Артыкул 328: ці будзе лібералізацыя?

У лістападзе на сесіі Палаты прадстаўнікоў плануецца разгляд новага праекта па артыкуле 328. Па звестках, у ім будзе прадугледжаны падзел па грамах і па тэрмінах. «Як у Чэхіі. Мы вельмі моцна спадзяемся на гэта», — адзначыла Святлана, прадстаўніца руху «Маці 328».

f92b432d9c2e8f3fdeab36df7b8255dd.jpg

Дэкрыміналізацыя «лёгкіх» наркотыкаў, лібералізацыя крымінальных «наркатычных» артыкулаў. Рух «Дзея» і Students for Liberty Belarus зладзілі мерапрыемства, прысвечанае праблеме з прымяненнем так званага наркатычнага заканадаўства ў Беларусі.

Увосень плануецца разгляд законапраекта са зменамі ў артыкул 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў). Моладзевыя актывісты, а таксама прадстаўнікі руху «Маці 328» выклалі сваю пазіцыю наконт існуючага крымінальнага закона і яго прымянення.

«Вайна» з наркотыкамі

«Як вядзецца барацьба з наркотыкамі ў Беларусі? Забараніць, пасадзіць — то бок рэпрэсіўныя захады. Але ў чым спецыфіка наркатычнага рынку? Калі мы змагаемся з прапановай — попыт не змяншаецца. Затое што павялічваецца? Цана наркотыка. Варацілы багацеюць, злачынныя групоўкі буйнеюць, разрастаюцца, з’яўляюцца картэлі, — лічыць Стась. — Увесь вопыт вайны з наркотыкамі ні да чаго не прывёў. Дэфіцыт традыцыйных рэчываў прыводзіць да росту хімічных сурагатаў. Дылеры прапаноўваюць новыя, больш небяспечныя рэчывы, з-за якіх пакутуе нашмат больш людзей, чым ад класічных наркотыкаў.

Наркотыкі становяцца мацней. Пастаўшчыкі стараюцца зрабіць так, каб ва ўмоўна адным граме рэчыва яго канцэнтрацыя была мацней. Таму што яны рызыкуюць, таму што попыт ёсць, таму што трэба перавезці — усё нелегальна. Наркотыкі даражэй. З-за таго, што рэчывы нельга легальна купіць у краме, ніхто не можа паручацца за іх якасць. Групоўкі, пастаўшчыкі наркотыкаў, не могуць вырашыць законна свае пытанні. З-за гэтага павялічваецца гвалт.

Саджаюць дробных дзялкоў, кур’ераў. Прыкладна 12 тысяч сядзіць па артыкуле 328. І большасць з іх, па нашым глыбокім перакананні, не з’яўляюцца злоснымі злачынцамі. Гэтыя людзі не зрабілі шкоды, сувымернай іх пакаранню.

Гэтых людзей у асноўным саджаюць за захаванне — да 5 гадоў пазбаўлення волі. Калі ты папаліў з сябрамі, то гэта аўтаматычна ўжо распаўсюджанне — 8 гадоў пазбаўлення волі.

Наша мэта галоўная — гэта дэкрыміналізацыя лёгкіх наркотыкаў. Хаця ўсе мы разумеем, што ні заўтра, ні нават паслязаўтра ў Беларусі не будзе легалізавана марыхуана.

Беларусь — адзіная краіна, дзе за 1 грам марыхуаны і меней могуць пасадзіць на 5 гадоў. Ва Украіне, Расіі — гэта адміністратыўная адказнасць. У заканадаўстве ёсць канкрэтнае вызначэнне — вялікі, буйны, асабліва буйны памер, дробны і г.д. Толькі ў нас у Беларусі не важна, колькі ў цябе, — кілаграм, тона наркотыкаў альбо адно каліва — цябе могуць пасадзіць на 5 гадоў.

Самая вялікая памылка барацьбы з наркотыкамі — гэта крыміналізацыя і маргіналізацыя людзей. Грамадства альбо дзяржава не дапамагае гэтым людзям. Ад іх адварочваюцца і саджаюць. Замест таго, каб адаптаваць, іх заганяюць у кут».

