Агляд умоваў для грамадзянскай супольнасці CSO Meter з'явіўся на беларускай і на рускай мовах
Асамблея НДА і Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend падрыхтавалі беларускамоўную і рускамоўную версіі агляду CSO Meter, які прысвечаны ўсебаковаму вывучэнню умоваў для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Гэты агляд з’яўляецца часткай вялікага даследвання, якое рэалізуецца кансорцыўмам даследчыкаў на чале з Еўрапейскім цэнтрам некамерцыйнага права (ECNL). Агляд ахоплівае больш за 160 індыкатараў, што адлюстроўваюць ступень адпаведнасці сітуацыі ў краіне міжнародным стандартам у тых сферах, якія ўплываюць на ўмовы для дзейнасці НДА.
Даследчыкі падсумавалі стан асноўных паказчыкаў заканадаўства і праваўжывальнай практыкі, якія вызначаюць асяроддзе для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, у тым ліку: свабоду асацыяцый, раўнапраўе, доступ да фінансавання, свабоду мірных сходаў, удзел у прыняцці рашэнняў, свабоду выказвання меркаванняў, права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, дзяржаўную абарону і падтрымку, супрацоўніцтва паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю. Па кожнай з азначаных сфер даследчыкі выпрацавалі пералік індыкатараў адпаведнасці сітуацыі ў Беларусі міжнародным стандартам прававога рэгулявання і праваўжывальнай практыкі.
CSO Meter – гэта спецыяльная метадалогія, якая дазваляе прааналізаваць становішча арганізацый грамадзянскай супольнасці (АГС) у Беларусі і з’яўляецца адзінай метадалогіяй для рэгіёна Усходне-Еўрапейскага партнёрства. Акрамя Беларусі, у гэты рэгіён уваходзяць Азербайджан, Грузія, Арменія, Малдова і Украіна.
З дапамогай СSO meter было праведзена даследаванне становішча АГС у Беларусі. У ім між іншым праводзіліся і анлайн апытанне. Усяго было апытана 118 АГС, а ў Беларусі існуе прыкладна каля 3000 АГС. Варта казаць «прыкладна» таму, што ў нейкі момант Міністэрства юстыцыі перастала публікаваць спіс АГС, якія зарэгістраваліся. Таму зараз невядома, якая на дадзены момант колькасць АГС існуе у Беларусі.
Ці лёгка працаваць арганізацыям грамадзянскай супольнасці ў Беларусі?
На гэтае пытанне 63% удзельнікаў даследавання пазначылі адказ «Хутчэй цяжка». І ніводная са 118 АГС не адказала «вельмі лёгка». А ў апытанні, падкрэслівае юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, ўдзельнічалі не толькі арганізацыі, якія ажыццяўляюць праваабарончую дзейнасць. Гэта цікавы факт, таму што менавіта да праваабарончых арганізацый існуе прадузятае стаўленне з боку дзяржавы.
Яшчэ адным цікавым фактам з’яўляецца тое, што арганізацыі, якія не зарэгістраваны (альбо былі пазбаўлены рэгістрацыі) адчуваюць сябе крыху лепей, чым тыя, хто рэгістрацыю мае. Магчыма, прычына гэтага – у пэўных складанасцях, якія ўзнікаюць з-за існавання ў «афіцыйным» фармаце. Але канешне не варта забываць тут і пра існаванне адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, якая ўлетку замяніла крымінальную адказнасць.
«Мы вельмі баяліся, што пасля адмены артыкула 191.1 будзе хваля прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці, бо гэта рабіць лягчэй, чым прыцягваць да крымінальнай. Добра, што нашыя чаканні не спраўдзіліся», – адзначыла Вольга Смалянка, дырэктарка Lawtrend.
Ці сутыкаюцца АГС у сваёй дзейнасці з перашкодамі з боку дзяржавы?
Дзве траціны ад усіх апытаных адзначаюць, што з перашкодамі ўсё ж такі сутыкаліся. Гэта негатыўны паказчык, але наступныя вынікі пакажуць нават пазітыўны бок:
Акрамя гэтага,тры чвэрці апытаных лічаць, што ёсць нераўнапраўе ўнутры сектара АГС. То бок у дзяржаўных органаў ёсць прэвілеяванае стаўленне да пэўных АГС у параўнанні з астатнімі. Гэта можа адбывацца па наступных прыкметах: фінансаванне, доступ да ільготнай арэнды, падаткавыя ільготы.
Адказы на некаторыя пытанні да дзяржавы увогуле немагчыма пачуць.
«Беларусь — краіна, дзе практычна няма інфармацыі пра фінансавыя аб'ёмы, — адзначыў Юрый Чавусаў. — Якая доля дзяржаўнага фінансавання АГС ў агульным бюджэце? Як суадносіцца дзяржаўнае фінансаванне і карпаратыўнае фінансаванне? Колькі бізнэс ахвяруе грамадзянскаму сектару? Гэтага мы не ведаем».
Тым больш, як было пазначана вышэй, Міністэрства юстыцыі перастала публікаваць статыстыку пра колькасць зарэгістраваных грамадскіх арганізацый у Беларусі. Чаму? Пытанне адкрытае.
Ці маюць АГС свабоду слова? 60% пазначыла адказ «Не».
«Большасць арганізацый усё ж такі адчувае, што не вельмі для іх бяспечна выказваць крытычныя думкі ў дачыненні да дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўных органаў. — пракаментаваў Юры Чавусаў. —Таму самацэнзура — гэта тое, што ў Беларусі можа быць распаўсюджана».
На падставе даследавання, прадстаўленага Асамблеяй НДА і Lawtrend, будзе складацца і альтэрнатыўная справаздача для Універсальнага перыядычнага агляду (УПА), які для Беларусі запланаваны на травень 2020 года. Па выніках УПА Беларусі будуць зроблены рэкамендацыі па паляпшэнню сітуацыі з АГС. Як чакаецца, гэтыя рэкамендацыі ААН будуць пакладзеныя урадам Беларусі ў аснову будучага другога нацыянальнага плану дзеянняў па правах чалавека (першы міжведамасны план быў рэалізаваны ўрадам у 2016-2019 гадах).
З поўным тэкстам справаздачы на англійскай, беларускай, рускай мовах можна азнаёміцца тут.
Інфаграфіка: Асамблея НДА.