Скандальныя нормы па стронцыі ў прадуктах харчавання дагэтуль не змянілі
Еўрарадыё высвятляла, ці ўдасканалены тэхрэгламент, дзе дазволена 13-разовае перавышэнне канцэнтрацыі стронцыю ў дзіцячым харчаванні.
Кур’ёзныя нормы ЕўрАзЭс па радыенуклідах у харчовых прадуктах дагэтуль не выпраўленыя.
Нагадаем, што тэхрэгламент Мытнага саюза №880, прыняты сёлета, дазволіў 13-разовае перавышэнне па стронцыі ў дзіцячым харчаванні і 5-разовае ― у малацэ. Ранейшыя беларускія нормы (так званыя РДУ-99) былі куды больш строгімі і забяспечвалі нам радыяцыйную бяспеку.
Скандальны тэхрэгламент Мытнага саюзу быў прыняты пры лёгкадумнасці беларускіх прадстаўнікоў у Еўразійскай эканамічнай камісіі і некампетэнтнасці расійскіх чыноўнікаў, якія чамусьці гэтыя нормы па стронцыі стваралі.
Летась Еўрарадыё размясціла на сваім сайце шэраг матэрыялаў наконт радыенуклідаў у прадуктах харчавання. Тады і выплыла вострая праблема з заканадаўствам Мытнага саюза.
У Еўразійскай эканамічнай камісіі Еўрарадыё патлумачылі, што змены ў скандальным тэхрэгламенце магчымыя. Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі (па даручэнні з Савета міністраў) падрыхтавала для Еўрарадыё адказ наконт таго, што рыхтуюцца матэрыялы, каб захаваць у Беларусі старыя нормы па стронцыі ― так званыя РДУ-99. З тае пары прайшло больш за тры месяцы.
“Гэтыя матэрыялы пакуль да канца не падрыхтаваныя. Таму яны не могуць быць прадастаўленыя прэсе, ― паведамляюць Еўрарадыё ў Дзяржаўнай спажывецкай інспекцыі па якасці і стандартызацыі. ― Матэрыял узгадняюць з зацікаўленымі ведамствамі, потым паспрабуюць увесці змены ў існуючыя законы Мытнага саюза. Канчаткова дапрацаваны матэрыял будзе, хутчэй за ўсё, цягам аднаго месяца ці нават хутчэй”.
Аднак гарантый, што праўкі па стронцыі ўсё ж будуць унесеныя ў тэхрэгламент №880, няма. Некампетэнтнасць пры стварэнні закона выявілі расійскія чыноўнікі, якія не звыклыя да таго, каб ім пярэчылі.
Калі Еўрарадыё даведалася аб прабелах ў заканадаўстве Мытнага саюза, мы папрасілі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС патлумачыць, чаму старыя беларускія нормы па радыенуклідах важна захаваць.
“Пры распрацоўцы РДУ-99 быў выкарыстаны сярэдні рацыён харчавання сельскіх жыхароў за 1998 год. Беларускім законам “Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва” ўсталяваныя межы доз выпраменьвання на тэрыторыі нашай краіны. Сярэдняя гадавая эфектыўная доза роўная аднаму мілізіверту. Гэтая мяжа адпавядае рэкамендацыям МАГАТЭ. Пры пераходзе да нормаў дзейнага тэхрэгламента Мытнага саюза №880, ужо на прававым узроўні закладваюцца перадумовы для парушэння беларускага заканадаўства, бо мяжа доз выпраменьвання для насельніцтва можа перавышаць 1 мілізіверт у год”.
Што праўда, у тэхрэгламенце Мытнага саюза праблемы ўзніклі толькі са стронцыем. Нормы па цэзіі ўсіх задаволілі.
Ящген Валошын, euroradio.fm