У 2021 годзе суды Віцебскай вобласці прызналі экстрэмісцкімі 90 тэлеграм-каналаў

Суды Віцебска перамаглі ў «сацыялістычным спаборніцтве» па выяўленні экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў. Асабліва ўвішна працавалі ў судзе Чыгуначнага раёна Віцебска — на яго рахунку 25 рашэнняў наконт 54 медыя-рэсурсаў!

43601459_303_1.jpg

З 90 прызнаных экстрэмісцкімі тэлеграм-каналаў 74 дапільнавалі раённыя суды Віцебска. На рахунку астатніх раённых судоў вобласці толькі 16 "перамог", паведамляюць праваабаронцы.

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска ў 2021 годзе вынес 25 рашэнняў у дачыненні да 54 медыя-рэсурсаў, суддзямі суда Кастрычніцкага раёна было прынята 21 рашэнне ў дачыненні да 21 ТГ. Суд Першамайскага раёна зрабіў гэта адзін раз і прызнаў наяўнасць экстрэмісцкіх матэрыялаў у адным інтэрнэт рэсурсе.

Далей па выніковасці ідуць раённыя суды Віцебскай вобласці, якія прынялі рашэнні па 16 рашэнняў у дачыненні да 16 ТГ. Так, суд Наваполацка прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 5 рэсурсаў, суд Гарадоцкага раёна — 3, Расонскага і Лепельскага па 2, суд Дубровенскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага і Міёрскага раёнаў — па адным.

Ініцыятарамі прыняцця судамі рашэнняў па прызнанні матэрыялаў экстрэмісцкімі былі 7 упраўленне (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіку Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь або органы пракуратуры.