Атам мірным не бывае

З таго дня, як выбухнуў Чарнобыль, прайшло амаль 30 гадоў. Але, як сведчаць навукоўцы, праблемаў з часам не паменела. А ў выніку гаспадарчай дзейнасці на забруджаных тэрыторыях і будаўніцтва АЭС у Беларусі іх яшчэ і пабольшае.



Напярэдадні чарговай гадавіны катастрофы на ЧАЭС грамадскае аб’яднанне «Экадом» зладзіла традыцыйны круглы стол па абмеркаванні чарнобыльскіх і постчарнобыльскіх праблемаў. Гэтым разам ён прайшоў пад тэмай экалагічных наступстваў ядзерных катастрофаў. Але беларускі кантэкст наклаў на дыскусію свой адбітак.

 

Закрылі тэму?

Былы адказны сакратар Камісіі па расследаваннях прычынаў Чарнобыльскай аварыі Вярхоўнага савета СССР, кандыдат тэхнічных навук Юры Варонежцаў у сваім выступе адзначыў — расслабляцца рана. Канешне, па ягоных словах, беларуская ўлада робіць усё, каб сапраўдных лічбаў пра наступствы ЧАЭС грамадства не даведалася. Гэта падобна на сітуацыю часоў СССР адразу пасля аварыі: калі радыяцыі не бачна, то можна зрабіць выгляд, што нічога не адбылося. Зараз шмат кажуць пра тое, што тэрыторыі, пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС, ужо прыдатныя да нармальнага жыцця і гаспадарчай дзейнасці. Падрабязнай інфармацыі ж па захворваннях на гэтай тэрыторыі знайсці амаль немагчыма.

Але, як кажа Варонежцаў, даводзіцца карыстацца і ўскоснымі лічбамі, якія таксама яскрава паказваюць наступствы аварыі. «Штогод, па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на анкалогію захворвае 42 000 чалавек. З іх 9 000 — у забруджанай Гомельскай вобласці. То бок колькасць захворванняў на тэрыторыі, якая забруджаная радыяцыяй, у паўтара разы вышэй, чым сярэдняя па краіне», — адзначыў Варонежцаў.

Тое ж паказваюць і лічбы тых, хто стаіць на ўліку ў анкадыспансерах. Калі па краіне гэтая лічба блізу 250 тысяч чалавек, то з іх 40 тысяч — у Гомельскай вобласці. У паўтара разы больш, і нічым, акрамя Чарнобылю, гэта не патлумачыць.

Увогуле ж, па дадзеных Варонежцава, колькасць розных захворванняў у зонах, пацярпелых ад Чарнобылю, у параўнанні з «дачарнобыльскім перыядам» узрасла ў 34 разы.

 

 

Не такія ўжо і малыя

Усё гэта звязана, мяркуе Варонежцаў, з тым, што радыяцыя ўздзейнічае на ДНК чалавека і на ягоны генатып. «Хлопчык і дзяўчынка, якія нарадзіліся адразу пасля Чарнобылю, могуць звонку выглядаць нармальнымі і здаровымі. Яны вырастаюць, ствараюць сям’ю, у іх нараджаецца дзіця. І вось гэтае дзіця ўжо можа быць хворае», — кажа Варонежцаў. Захварэць могуць і іх далейшыя нашчадкі.

За такія даследаванні «малых дозаў радыяцыі» на арганізм чалавека беларускі прафесар Юры Бандажэўскі паплаціўся турмою. Зараз ён не працуе ў Беларусі. Дый увогуле, працягласць чалавечага жыцця пакуль што не дазваляе паставіць эксперымент па захворваннях на людзях.

Але ёсць і іншыя даследаванні. Напрыклад, навуковы сакратар Еўрапейскага камітэта радыяцыйнай рызыкі Крыс Басбі даследаваў уздзеянне невялікіх дозаў радыяцыі ў Фалуджы ў Іраку на мышах-пясчанках. Там, дзе ў выніку вайны ЗША прымяняла зброю з абедненым уранам, генетычныя змены і хваробы ў выніку невялікіх дозаў апраменьвання ў гэтых мышэй назіраліся на працягу 22 пакаленняў.

Як вядома, асноўнымі «доўгажывучымі» радыеактыўнымі элементамі, выкінутымі ў паветра ў выніку аварыі на ЧАЭС, з’яўляюцца цэзій–137, стронцый–90 і амерыцый–241. Перыяд паўраспаду гэтага варыянта цэзію — 33,5 гады, стронцыю–90 — 29 гадоў. Але гэта той тэрмін, за які элементы распадаюцца толькі напалову. Да таго ж, у выпадку распаду стронцыю–90 утвараецца радыеактыўны ітрый, які потым ператвараецца ў стабільны цырконій–90.

