Архітэктар пасля «сутак»: «Амапаўцы скардзіліся, што тры месяцы жывуць у казармах і не бачаць сем'яў»
У розных месцах сілавікі кажуць абсалютна аднолькавымі фразамі, «як быццам па адной метадычцы». Пра гэта распавядае «Салідарнасці» архітэктар, які адседзеў 13 сутак у Баранавічах.
Сяргея (імя зменена па просьбе суразмоўцы. — Заўв. «Салідарнасці») затрымалі 22 лістапада падчас маршу ў сваім двары ў Мінску.
Ён быў здзіўлены вялікай колькасці калег-архітэктараў, затрыманых у той дзень. З імі Сяргей перасякаўся ў РУУС і на Акрэсціна.
— Двойчы ў мяне атрымалася пагаварыць з АМАПам. Пры затрыманні і да гэтага на плошчы пераменаў. Яны скардзіліся, што тры месяцы жывуць у казармах і не бачаць дома і сем'яў. Я зразумеў, што ўвесь гэты час іх псіхалагічна апрацоўваюць.
Яны ўпэўненыя, што нас меншасць, што Лукашэнка перамог, праўда, аплата паводле іх версіі, у нас упала. Раней называлі суму ў 50 долараў. Гэтыя спрабавалі мяне пераканаць, што мы — архітэктары, бізнесмены, айцішнікі і іншыя паспяховыя людзі — выходзім за 20 рублёў! — смяецца Сяргей.
Распавядае, што ў розных месцах сілавікі кажуць абсалютна аднолькавымі фразамі, «як быццам па адной метадычцы».
— Адзінае, яны задумаліся, калі я згадаў пра дыялог. Пагадзіліся, што мы людзі адной краіны, і нам трэба дамаўляцца. Аднак, відаць, пра дыялог у нас розныя ўяўленні, — разважае суразмоўца. — Але абсалютна відавочна, усе яны вельмі стомленыя. Пра гэта казалі і вайсковыя канваіры, якія наогул да нас на «вы» звярталіся, і тыя ж амапаўцы, і наглядчыкі, у якіх рабочая вахта доўжыцца некалькі тыдняў, і міліцыянты.
— Ставіліся да нас усё нейтральна, калі іх не задзіраць. АМАП накінуўся на аднаго хлопца за тое, што ў таго былі здымкі з плошчы пераменаў. З гэтага зразумела, што ім вельмі не падабаецца любое дакументальнае сведчанне. Таму, думаю, усім відэа, якія цяпер публікуюцца, яны не вельмі рады, — адзначыў суразмоўца.
Сяргей не можа знайсці тлумачэнне таму, што ў турмах масава заражаюць людзей каронавірусам.
— Калі гэта не наўмысна і не загад зверху, то як зразумець, што, дапусцім, мне не перадалі ніводнай маскі, хоць яны ў перадачы былі? Мы так і прахадзілі ўвесь арышт у тых масках, у якіх былі затрыманыя. Добра, я перахварэў, здаецца, а вось адзін з сукамернікаў трапіў у бальніцу, яшчэ адзін хварэў дома.
Я — сын вайскоўца. Упэўнены, што такія рашэнні не могуць быць ініцыятывай з нізоў. Іншая справа, што ім не забаронена думаць і аналізаваць, і яны могуць разумець — што робяць нешта дрэннае ці нават злачыннае, — упэўнены мужчына.
Пасля «сутак» Сяргей па ранейшаму шмат усміхаецца і жартуе.
— Турма як турма. Святло гарыць пастаянна, этапуюць у іншае месца абавязкова ў дзень перадачы, каб чалавек яе не атрымаў. Яшчэ нейкія гадасці, якія я расцэньваю на ўзроўні 6-га класа сярэдняй школы... Ці могуць яны кагосьці зламаць? Асабіста мяне, чалавека, які прайшоў савецкую армію, нават не ўразілі, — прызнаецца Сяргей.
Як і многія, пасля арышту ён выходзіў натхнёным і з падарункам жонцы, які з любоўю зрабіў напярэдадні.