Беларусь хутка перастане імкнуцца да нейтралітэту. Навошта гэта Лукашэнку?
Прыбраць з праекта новай Канстытуцыі Беларусі норму пра імкненне краіны да нейтралітэту загадаў Аляксандр Лукашэнка. Што давала наяўнасць нейтралітэту ў асноўным законе і што цяпер зменіцца, высвятляла DW.
Канстытуцыйная камісія да 1 верасня прадставіць на
разгляд беларускаму кіраўніку дапрацаваны праект новага асноўнага закона
Беларусі. Але ўжо цяпер ясна, што ў ім не будзе нормы аб імкненні краіны да
нейтралітэту, замацаванай у дзеючай Канстытуцыі.
«Нейтралітэту няма фактычна, — заявіў Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з журналістамі, нагадаўшы, што Беларусь уваходзіць у АДКБ і Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС). — Таму тут два варыянты: або мы вызначаем у канстытуцыі, што мы не нейтральныя, альбо ўвогуле туды нічога не запісваем».
Што азначала норма аб імкненню Беларусі да нейтралітэту?
Беларускі эксперт па пытаннях абароны і бяспекі Аляксандр Алесін з усмешкай прыгадвае, што пры падрыхтоўцы Канстытуцыі 1994 года задаваў пытанне тагачасным вышэйшым кіраўнікам дзяржавы — як імкненне краіны да нейтралітэту спалучаецца з яе сяброўствам у АДКБ, дагавор аб стварэнні якога Мінск падпісаў у маі 1992 года: «Быў такі адказ: “Мы ж імкнемся, мы знаходзімся ў працэсе”». Сёння гэту норму Алесін называе рудыментам першай Канстытуцыі Беларусі.
«Яна ніколі, па сутнасці, не выконвалася. Яе ўнеслі ў Канстытуцыю, каб падкрэсліць жаданне Беларусі мець пазаблокавы статус, гуляць ролю свайго роду геапалітычнага мосту паміж Захадам і Усходам. Аднак з прыходам да ўлады Лукашэнкі сітуацыя радыкальным чынам змянілася», — тлумачыць, працягваючы экскурс у гісторыю, Павел Усаў, кіраўнік Варшаўскага Цэнтра палітычнага аналізу і дарадца па палітычных пытаннях нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ). Пры гэтым палажэнне аб нейтралітэце, упэўнены Усаў, як і Канстытуцыя ў цэлым, не ўплывалі на тое, што адбываецца ў краіне і на яе геапалітычныя прыярытэты.
Між тым Аляксандр Алесін у інтэрв'ю DW падкрэсліў, што з самага пачатку сваёй суверэннай гісторыі Беларусь аказалася на геапалітычным разломе — з аднаго боку, краіна была ўдзельнікам праграмы НАТА «Партнёрства дзеля міру», з другога — Лукашэнка перамог на выбарах, абяцаючы збліжэнне з Расіяй. «Ужо тады стала ясна, што гэта проціборства наўрад ці сумяшчальна з нейтралітэтам, Расія і Захад будуць імкнуцца перацягнуць Мінск на свой бок», — адзначае Алесін.
Хроніка нейтралітэту
Паводле Аляксандра Алесіна, для РФ Беларусь — гэта ахоўны бастыён і плацдарм для наступу, а для Захаду і Польшчы — частка своеасаблівага буфера: «Нейтралітэт грунтуецца на жаданні суседзяў прызнаваць гэты статус той ці іншай дзяржавы, а нашы суседзі дэ-факта яго адразу паставілі пад сумнеў. Пасля таго ж, як Лукашэнка, змяніўшы пад сябе Канстытуцыю ў лістападзе 1996 года, пакінуў у ёй такую норму, стала відавочна, што гэта проста дэкаратыўная рэч на фасадзе дзяржавы».
Паводле ацэнкі Алесіна, гэта было зроблена, магчыма, для таго, каб «пазлаваць Расію» — паказаць, што Мінск можа рухацца не толькі на Усход, але здольны і «вісець паміж двума цэнтрамі сілы». Зародкі будучай беларускай палітыкі шматвектарнасці выявіліся ўжо тады, канстатуе аналітык.
Аднак у снежні 1999 года быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы (СД), які ўключае і стварэнне адзінай абароннай прасторы. Той факт, што Мінск стаў часткай праекта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, цалкам памяняў геапалітычную канфігурацыю — і на гэтым імкненне краіны да нейтралітэту канчаткова скончылася, перакананы Павел Усаў. У рамках СД, працягвае ён, была створана так званая рэгіянальная групоўка войскаў, якая робіць Беларусь больш залежнай ад Расіі, чым нават сяброўства краіны ў АДКБ, якая да апошняга часу заставалася хутчэй палітычнай арганізацыяй без ясных стратэгічных мэтаў.
Са свайго боку Алесін дадае, што Лукашэнка ўсё ж доўга не згаджаўся даваць падраздзяленні для калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР), створаных у 2009 годзе ў рамках АДКБ. Але Расія дамаглася гэтай саступкі: «Вось гэта быў рэальны паказчык нашага нейтралітэту. Нам недвухсэнсоўна паказалі, дзе праходзіць наша абаронная прастора».
На што паўплывае адмова ад нейтралітэту і навошта ён патрэбны
Але калі норма аб імкненні да нейтральнага статусу насіла выключна дэкларатыўны характар, навошта яе цяпер дэманстратыўна прыбіраць з праекта новай Канстытуцыі? Геапалітычная сітуацыя змянілася, мяркуе Усаў: «Лукашэнка хоча падкрэсліць — у рамках палітычнага гандлю з Расіяй — тое, што Беларусь здымае з сябе якія-небудзь абавязацельствы перад Захадам і дэманструе поўную ўключанасць у стратэгічныя прыярытэты Масквы. Гэта перш за ўсё крок у бок аплаты запазычанасці за тое, што Расія падтрымала рэжым Лукашэнкі ў крытычны момант у жніўні 2020 года».
У рэальнасці ж норма аб імкненні да нейтралітэту сапраўды ні на што не ўплывала, і пасля яе выключэння з Асноўнага закона нічога не зменіцца, упэўнены мінскі міжнародны аглядальнік Андрэй Фёдараў: «Усё залежала і цяпер залежыць ад намераў і дзеянняў вышэйшага кіраўніцтва краіны. А яны вядомыя». Пры наяўнасці побач аўтарытарнай Расіі Беларусь, наракае ў гутарцы з DW Павел Усаў, не змагла стаць паўнавартаснай дэмакратычнай і нейтральнай дзяржавай, заўсёды адчуваючы на сабе дэструктыўны ўплыў Масквы. Цяпер жа, ва ўмовах супрацьстаяння Расіі і Захаду, развагі аб нейтралітэце для Мінска немагчымыя.
Для апісання цяперашняй сітуацыі Аляксандр Алесін выкарыстаў вобраз металічнай пласцінкі, якая знаходзіцца ў полі дзеяння двух магнітаў: «Яна можа заставацца паміж імі пры ўмове, што напружанасць абодвух магнітаў — у дадзеным выпадку Захаду і Расіі — роўная. Захад тут пакуль прайграў, Беларусь прыцягнула да сябе Масква, заставацца паміж двума геапалітычнымі цэнтрамі сілы ўжо не атрымаецца. Я думаю, усведамленнем таго факту, што нас зацягнулі на Усход, і дакументальным пацвярджэннем яго і з'яўляецца адмова ад імкнення Мінска да нейтральнага статусу. Ва Украіне мы бачылі іншы працэс, там Захад апынуўся мацней».