Аптымізм на абрыве
У Міністэрстве эканомікі Беларусі лічаць, што станоўчыя змены будуць ужо восенню. Аднак афіцыйная інфармацыя Мінстату гаворыць, што паказчыкі развіцця па асобных пунктах скараціліся ў разы. Наўрад ці атрымаецца выправіць гэту сітуацыю цягам бліжэйшых месяцаў.
У Міністэрстве эканомікі Беларусі лічаць, што станоўчыя змены будуць ужо восенню. Аднак афіцыйная інфармацыя Мінстату гаворыць, што паказчыкі развіцця па асобных пунктах скараціліся ў
разы. Наўрад ці атрымаецца выправіць гэту сітуацыю цягам бліжэйшых месяцаў.
«Многія краіны адзначаюць спыненне рэцэсіі, ажыўленне эканомік, таму думаю, увосень пачнуць адбывацца станоўчыя зрухі, мы чакаем паляпшэння становішча з адмоўным сальда знешняга
гандлю», — адзначыла намеснік міністра эканомікі Таццяна Старчанка. Яна дадала, што ёсць добрыя перадумовы павялічэння аб’ёму экспарту. Паводле разлікаў Мінэканомікі, за
студзень — ліпень гэтага года адмоўнае сальда гандлёвага балансу вырасла да 3,1 мільярда долараў. Гэта выклікана падзеннем як фізічных аб’ёмаў экспарту, так і цэн на тавары, што
экспартуюцца.
Аднак варта дадаць, што скараціўся не толькі аб’ём экспарту, але і вытворчасць. Прырост валавога ўнутранага прадукту за першыя шэсць месяцаў склаў усяго толькі 0,4 працэнта да ўзроўню
аналагічнага перыяду мінулага года. Падчас другой агляднай місіі МВФ змяніла ацэнкі па ВУП на гэты год, якія сталі бліжэйшыя да прагнозных паказчыкаў Міністэрства эканомікі Беларусі. У адпаведнасці з
чэрвеньскім прагнозам МВФ, у 2009 годзе ў Беларусі чакаецца падзенне ВУП на 3,3 працэнта. Цяпер Мінэканомікі плануе да канца года рост ВУП на ўзроўні 1–2 працэнты і гатовае выканаць
рэкамендацыю МВФ і адмовіцца ад давядзення да прыватных прадпрыемстваў прагнозаў росту вытворчасці.
Найбольшае падзенне аб’ёмаў вытворчасці, паводле афіцыйнай інфармацыі, зафіксавана ў прамысловасці і вытворчасці нехарчовых тавараў, рост — у хімічнай прамысловасці (на 32,4
працэнта), нафтаперапрацоўцы (на 19,9 працэнта), паліўнай і харчовай прамысловасці. Старчанка адзначыла, што цяпер ключавая задача для прадпрыемстваў — «пашырэнне геаграфіі рынкаў
продажу». «У асноўным усе нашы галіны маюць стратэгіі экспартнага продажу, якія ўключаюць мерапрыемствы па стварэнні новых тавараправодных сетак, пашырэнне формаў разлікаў,
выкарыстанне лізінгу для прасоўвання нашай прадукцыі на расійскі рынак», — падкрэсліла намеснік міністра. Цяпер рыхтуюцца дакументы і будзе створана кампанія, якія зоймецца продажам
беларускай прадукцыі ў лізінг.
На сёння Мінэканомікі прапрацоўваецца магчымае падвышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду. Яно можа адбыцца ўжо ў гэтым годзе, але пра суму, па словах намесніка міністра, пакуль гаварыць рана. У той
жа час пры падрыхтоўцы праекта бюджэту Беларусі на наступны год разглядаецца магчымасць падвышэння падатку на дабаўленую вартасць. Пры гэтым можа быць зніжаны падатак на прыбытак і будуць адмененыя
некаторыя мясцовыя падаткі.
Сёлета ў Беларусі больш за ўсё падаражэлі паслугі, менш — харчовыя тавары (адпаведна 11,9 і 6,2 працэнта). За сем месяцаў гэтага года выраслі інвестыцыі ў асноўны капітал 17,8 працэнта ў
параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. У аб’екты вытворчага прызначэння інвестыцыі павялічыліся на 20,3 працэнта.
Застаецца высокі ўзровень складскіх запасаў, але за ліпень яны знізіліся на 6,3 працэнта. Запасы гатовай прадукцыі ў прамысловасці Беларусі па выніках сямі месяцаў 2009 года склалі 88,3 працэнта
сярэднямесячнага аб’ёма вытворчасці. Палова запасаў прыходзяцца на машынабудаўнічую прадукцыю (аўтамабілі).
Сярод негатыўных тэндэнцый гэтага года — павелічэнне колькасці вымушаных адпачынкаў. У рэжыме няпоўнай занятасці па ініцыятыве наймальнікаў працавалі 135,1 тысячы чалавек, што амаль у чатыры
разы больш, чым у аналагічным перыядзе мінулага года.
«У цэлым вынікі дастаткова някепскія, — лічыць намесніца міністра эканомікі. — Я думаю, што прынятыя ўрадам антыкрызісныя меры дазволілі забяспечыць такое стабільнае
развіццё эканомікі». Аднак захады дзяржавы не ў поўнай меры падтрымлівае МВФ. У заключэнні экспертаў гаворыцца, што беларускаму ўраду варта «скараціць да мінімуму кантроль за
цэнамі, каб цэнавыя сігналы маглі накіроўваць плынь рэсурсаў і дапамагаць карэктаваць лішак і недахоп рэсурсаў у эканоміцы; таксама варта адмяніць большасць абмежаванняў па рознічных гандлёвых
надбаўках у адпаведнасці з дамоўленасцямі, дасягнутымі паміж урадам і Сусветным банкам».
Сярод слабых месцаў называецца давядзенне абавязковых для выканання колькасных мэтавых паказчыкаў на макраэканамічным узроўні і ўзроўні прадпрыемстваў, сістэма дырэктыўнага крэдытавання, а таксама
стымуляванне ўнутранага попыту на фоне слабага плацежнага балансу. Эксперты МВФ прыйшлі да высноў, што на працягу сямі месяцаў бягучага года працягваўся высокі рост крэдыту эканомікі, чаму спрыяла
крэдытаванне ў рамках дзяржпраграм, часта пад працэнтныя стаўкі, што дадаткова субсідзіруюцца.
Варта адзначыць і той факт, што ўлады не гатовыя да рэальнай лібералізацыі эканомікі, таму што гэта парушыць выбудаваную гадамі жорсткую сістэму дзяржаўнага кіравання і кантролю. Між іншым, насуперак
аптымістычным прагнозам Мінэканомікі пра паляпшэнне сітуацыі восенню, прафесар Ельскага універсітэта (ЗША) Алег Цывінскі агучыў свае разлікі, паводле якіх Беларусь напрыканцы гэтага года толькі
дасягне дна эканамічнага крызісу.
Алена Запалянская, Вольга Хвоін