Легалізацыя

067f4c8d_b762_4c85_b64b_202f3552fbee_w1023_r1_s.jpg


«У Ізраілі легалізавана ўжыванне марыхуаны, але толькі ў медыцынскіх мэтах. Калі людзі хварэюць на рак ці ёсць псіхалагічныя разлады, яны могуць пайсці ў аптэку і па рэцэпце набыць сабе марыхуану, — распавядае Ксенія.Калі ўжываць марыхуану не для медыцынскіх мэтаў, калі будзе з сабой больш за 2 грамы, то паліцыя спачатку дасць штраф у эквіваленце 270 долараў. Калі зловяць другі раз — дадуць штраф ужо 540 долараў. На трэці раз — умоўны тэрмін, назіранне. Ну а калі адбудзецца яшчэ адно затрыманне — заводзіцца крымінальная справа.

У Нідэрландах марыхуану можна набыць у кавашопах — да 5 грам. Забаронена прадаваць прадукцыю людзям, маладзейшым за 18 гадоў. Нельга рэкламаваць прадукцыю. Не могуць прадаваць больш цяжкія наркотыкі.

Каларада — першы штат ЗША, у якім была цалкам дэкрыміналізавана марыхуана ў 2012 годзе. Яе дазволена прадаваць, вырошчваць, ужываць. Праўда, можна набываць толькі ў спецыяльных крамах. Калі няма ліцэнзіі, то прадаваць нельга, за гэта пакараюць. Адзін чалавек, калі яму больш за 21 год, можа набыць 28 грам.

За 2016 год прыбыткі з продажу марыхуаны прынеслі ў бюджэт штата каля мільярда долараў. І таксама было сабрана 150 мільёнаў долараў у выглядзе падаткаў. Колькасць злачынстваў з-за легалізацыі не вырасла. Наадварот, на 10 працэнтаў паменшылася. Збольшага з-за тых людзей, якія раней былі асуджаны за злачынствы, звязаныя з продажам і ўжываннем марыхуаны».
«У Чэхіі легалізавана ўжыванне марыхуаны толькі для медыцынскіх мэтаў. І ёсць такое паняцце, як малая колькасць рэчыва. Валоданне гэтымі рэчывамі для асабістага карыстання (гэта вельмі важна — толькі для асабістага карыстання), за захаванне і выкарыстанне атрымоўваюць адміністратыўны штраф у памеры 15 тысяч крон (каля 530 еўра). Крымінальнай справы заведзена не будзе, — дадае Аліна. — У гэты пералік уваходзіць вельмі вялікая колькасць рэчываў, і дастаткова сур’ёзных. Напрыклад, 1,5 грама гераіну — таксама лічыцца малой колькасцю рэчыва. Акрамя гэтага, гэта яшчэ 10 грам марыхуаны, 4 таблеткі экстазі, 5 грам гашышу, 1 грам какаіну і 40 штук галюцынагенных грыбоў.

Пакаранне менавіта крымінальнае вынікае за захаванне больш чым «малая колькасць». За марыхуану больш чым 10 грам — тэрмін ад аднаго да двух гадоў. І за захаванне іншых наркатычных рэчываў, якія не на аснове канапель, — у межах двух гадоў.

Калі продаж, то гэта ўжо сур’ёзней. Продаж і распаўсюджанне прыраўноўваецца да больш сур’ёзных крымінальных пакаранняў. Продаж марыхуаны альбо іншых наркатычных рэчываў — ад двух да 5 гадоў. А калі продаж асобам маладзей 18 гадоў — то гэта ад 2 да 10 гадоў».

За «намер збыту» — 9 гадоў







А вось што распавялі сваякі асуджаных па артыкуле 328:

— Нашым дзецям далі вялікія тэрміны. Я асабіста прайшла чатыры гады барацьбы, лічу, што трэба прымаць сусветную практыку, не так катэгарычна ставіцца да гэтага пытання. Нас прымусіла жыццё вывучыць усе гэтыя сусветныя практыкі, як дзе судзяць.

