Балонскі працэс і двоечнікі
У 2015 годзе ў Беларусі ёсць шанец яшчэ раз паспрабаваць далучыцца да Балонскага працэсу. Але эксперты канстатуюць: істотных зменаў не адбылося. Ці варта ў такім разе прынімаць Беларусь у Балонскі працэс?
Заяўку на ўступленне Беларусі ў Балонскі працэс павінны былі разгледзець міністры адукацыі краін-удзельніц Еўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі на саміце ў Бухарэсце ў
2012 годзе. Аднак «беларускае пытанне» было знята з парадку дня. Прычына — Беларусь не прытрымліваецца такіх асноўных прынцыпаў, як акадэмічная свабода,
інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраванні вышэйшай адукацыяй.
Свободные новости плюс пацікавіліся ў экспертаў ці адбыліся за гэтыя два гады істотныя змены ў сістэме адукацыі. А калі не, ці варта ў
такім разе Еўропе прынімаць Беларусь у Балонскі працэс, прыкрыўшы вочы на некаторыя неадпаведнасці, у разліку, што яна выправіцца па ходу?
Андрэй Лаўрухін, былы выкладчык ЕГУ, чалец Грамадскага Балонскага камітэта лічыць — шанцы ёсць:
— Нават нягледзячы на тое, што ўсе праблемы, якія раней тармазілі ўступленне, засталіся. Бо некаторыя краіны Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, дзе аўтарытарная сістэма ў чымсьці
яшчэ і больш жорсткая, чым у Беларусі, з'яўляюцца краінамі-ўдзельніцамі працэсу. На мой погляд, Беларусь у 2015 годзе можа туды праскочыць.
Але тут галоўнае — не сам факт ўступлення, хоць і гэта даволі істотна (таму што наша неўступленне стала ўжо легендарным). Галоўнае — што будзе пасля... У тых жа Расіі,
Казахстане, напрыклад, у асноўным на фармальным узроўні ўсё прынцыпы, працэдурныя моманты адпавядаюць Балонскім патрабаванням. Але капні глыбей — узнікае маса праблем. І асабліва з тым, што
называецца "еўрапейскімі каштоўнасцямі". Тым не менш, ёсць прадчуванне, што ў 2015 годзе Беларусь можа ўступіць у Балонскі працэс. У прынцыпе — гэта
пазітыўны крок. Але ён можа стаць новым этапам імітацыі.
І вось тут шмат што залежыць ад акадэмічнай супольнасці. Ці пагадзіцца яна падыгрываць гэтай імітацыі, ініцыятарам якой будзе адміністрацыя ВНУ і Міністэрства адукацыі? Праглынуць усё тое, што
будзе падавацца як універсітэцкае самакіраванне, калі рэктараў прызначаюць?
Возьмем менавіта гэты прынцып: выбарнасць кіраўнікоў на адміністрацыйныя пасады. Расія, да прыкладу, у Балонскім працэсе. Але ёсць два дзяржаўных ВНУ, у якіх рэктара прызначае
прэзідэнт Расіі — Маскоўскі дзяржаўны і Санкт-Пецярбургскі. Не было абурэння, ніхто з еўрапейскіх чыноўнікаў не стаў пагражаць, што парушаюцца асноўныя прынцыпы і краіну могуць выключыць з
Балонскага працэсу — таму што гэта немагчыма.
Гэта значыць уступленне ў Балонскі працэс — справа больш лёгкая, чым тыя істотныя трансфармацыі і рэформы, якія, па логіцы, павінны адбыцца пасля адабрэння заяўкі.
Палітолаг Юрый Чавусаў таксама лічыць, што ніякага значнага прагрэсу ў рэфармаванні сістэмы адукацыі Беларусі не адбылося:
— Недахопы, якія адзначаліся ў якасці падстаў для папярэдняга неўключэння, засталіся. Гэта і татальны дзяржаўны кантроль за акадэмічнай сферай, і адсутнасць акадэмічных свабодаў,
студэнцкага самакіравання...
З другога боку, вядома, што ў Еўропе ёсць зараз настроі на паляпшэнне адносін з Беларуссю і, скажам так, на інтэграцыю Беларусі ў тыя еўрапейскія сістэмы, якія не
звязаны з палітычнымі пытаннямі, але могуць садзейнічаць еўрапеізацыі Беларусі. Калі мы паглядзім, да прыкладу, на спісы праектаў Міжнароднай тэхнічнай дапамогі, якія нядаўна зацверджаны урадам, то
як раз на бліжэйшыя два галы на супрацоўніцтва беларускай сістэмы адукацыі з еўрапейскімі універсітэтамі, і ў цэлым на адукацыйныя праекты дзяржаўнай накіраванасці атрымана даволі шмат фінансавання
за кошт Міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Гэта сведчыць, што ёсць энтузіязм і з боку беларускіх афіцыйных уладаў усё ж такі інтэграваць краіну ў Балонскі працэс, не рэфармуючы сістэму
адукацыі карэнным вобразаў. Гэта значыць атрымаць выгады, не страціўшы кантролю.
А з трэцяга боку, у еўрапейскіх палітыкаў прадчуванне, што пазітыў у гэтым кірунку можа стаць той вяхой, якая дасць магчымасць гаварыць хоць пра нейкія поспехі еўрапейскай
палітыкі ў напрамку Беларусі. Хай невялікае, але дасягненне, якое заменіць сабой адсутнасць прагрэсу, напрыклад, ва Усходнім партнёрстве, у дыялогу па мадэрнізацыі.
У рамках праекта «Рэфорум», які рэалізуецца Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў, рэфармаванне адукацыйнай сферы пазначана ў якасці аднаго з двух
прыярытэтаў для працы экспертных груп.
Так што ў наступным годзе нас чакаюць цікавыя падзеі. Я прагназую, што спроба трапіць у Балонскі працэс будзе ўдалай. Крытыка крытыкай, але ў прынцыпе да яе ўжо не будуць прыслухоўвацца, як
раней.
Галоўны рэдактар партала generation.by Юры Сідун таксама лічыць: цяпер для Беларусі абставіны складваюцца вельмі ўдала.
— У любым выпадку, гэта добра, што Беларусь далучыцца да еўрапейскіх тэндэнцый. Але ўсе ж разумеюць: гэта дэкарацыя. Тым не менш хочацца верыць, што нейкія пазітыўныя зрухі будуць.
Магчыма, з уступленнем пачнецца нейкі імпульс. Да прыкладу, беларускія студэнты, а таксама чыноўнікі ад адукацыі будуць больш мець зносіны з еўрапейскімі партнёрамі. Калі цяпер
паглядзець сайты беларускіх навучальных устаноў, большасць кантактаў зводзіцца да Расіі і да краін так званага «трэцяга свету». Будзем спадзявацца, што ў выпадку далучэння да
Балонскага працэсу, простых чалавечых кантактаў з еўрапейцамі стане больш, і гэта ў любым выпадку пазітыўна.
На сёння яго ўдзельнікамі з'яўляюцца 47 краін, у тым ліку Расія, якая атрымала сяброўства ў 2003 годзе, Азербайджан, Арменія, Грузія, Украіна (ўступілі ў 2005 годзе) і іншыя. Самым «маладым» лічыцца Казахстан (уключаны ў спіс у 2010 годзе).
Пераклад НЧ