Стронцый–90 назапашваецца ў касцях, і вывесці яго з арганізму немагчыма. Хуткім часам мы пабачым шматлікія хваробы з-за «замяшчэння» ў касцях стронцыю на ітрый і цырконій. Тое ж самае з цэзіем–137, які «пасяляецца» ў цягліцах і пры распадзе ператвараецца ў барый.

Самы доўгажывучы элемент — амерыцый–241. Ягоны перыяд паўраспаду — 432 гады. Элемент дэманструе вельмі высокую рухомасць і добра раствараецца ў вадзе. Гэтыя якасці дазваляюць яму хутка разносіцца па органах з патокам крыві і асядаць у нырках, печані і костках. Пасля аварыі на ЧАЭС амерыцый–241 прысутнічаў не толькі ў атручаным паветры, але і асеў у глебе, у выніку чаго атрымаў магчымасць назапашвацца ў раслінах. Для наступных пакаленняў беларусаў гэта не вельмі радасная падзея…

Бомба запаволенага дзеяння

У той жа час Беларусь не толькі пачала гаспадарчую дзейнасць на забруджанай тэрыторыі, а ў дадатак да гэтай катастрофы яшчэ і будуе ў сябе атамную станцыю. Атамная станцыя апынаецца сур’ёзнай небяспекай, нават калі яна будзе працаваць у «безаварыйным» рэжыме. Справа ў тым, што і падчас «нармальнай» працы атамнай станцыі прысутнічаюць выкіды радыеактыўных рэчаў.

Той жа Крыс Басбі праводзіў грунтоўнае даследаванне выкідаў у атмасферу радыеактыўных рэчаў «нармальна працуючай» АЭС у брытанскім Сэлафілдзе. Пасля пачатку актыўнага дзеяння АЭС у 1983 годзе там узрасла колькасць лейкозаў. Мірныя і «стандартныя» выкіды «безаварыйна працуючай» АЭС выклікалі павелічэнне выпадкаў дзіцячай лейкеміі. Па падліках навукоўца, з пачаткам працы АЭС колькасць дзіцячых лейкозаў на прылеглай тэрыторыі павялічылася ў 4,2 разы. «Спецыялісты-атамшчыкі нам кажуць, што такога быць не можа: з нармальна працуючай атамнай станцыі радыеактыўныя выкіды мінімальныя, і доза апраменьвання мізэрная. Але мы на свае вочы бачым павелічэнне захворвання лейкеміяй. І інакш, як дзейнасцю АЭС, гэта не патлумачыш», — мяркуе Басбі.

Юры Варонежцаў лічыць, што галоўная небяспека дзеючай станцыі з рэактарам кшталту расійскага ВВЭР, якую маюць пабудавацца ў нас, — гэта «штатныя» выкіды ёду–131. Ёд–131 мае малы перыяд паўраспаду — 8 сутак, таму найбольшую небяспеку прадстаўляе на працягу першага месяца пасля таго, як патрапіць у навакольнае асяроддзе. З-за малога перыяду паўраспаду ён амаль імгненна ўздзейнічае на шчытападобную залозу чалавека. Нават невялікая колькасць радыеактыўнага ёду, які трапляе ў арганізм чалавека ў асноўным з ежай (асабліва з малаком), дрэнна адбіваецца на здароўі гэтага найважнейшага органа і можа выклікаць рак шчытападобнай залозы ў пажылым узросце.

Што ж тычыцца «невялікай колькасці», то тут Варонежцаў папярэджвае: «безаварыйная» АЭС выкідвае за год столькі ёду–131, што, калі распусціць яго ў малацэ, хопіць, каб забрудзіць 40 тысяч тон малака!

Так што, разам з АЭС нам трэба будаваць новы дзіцячы лейкемічны і ракавы цэнтр. А лепш, канешне, два.

Падвойная пагроза

Радыяцыя пасля Чарнобыльскай АЭС «распаўзлася» па ўсёй Беларусі. З прадуктамі харчавання, з пылам і дымам, любымі сродкамі, але зараз, па словах нябожчыка прафесара Івана Нікітчанкі, у краіне няма месцаў, дзе ў той ці іншай ступені радыяцыя б не прысутнічала. І гэта стварае небяспеку для ўздзеяння новых дозаў радыяцыі.

