставіць такой практыцы можна толькі разгортванне і ўзмацненне альтэрнатыўнай карціны свету, дзе словы маюць сваё сапраўднае значэнне, дзе думкі і дзеянні з’яўляюцца не рэакцыяй на дзеянні ўлады, а зыходзяць з уласных ідэй, каштоўнасцяў, планаў і стратэгій.

www.dw.com

Пераклад НЧ