Адбыліся XX Гарэцкія чытанні

14 чэрвеня ў Мінску, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыліся ХХ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць.

Арганізатарамі штогадовай навуковай канферэнцыі выступілі музей, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.



15bb63b28926cd083b15e3b97567bbea.jpg

14 чэрвеня ў Мінску, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыліся ХХ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць.
Арганізатарамі штогадовай навуковай канферэнцыі выступілі музей, Рэспубліканскі фонд імя братоў Гарэцкіх, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Максім Гарэцкі (1893-1938) — выбітны беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру ў беларускай літаратуры. Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі і БССР. Аўтар незавершанай эпапеі “Камароўская хроніка, рамана “Віленскія камунары, аповесцяў “Ціхая плынь і “Дзве душы. На жаль, жыццё яго было нядоўгім: ва ўзросце 45 гадоў ён быў арыштаваны і расстраляны па прысудзе “тройкі НКУС.
Гаўрыла Гарэцкі (1900-1988) — слынны беларускі геолаг, географ і эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік Беларускай акадэміі навук, брат Максіма Гарэцкага. Ён распрацаваў асновы палеапатамалогіі — навукі пра рэкі мінулага, апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі і археалогіі. У яго гонар названы 13 відаў выкапнёвых раслін і жывёл.
У межах канферэнцыі адбылася аўтограф-сесія вядомага навукоўцы і грамадскага дзеяча, акадэміка Радзіма Гарэцкага, аўтара біяграфічнай ілюстраванай кнігі “Браты Гарэцкія (выдавецтва “Мэдысонт, Мінск, 2008), у якой апісаны жыццёвы шлях бацькі аўтара Гаўрылы і яго брата Максіма. Кніга ўтрымлівае ўнікальныя дакументы і сведчанні пра жыццё і дзейнасць гэтых выбітных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя, здымкі з сямейнага і дзяржаўных архіваў, а таксама з архіваў сяброў.

  Аўтограф-сесія Радзіма Гарэцкага
Дырэктар музея Лідзія Макарэвіч падкрэсліла, што вечнымі будуць браты Гарэцкія, якія  пакінулі свой адметны, значны і непаўторны след у культуры і навуцы Беларусі. Па яе прапанове ўдзельнікі чытанняў хвілінай маўчання ўшанавалі памяць сябраў аргкамітэту канферэнцыі і яе ўдзельнікаў Уладзіміра Конана, Віталя Скалабана, Святланы Сачанка і Александры Гесь, якія пасля XIX Гарэцкіх чытанняў адышлі ў іншы свет.  

  Выступае Генадзь Бураўкін
Паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін адзначыў, што ў гісторыі кожнага народа “бываюць моманты, калі хочацца азірнуцца ўдалеч і знайсці там тыя вяршыні, на якія  хацелася б арыентавацца. Бяда, калі няма на каго азірнуцца, няма з кім параіцца, няма да каго прыйсці са сповяддзю. У беларусаў на шчасце ёсць такія асобы, да каторых
абсалютна заслужана належаць і Максім і Гаўрыла Гарэцкія — выдатныя людзі не толькі для Беларусі, але і для ўсяго людства. Гэта відаць сам Бог вырашыў, што яны выляцелі з аднаго сямейнага гнязда, бо такія рэчы проста так не адбываюцца. Іх нарадзіў беларускі народ, даў магчымасць узляцець у такую вышыню, на якую яны ўзляцелі, сам Бог, надзяліўшы іх не толькі талентам, але і вялікай душой, багатым духоўным светам.

На ягоную думку, абавязак сучаснікаў — “як мага наблізіцца да гэтых зорак і павучыцца ў іх таму, чаго ў нас не хапае — інтэлігентнасці. “Род Гарэцкіх — гэта тая гістарычная з’ява, на каторую нам трэба абапірацца, а таксама разумець яе і вучыцца ў яе, — падкрэсліў Генадзь Бураўкін. — Браты Гарэцкія і сёння пакутуюць разам з намі, шукаюць шляхі нашага выйсця да сусветнага ўзроўню, сваім талентам падпіхваюць нас да цывілізацыі. Калі 90 год таму Гаўрыла Гарэцкі пісаў пра разарванае цела Беларусі, ён меў на ўвазе наступствы гістарычных абставін. А хіба ў нас няма сёння разарванага нахабна, бяздарна, бяздумна цела Беларусі на правільных і няправільных, на сваіх і чужых? І як патрэбна, каб гэта цела зраслося, каб стала адзіным, прыгожым, такім, якімі былі браты Гарэцкія, — сказаў Генадзь Бураўкін.         
Сярод праблем увекавечвання памяці братоў Гарэцкіх Радзім Гарэцкі назваў неабходнасць дабіцца захавання дома з мемарыяльнай дошкай ў горадзе Горкі (Магілёўская вобласць), дзе жыў Максім Гарэцкі; устаноўкі скрадзенай мемарыяльнай дошкі ў гонар Максіма Гарэцкага на былым будынку Інбелкульту па сталічнай вуліцы Рэвалюцыйнай, 15, дзе зараз месціцца пасольства Швецыі; рамонту ў Мінску дома па Рэвалюцыйнай, 2 (выходзіць на плошчу Свабоды), каля якога ўстаноўлены помнік Максіму Гарэцкаму, а таксама выдання збору яго твораў у перакладзе на рускую мову ў сталічным выдавецтве “Мастацкая літаратура.   
За год пасля XIX Гарэцкіх чытанняў ў Кіеве па замове Расійскай акадэміі навук ў серыі “Научно-биографическая литература выдадзена  яго  кніга пра бацьку на рускай мове, а таксама ўбачыла свет у Мінску аўдыёкніга твораў Максіма Гарэцкага, падрыхтаваная выбітным беларускім тэатральным рэжысёрам Валерам Мазынскім. Акрамя таго, дакументальна-публіцыстычны фільм рэжысёра Алы Вольскай пра братоў Гарэцкіх “Неразгаданыя людзі, зроблены ў 2009 годзе, у бягучым годзе ўрэшце быў паказаны на айчынным тэлеканале.     
Штогод у чытаннях, якія ладзяцца з 1992 года, удзельнічаюць каля 40 літаратуразнаўцаў, моваведаў і гісторыкаў. Прычым першая навуковая канферэнцыя па сваім прадстаўніцтве была міжнароднай.