Аляксей Шыдлоўскі: Мая крымінальная справа не закрыта
Аляксей Шыдлоўскі быў вымушаны прасіць палітычнага прытулку ў Чэхіі, пасля таго як у Беларусі ў дачыненні да яго напрыканцы 2007 года была ўзбуджана крымінальная справа.
“Пакуль сын яшчэ не “стаў на ногі”, не магу вярнуцца ў Беларусь, — кажа Аляксей. — Тым больш, мая крымінальная справа прыпынена, але не закрыта”.
У 1997 годзе крымінальная справа маладзёжных актывістаў Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча стала адной з першых, якая мела палітычны падтэкст. Хлопцаў асудзілі за тое, што на будынку райвыканкама ў Стоўбцах яны напісалі графіці “Жыве Беларусь!” і “Пазьняк — наш прэзідэнт”.
У лютым 1998 года Шыдлоўскі быў асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі па абвінавачванні ў злосным хуліганстве, прысуд Лабковічу быў — паўтара года зняволення з адтэрміноўкай на два гады.
У 2007 годзе Аляксей Шыдлоўскі быў вымушаны прасіць палітычнага прытулку ў Чэхіі, пасля таго як у Беларусі ў дачыненні да яго напрыканцы 2007 года была ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа па ч.3 арт.339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства), якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да 10 гадоў. Справа была распачата пасля бойкі ў краме, нагодай для якой стала сварка з прадаўцом з-за партрэта Аляксандра Лукашэнкі.
“Зараз я працую ў Празе ў атэлі начным менеджэрам, жонка — загадчыца крамы з хрусталём, — распавёў Аляксей Шыдлоўскі сайту palitviazni.info. — Дарэчы, і сам раней у той самай краме працаваў, але затым з-за сына давялося змяніць месца працы. Сын ужо тры гады займаецца хакеем (зараз яму 6 гадоў), таму давялося пагадзіцца на начную працу, каб удзень вазіць яго на трэніроўкі”.
Пра вяртанне ў Беларусь Аляксей Шыдлоўскі пакуль не думае.
“Па-першае, наколькі мне вядома, мая крымінальняа справа прыпынена, але не закрытая, таму, калі вярнуся ў Беларусь, магу тут на працяглы час і застацца, — кажа суразмоўца. — Па-другое, не хочацца псаваць жыццё сыну. Цяжка яму будзе пасля, хаця і адноснай, але цывілізацыі. Я, безумоўна, некалі абавязкова прыеду ў Беларусь, але спачатку трэба, як кажуць, падняць на ногі сына”.
Пакуль у Чэхіі Аляксей мае так званы “пашпарт уцекача”, які дазваляе перасоўвацца па краінах Еўрасаюза, але з часам ён думае атрымаць чэшскае грамадзянства.
“Толькі гады праз два можна будзе падаваць дакументы на атрыманне грамадзянства, — дадае ён. — Дарэчы, у Чэхіі дазволена падвоенае грамадзянства, таму грамадзянінам Беларусі застануся ў любым выпадку”.
palitviazni.info