Сёння — 28-я гадавіна чарнобыльскай катастрофы
Чарговую гадавіну самай буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы дэмакратычная грамадскасць Беларусі адзначыць традыцыйным "Чарнобыльскім шляхам".
Першапачаткова планавалася шэсце ад кінатэатра "Кастрычнік" да Курапатаў і мітынг ва ўрочышчы, а таксама антыядзерны мітынг у парку Дружбы Народаў. Аднак гарадскія ўлады
забаранілі праводзіць акцыю ў такім фармаце, прапанаваўшы арганізатарам іншы маршрут, на які тыя вымушаныя былі пагадзіцца.
Збор удзельнікаў "Чарнобыльскага шляху" аб`яўлены на 16.00 каля кінатэатра "Кастрычнік". Шэсце пачнецца ў 16.30, а мітынг у парку Дружбы Народаў пройдзе з 17.30 да
18.30. Арганізатары акцыі не выключаюць магчымых правакацый з боку ўладаў. Прычынай для такіх апасенняў сталі затрыманні і арышты актывістаў апазіцыі, у тым ліку аднаго з арганізатараў
"Чарнобыльскага шляху", прадстаўніка кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Максіма Вінярскага. У знак пратэсту супраць незаконнага прыгавору ён аб`явіў сухую
галадоўку.
Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС узарваўся 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны. Нягледзячы на тое што станцыя размешчана ва Украіне, каля горада Прыпяць, больш як 70% радыенуклідаў
асела на тэрыторыі Беларусі. Ад наступстваў аварыі пацярпелі каля 2 млн. жыхароў краіны, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. З сельскагаспадарчага абароту выведзены 2 млн. 64 тыс. квадратных
кіламетраў сельгасугоддзяў.
Паводле звестак МНС, праз 28 гадоў пасля аварыі плошча забруджаных радыяцыяй тэрыторый Беларусі зменшылася ў 1,6 разу, да 30 тыс. кв. км радыеактыўнага забруджання. Забруджаныя тэрыторыі застаюцца ў
57 адміністрацыйных раёнах краіны, на якіх знаходзяцца 2 тыс. 393 населеныя пункты з насельніцтвам у 1,142 млн. чалавек.
З 2011 года ў Беларусі рэалізуецца ўжо пятая па ліку дзяржпраграма па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС, мэтай якой з`яўляецца забеспячэнне сацабароны грамадзян, якія жывуць у пацярпелых
раёнах, і рэабілітацыя забруджаных тэрыторый. У 2013 годзе на выкананне мерапрыемстваў гэтай дзяржпраграмы было выдзелена каля 3,3 трлн. рублёў.
Выступаючы сёлета з пасланнем да народа і парламента 22 красавіка, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што палітыку па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС плануецца скарэктаваць. "Мы
рэгіянальна будзем глядзець, як на Прыпяць у свой час паглядзелі і стварылі праграму развіцця прыпяцкага Палесся і ракі Прыпяць. Гэтак жа сама мы будзем па чарнобыльскіх рэгіёнах дзейнічаць, не
забываючы, вядома, канкрэтную падтрымку сялян, сельскай гаспадаркі і прамысловасці", — сказаў ён.
Гэтая тэма абмяркоўвалася і падчас рабочай паездкі Лукашэнкі па пацярпелых раёнах Магілёўскай вобласці.
"Мы доўга нічога не рабілі, усе пакутавалі і чакалі, што нам нехта дапаможа, нешта з неба можа ўпасці, — прызнаў кіраўнік дзяржавы 25 красавіка на нарадзе ў Клімавічах. —
Праз пэўны час мы паставілі пытанне аб рэабілітацыі пацярпелых тэрыторый, стварэнні ўмоў па бяспечным пражыванні людзей і абавязкова — актыўнага інтэнсіўнага развіцця гэтых тэрыторый у
сацыяльна-эканамічным плане".
Паводле слоў Лукашэнкі, змянілася і стаўленне саміх людзей, якія "ўжо не хочуць некуды ехаць". "Тут жывуць, будуюць жыллё, нараджаюць, выхоўваюць дзяцей, але самае галоўнае
— хочуць яснай перспектывы і канкрэтыкі. Не так, як гэта было 10—20 гадоў таму: будзем жыць ці не будзем. Людзі ведаюць, што будуць жыць, але патрэбна больш канкрэтная перспектыва
— як будуць жыць, дзе будуць працаваць", — сказаў ён.
Між тым, многія вучоныя і эколагі ўпэўненыя ў тым, што асвойваць чарнобыльскія землі, жыць там і весці сельскую гаспадарку нельга з-за шкоднага ўздзеяння радыяцыі на здароўе людзей.
Праблему негатыўнага ўздзеяння малых доз радыяцыі на жывы арганізм у свой час узнімаў доктар медыцынскіх навук, прафесар Юрый Бандажэўскі. У 1999 годзе ён быў зняты з пасады рэктара Гомельскага
дзяржаўнага медыцынскага інстытута, арыштаваны па падазрэнні ў атрыманні хабару і асуджаны на восем гадоў пазбаўлення волі. Аднак, на думку праваабаронцаў, сапраўднай прычынай арышту Бандажэўскага
стала яго нязгода з палітыкай уладаў па пераадоленні наступстваў аварыі на ЧАЭС.
Прафесар Бандажэўскі, які пасля шасцігадовага зняволення выехаў з Беларусі і зараз жыве ў Вільнюсе, упэўнены: для ратавання беларускай нацыі неабходныя карэнныя змены ў палітыцы і эканоміцы Беларусі.
На адной з міжнародных канферэнцый вучоны заявіў, што цяперашняя дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі "блізкая да катастрофы" з-за вялікага росту захворвання, якое прыводзіць да
павелічэння смяротнасці і зніжэння нараджальнасці.
Няўгодныя ўладам даследаванні праводзіў і член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Іван Нікітчанка, які трагічна загінуў у ДТЗ у лістападзе 2010 года. Некалькі гадоў таму група спецыялістаў пад
яго кіраўніцтвам распрацавала новую канцэпцыю бяспечнага пражывання людзей на постчарнобыльскіх тэрыторыях. Сутнасць канцэпцыі зводзіцца да таго, што радыенукліды шкодныя для арганізма ў любой
колькасці.
Прафесар Нікітчанка і яго паплечнікі прапаноўвалі ўладам адмовіцца ад дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў у харчовых прадуктах, паколькі цяперашнія нарматывы гарантуюць атрыманне людзьмі
доз радыяцыі. Нікітчанка накіраваў адпаведны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён застаўся без адказу.
БелаПАН