Па словах таго ж Крыса Басбі, навукоўцы праводзілі даследаванні таго, як рэагуюць жывёлы ў Чарнобыльскай зоне на дадатковае апраменьванне. На людзях, са зразумелых прычынаў, такія эксперыменты не ставіліся. Аказваецца, што жывёлы, якія адзін раз атрымалі «радыяцыйны ўдар» па сваім арганізме, нейкі дадатковы імунітэт альбо «устойлівасць да радыяцыі» не выпрацоўваюць. Наадварот — сітуацыя становіцца толькі горш. Той, хто патрапіў пад уздзеянне радыяцыі адзін раз, становіцца яшчэ больш чуллівы да наступнага ўздзеяння радыенуклідаў.

«Сапраўды, гэта супярэчыць здароваму сэнсу, але менавіта гэта паказалі вынікі даследаванняў. Чалавечы арганізм пасля аднаго ўздзеяння радыяцыі становіцца яшчэ больш чуллівым для наступнага ўздзеяння радыенуклідаў», — паведаміў Басбі.

Праўда, невядома, чаму Басбі заявіў, што гэта «супярэчыць здароваму сэнсу». Зразумела, што калі клеткі пашкоджаныя альбо хворыя, яны слабей супраціўляюцца знешняму ўздзеянню. І таму раз апраменены чалавек, сапраўды, будзе менш абаронены і больш «даступны» для далейшых разбуральных дзеянняў радыяцыі. І ніякіх супярэчанняў тут няма.

«Нам увесь час кажуць, што выкіды ад працуючай АЭС супастаўныя з тымі мізэрнымі выкідамі радыяцыі, якія ўтвараюць і звычайныя, паліўныя ТЭЦ. Паліўныя ТЭЦ, сапраўды, таксама выкідваюць мізэрныя дозы радыяцыі, але гэта «прыродныя» радыенукліды, з якімі чалавек жыве тысячагоддзямі. АЭС жа ўтвараюць «штучныя», тэхнагенныя радыенукліды, якіх няма ў прыродзе і да якіх няма «імунітэту», — адзначыў Юры Варонежцаў.

Такім чынам, атамная станцыя ў Астраўцы можа стаць каталізатарам росту тых хваробаў, якія звязаныя з радыеактыўным забруджваннем, — выпадкаў раку, лейкіміі і іншага, нават у тым раёне, які нібыта ад Чарнобылю і не пацярпеў.

Што рабіць?

Тым не менш, беларускія ўлады ўводзяць у абарачэнне і тэрыторыі, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, і будуюць сваю атамную станцыю. Небяспекаў у сувязі з гэтым хапае. Прымусіць уладу адмовіцца ад гэтых планаў амаль немагчыма. Што ж рабіць з забруджанымі тэрыторыямі?

Увогуле, па меркаванні Крыса Басбі, адзін раз атрымаўшым «ядзерны ўдар» па арганізме, беларусам трэба трымацца ад забруджаных тэрыторыяў як мага далей. Але, калі ўжо так карціць увесці радыеактыўна небяспечныя тэрыторыі ў дзеянне, то, на ягоную думку, зроблена гэта можа быць так, каб мінімізаваць наступствы ядзернай катастрофы для чалавека.

Напрыклад, прапануе ён, на забруджанай тэрыторыі можна паставіць ветравыя і сонечныя электрастанцыі. Гэта, канешне, дорага, але, паставіўшы іх адзін раз, можна забыцца на іх і атрымліваць з забруджанай тэрыторыі чыстую электрычную энергію. Балазе, радыяцыя праз ток не перадаецца. Можна таксама весці спецыфічную і «непрадукцыйную» сельгасвытворчасць: ёсць шэраг раслінаў, якія ўсмоктваюць радыяцыйныя рэчы. Напрыклад, эйхорнія, альбо «вадзяны гіяцынт», «забірае ў сябе» цяжкія металы і радыеактыўныя часцінкі. Пасля працэсу ачысткі яе трэба захоўваць як ядзерныя адкіды — настолькі моцна яна канцэнтруе ў сабе стронцый і цэзій. Затое вада пасля яе чыстая. Такімі раслінамі можна ачышчаць тэрыторыю, але потым давядзецца гэтыя расліны ўтылізаваць.

Карацей, шмат чым можна заняцца, але толькі не трэба разносіць радыяцыю па краіне.