Аліна Нагорная: «У Беларусі за беларускую мову цябе могуць абразіць і нават збіць»

Аліна Нагорная — случчанка, якая займаецца абаронай беларускай мовы і стварыла ініцыятыву «Умовы для мовы».

nahornaya.jpg

Яна прыцягнула да адказнасці тых, хто назваў мову «сялянскай» ці «мёртвай», а таксама чыноўнікаў, якія не адказалі на беларускамоўны зварот па-беларуску. Некалькі год таму да Дня герояў, які адзначаецца 27 лістапада, Аліна арганізавала канцэрт «За Случчыну», на якім выступіў вядомы рокер Лявон Вольскі.
— Калі ты размаўляеш на беларускай мове ў Беларусі, гэта выглядае так, быццам бы ладзіш нейкі перфоманс, — распавядае Аліна Нагорная. — Калі стала размаўляць па-беларуску, заўважыла, што існуе дыскрымінацыя: у сферы абслугоўвання (калі ты захочаш запоўніць нейкі дакумент), у дзяржаўных установах.
Спачатку я арганізоўвала сустрэчы з беларускамоўнымі людзьмі, а потым вырашыла далучыцца да ініцыятывы «Умовы для мовы».

Пра моўную дыскрымінацыю

— Калі замаўляеш у кавярні гарбату, табе вельмі няёмка: на цябе ўсе глядзяць.
Ёсць выпадкі пазітыўнай дыскрымінацыі, калі ты толькі пачынаеш размаўляць па-беларуску, хвалюешся крыху, а табе кажуць: «Ой, якая класная мова!» Як трапна заўважыў адзін мой знаёмы, у такіх сітуацыях ты адчуваеш сябе неграм, якому кажуць: «У цябе такая чорная скура!»
У радзільні лекар пытаўся ў мяне, ці часта я па-беларуску размаўляю, а не як я сябе адчуваю.
Аднойчы мы з мужам страцілі сем месяцаў на тое, каб ЖКГ выканала наш зварот, напісаны па-беларуску. Па-руску гэты працэс заняў бы менш часу.
Калі паводле заканадаўства ёсць дзвюхмоўе, яно павінна быць сапраўдным: каб грамадзянін мог абіраць мову для камунікацыі. А дзяржава не разумее прынцып дзвюхмоўя: яна лічыць, што толькі ёй можна абіраць мову, а грамадзяне павінны падстройвацца пад яе рашэнне.


Уявіце сабе, у Беларусі за беларускую мову цябе могуць абразіць, нават збіць. Да мяне звяртаўся чалавек, якога міліцыянты збілі за выкарыстанне беларускай мовы на допыце. Яшчэ нядаўна затрымалі мужчыну, які па-беларуску прасіў дапамогі на Акрэсціна, і яму яе не аказалі: сказалі размаўляць «на нормальном языке». Мне вядомыя асобы, якія пры затрыманнях размаўлялі па-руску, бо баяліся быць збітымі за мову.
Калі вы адчуваеце, што вам можа нешта пагражаць пры затрыманні, вы можаце перайсці на рускую мову. Ці размаўляць па-беларуску і, па магчымасці, зафіксаваць выпадак, калі вам перашкаджаюць ёю карыстацца. Згодна з заканадаўствам, дзяржаўны служачы мусіць заплаціць штраф за моўную дыскрымінацыю. Хаця мы назіраем, што гэта паўсюль парушаецца.
Калі мяне спыняе даішнік, я размаўляю па-беларуску. Але спрабую падбіраць словы, падобныя да рускіх. Варта задаць сабе пытанне, чаму наша мова мае палітычную афарбоўку. Вядома, таму, што ўвесь час адбывалася русіфікацыя. Бо яшчэ савецкая ўлада палітызавала гэтае пытанне.
Аліна кажа, што моўнае заканадаўства недасканалае, але яно дазваляе бараніць свае моўныя правы. Галоўнае — дзейнічаць.
— Напрыклад, людзям можа не спадабацца, што ў нейкім месцы няма беларускай мовы — і яны пішуць пост у Фэйсбуку. А насамрэч трэба пісаць зварот. Толькі тады беларуская мова можа дзесьці з’явіцца.  

Пра ціск за сваю пазіцыю

Аліна ўспамінае, як яе выклікалі ў Крымінальны вышук за відэа пра беларускую мову.  
— Прымусілі падпісаць паперку, што я не буду распаўсюджваць экстрэмізм. Але я не пагадзілася нічога падпісваць, бо ведала, што нічога не парушыла. Пасля гэтага ад мяне адвязаліся.
Непрыемныя сітуацыі былі ў Слуцку падчас арганізацыі мерапрыемстваў. Нам дазволілі правесці два канцэрты: да стагоддзя БНР і «За Случчыну». Абодва былі з перашкодамі. Кіраўніцтва Слуцкага дома культуры зрабіла выгляд, што апаратура зламалася, спрабавала не дапусціць з’яўлення сцягу Слуцкага збройнага чыну. Шукалі розныя падставы для таго, каб сапсаваць свята.
А пасля канцэрта, прысвечанага стагоддзю БНР, мяне і маіх сяброў затрымалі. Мы тады збіраліся трапіць яшчэ на мінскі канцэрт.
Гэта ўсё дзіўна і недарэчна. Мне здаецца, што гарадскія ўлады павінны дапамагаць, калі я раблю мерапрыемства з бясплатным уваходам, на якое прыязджае Лявон Вольскі.
Цікава, што раней, калі я размаўляла па-руску і ў мяне быў літаратурны клуб, мне не перашкаджвалі праводзіць івэнты.

«Бараніць свае правы — нармальна. Гэта не павінна быць чымсьці выключным»

Для таго, каб беларусізаваць краіну, трэба, каб людзі самі гэтага захацелі, мяркуе Аліна Нагорная.
— Зараз яны толькі зразумелі, што ў 2020 годзе сфальсіфікавалі выбары. Асноўны дыягназ яшчэ не пастаўлены, бо фальсіфікацыі пачаліся значна раней: на рэфэрэндуме пра сцяг і мову. Калі б людзі ўсвядомілі гэта, яны б часцей захацелі сустракаць беларускую мову ў жыцці.
Аліна лічыць, што спалучаць сям’ю, вучобу і грамадскую актыўнасць — гэта натуральна.
— Мне не падабаецца тэрмін «актывістка». Тое, што я раблю, павінен рабіць кожны. Калі мне не падабаецца, што ў маёй кватэры вэрхал — я раблю прыборку.
Не падабаецца, што не дазваляюць размаўляць па-беларуску, — я раблю ўсё для таго, каб дазвалялі. Бараніць свае правы — нармальна. Гэта не павінна быць чымсьці выключным ці дзіўным.