Артыкул 328 дзеліцца на 5 частак. Шмат асуджаных па частцы 4. Фабрыкуючы справы, збіраючы іх у кучу, незалежна ад таго, што асуджаныя не ведалі адзін аднаго, іх справы былі аб’яднаныя ў агульныя. І іх судзілі як групу асобаў, па 4-й частцы. А там тэрміны такія, што проста жудасць. Вось маці сядзіць, 16-гадоваму дзіцёнку далі 8 гадоў. Ёсць маці, дзецям якіх далі 15–14 гадоў за нуль, нуль нейкіх грамаў. Ёсць і за 1 грам, ёсць і за 10 грам.

— Асуджана вельмі шмат дзяцей несправядліва. Многіх катавалі, каб яны бралі на сябе такія жахлівыя тэрміны. Даваліся тэрміны ад 8 гадоў. Другую частку ні да каго не прымянялі. У 3–4 і далейшых часцях ёсць канфіскацыя. Канфіскоўваюць кватэры, машыны — усё канфіскоўваюць. І вы ўяўляеце, калі дзіцёнак пасля 10 гадоў выйдзе, ён нікому не патрэбны. Таму што на ім стаіць крыж — артыкул 328.

— Вярхоўны суд даў нам такое вызначэнне: мы не прад’яўляем вам збыт, захаванне. Мы прад’яўляем вам намер збыту і з прысудам суда першай інстанцыі згодны. Ні збыт, ні захаванне, а намер — і 9 гадоў.

— Судзілі як групу асобаў. Усіх затрымалі ў снежні, майго ў чэрвені праз паўгады. Таму што не хапала звяна, яго зрабілі аптовым збытчыкам. Арганізатар атрымаў 10 гадоў, а ўсе пацаны атрымалі 12, 14, 15 гадоў.

— Бацькі баяліся камусьці штосьці сказаць, калі бачылі, што дзіця співаецца, становіцца наркаманам. Ён баіцца пайсці да нейкага грамадства. Таму што ведае: што яго аблаюць, яго зняважаць, яго не падтрымаюць. Яму ніхто руку не працягне. Не скажа: «Давай я табе падкажу, будзем лячыць, дапамагаць». Ніхто гэта рабіць не будзе. Вось калі я сутыкнулася з такой праблемай, вы ведаеце, ад мяне адвярнуліся ўсе мае сябры. Я не буду казаць пра сяброў. А што казаць, калі ад цябе адварочваецца маці ці ўласны бацька? «Ты дрэнная маці і мне такая дачка не патрэбна. І мне такі ўнук не патрэбны.

— Калі я стала хадзіць па кабінетах, са следчым размаўляла, я спрабавала штосьці зрабіць, мне ў вочы сказалі: «У вас яшчэ дачка. Вы пра гэта памятайце». Я адправіла сваю дачку з горада, каб з ёй нічога не зрабілі. Калі ты застаешся з бядой адзін на адзін і ты шукаеш нейкую дапамогу, яе так цяжка знайсці, паверце.

Змены будуць?

Сваякі асуджаных атрымалі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта. У ім гаворыцца, што кампетэнтным органам дадзена даручэнне — выпрацаваць прапановы па «карэкціроўцы крымінальнага заканадаўства ў дадзенай сферы». А таксама «па рэальным прымяненні ў адносінах да асуджаных па артыкулах 327–332 Крымінальнага кодэкса ўмоўна-датэрміновага вызвалення ад адбывання пакарання і замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім».

У лістападзе на сесіі Палаты прадстаўнікоў плануецца разгляд новага праекта па артыкуле 328. Па звестках, у ім будзе прадугледжаны падзел па грамах і па тэрмінах. «Як у Чэхіі. Мы вельмі моцна спадзяемся на гэта», — адзначыла Святлана, прадстаўніца руху «Маці 328».

Арганізатары сустрэчы плануюць збор подпісаў, каб падтрымаць такія змены ў заканадаўстве. А таксама распачаць грамадскую дыскусію па праблеме наркотыкаў. Плануюцца мерапрыемствы для «шырокай публікі» з запрашэннем экспертаў.