Беларусь пад нямецкай акупацыяй

На тэлеканале «Белсат» — прэм’ера. Новы дакументальны фільм «Беларусь пад нямецкай акупацыяй (1941–1944)» маладога рэжысёра Антося Цялежнікава.

Трэйлер фільма «Беларусь пад нямецкай акупацыяй (1941–1944)» выклікае неадназначную рэакцыю. Ужо можна чакаць, што на аўтара абрынецца шквал крытыкі, асабліва ад тых, хто з цяжкасцю прымае меркаванні, адрозныя ад агульнапрынятых. Што прымусіла ўзяцца за такую неадназначную тэму, расказвае сам рэжысёр.

— Гэта спроба распавесці на працягу крыху больш дзвюх гадзін пра найбольш драматычны перыяд гісторыі Беларусі — нямецкую акупацыю 1941–1944 гадоў, першая спроба ў дакументальным кіно разглядзець гэту тэму як мага больш аб’ектыўна.
— Гісторыя другой сусветнай вайны дастаткова няпростая і спрэчная. Чаму менавіта такая тэматыка?
— Я з юнацтва вельмі цікаўлюся гэтай тэмай. Маё ўяўленне цалкам змянілася ад таго, як падавалася нам другая сусветная вайна ў школе ды ў безлічы фільмаў і кніг. Тэма так званай «Вялікай Айчыннай» сталася ідэалагічнай зброяй у савецкай сістэме. Безумоўнасць, з якой усхвалялася перамога СССР над Германіяй і гераізм савецкага народу, не пакідала месца для альтэрнатыўнага пункту гледжання. Вельмі часта розныя падзеі гэтага часу фабрыкаваліся на карысць савецкай ідэалагічнай лініі. Таму, сутыкнуўшыся з шэрагам публікацый, якія паказвалі зусім іншы погляд на гэтую тэму, я быў агаломшаны. Натуральна, стварэнне падобнага фільму палічыў проста неабходным. Я гатовы да ўсялякай рэакцыі і разумею, што для сярэдняга беларускага абывацеля змест фільму можа быць нават шакуючым. Самае істотнае для мяне — данесці альтэрнатыўную і максімальна аб’ектыўную карціну не такіх ужо і далёкіх падзеяў з гісторыі нашай краіны.
— Што выкарыстоўвалася ў якасці факталагічнага матэрыялу?
— Гістарычнай асновай для стварэння фільму сталася кніга гісторыка Юрыя Туронка «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» — адна з найлепшых прац на дадзеную тэму. Работа над фільма пачалася яшчэ год таму, найбольш часу заняла збіранне кіна- і фотаматэрыялаў, дакументаў.
— Асабіста з вашых сваякоў нехта ўдзельнічаў тады ў баявых дзеяннях?
— Большасць маіх сваякоў падчас акупацыі былі яшчэ дзецьмі. Гэта былі звычайныя жыхары беларускіх вёсак, але былі і тыя, хто ваяваў на фронце на савецкім баку. Сваякі ўзгадвалі ў размовах нямецкія карныя акцыі. Яны жылі ва Усходняй Беларусі, дзе не панавала цывільная адміністрацыя, таму ім давялося пабачыць шмат непрыемнага.