АГП прапаноўвае ўраду дазволіць прыватызоўваць жыллё за сімвалічную плату

Аб'яднаная грамадзянскай партыя заклікае ўлады Беларусі "не мяняць правілы прыватызацыі жылля, што засталося непрыватызаваным, захаваўшы іх у варыянце, па якім прайшла прыватызацыя большай яго часткі, гэта значыць за мінімальную, сімвалічную плату".



privatizacija_kvartiry.jpg

Аб гэтым гаворыцца ў звароце да ўрада, прынятым палітсаветам АГП 17 чэрвеня. У сваім звароце АГП падкрэслівае, што "прыватызацыя жылля павінна адпавядаць прынцыпам маралі і справядлівасці".


Партыя адзначае, што ў Беларусі не прыватызавана 392 тысячы кватэр, што складае 14% жыллёвага фонду і закранае інтарэсы каля мільёна чалавек. Пры гэтым у АГП упэўнены, што ўлады не стварылі прадказальнае прававое асяроддзе для прыватызацыі жылля, а таму яна павінна праводзіцца па аднолькавых правілах для ўсіх грамадзян. "Недапушчальна вырашаць матэрыяльныя праблемы дзяржавы за кошт грамадзян, якія жывуць у непрыватызаваным жыллі", — падкрэсліваецца ў звароце.


У сувязі з гэтым палітсавета АГП прапаноўвае даць жыхарам непрыватызаваных кватэр да 1 студзеня 2016 года магчымасць правесці прыватызацыю жылля за велічыню, эквівалентную 100 доларам ЗША.


Як паведамлялася раней, у Беларусі распрацаваны праект указа, які прадугледжвае перавод жылых памяшканняў, прадастаўленых грамадзянам па дагаворы найму, а таксама службовага і спецыяльнага жылля ў разрад камерцыйнага. Праект указа прадугледжвае, што на працягу года пасля прыняцця дакумента грамадзяне будуць мець права прыватызаваць жыллё. Калі яны адмовяцца ад прыватызацыі або па нейкіх прычынах не змогуць яе ажыццявіць, жыллё будзе пераведзена ў разрад арэнднага жылля камерцыйнага карыстання.


Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 4 чэрвеня падтрымаў пазіцыю ўрада па пытанні механізму і кошту прыватызацыі кватэр."Чым дом навейшы, тым ён даражэйшы. Напрыклад, у Фрунзенскім раёне Мінска прыватызацыя двухпакаёвай кватэры тыповых спажывецкіх якасцей будзе каштаваць ад 35 млн. рублёў у доме 1964 года пабудовы да 142 млн. рублёў у доме 1994 года", — адзначыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым як мінімум 10% ад сумы трэба ўнесці адразу, астатняе ж можна будзе выплаціць у растэрміноўку на працягу 40 гадоў. "Значыць, трэба так і зрабіць", — сказаў Лукашэнка.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН